Top.Mail.Ru

Адкрыццё новай абласной бальніцы ў Гродне дазволіла аптымізаваць структуру аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву ўсяго рэгіёна

На сусветным узроўні

Гродзенскую абласную клінічную бальніцу адкрыў ва ўрачыстай абстаноўцы 5 чэрвеня гэтага года Аляксандр Лукашэнка. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы тэрмін яе ўзвядзення быў паскораны, і замест запланаваных больш як чатырох гадоў новы аб'ект аховы здароўя пабудавалі за два. Ды яшчэ які! Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, сярод якіх былі ўрачы, супрацоўнікі бальніцы і будаўнікі, Прэзідэнт падкрэсліў, што атрымаўся сучасны медыцынскі комплекс сусветнага ўзроўню. У той жа час ён зроблены без празмернасцяў, але аптымальна для аказання якаснай дапамогі. 

Так і адбываецца на практыцы, пацвердзілі ў галоўным упраўленні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, дзе адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная інсульту — небяспечнаму стану, які патрабуе тэрміновай медыцынскай дапамогі.

Каб дасягнуць максімальнага эфекту

У сувязі з адкрыццём абласной клінічнай бальніцы неўралагічнае аддзяленне для пацыентаў з парушэннем мазгавога кровазвароту цяпер будзе размяшчацца не ў цэнтры рэабілітацыі, а ў новай медустанове. Інсульт часта патрабуе ўмяшання шырокага спектра ўрачоў, і ў абласной бальніцы ёсць увесь неабходны комплекс. Акрамя таго, будзе інакш арганізавана маршрутызацыя гродзенскіх пацыентаў, паведаміла намеснік галоўнага ўрача Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Вікторыя КАРПУЦЬ:

— Для своечасовага аказання дапамогі і дасягнення максімальнага эфекту ад тэрапіі прынцыпова важна, каб лячэнне праходзіла ў шматпрофільным стацыянары. У гэтым выпадку працуе зладжаная каманда спецыялістаў, здольная аказаць пацыенту комплексную мультыдысцыплінарную падтрымку. Пацыент з інсультам — гэта не проста неўралагічны хворы, якому

патрабуецца дапамога толькі аднаго ўрача. Часта ў такіх людзей назіраюцца спадарожныя паталогіі: парушэнні сардэчнага рытму, цукровы дыябет, збоі ў ліпідным абмене і праблемы з дыханнем. Барацьба з гэтымі станамі патрабуе ўцягвання медыкаў сумежных спецыяльнасцяў: кардыёлагаў, эндакрынолагаў, пульманолагаў, рэаніматолагаў і сасудзістых хірургаў.

Менавіта такі комплексны мультыдысцыплінарны падыход да аказання спецыялізаванай дапамогі дае чалавеку шанц на хуткае аднаўленне і вяртанне да звыклага ладу жыцця.

— Аб’яднанне рэсурсаў шматпрофільнага стацыянара з профільнай неўралагічнай службай дазволіла значна павысіць якасць лячэння пацыентаў з інсультам, зрабіла яго больш эфектыўным і арыентаваным на раннюю рэабілітацыю, — адзначыла Вікторыя Карпуць.

Дыягнаставаць «УДАР»

Распазнаваць сігналы, якія гавораць аб інсульце, павінны ўмець не толькі медыкі, але і простыя грамадзяне, якія апынуліся побач з пацярпелым.

Для першаснай дыягностыкі інсульту існуе простае і эфектыўнае мнеманічнае правіла — «УДАР» (у міжнароднай практыцы выкарыстоўваецца абрэвіятура FAST), нагадалі медыкі. Гэты нескладаны алгарытм дапамагае адразу распазнаць першыя прыкметы сасудзістай катастрофы нават чалавеку без медыцынскай адукацыі.

Літара «У» азначае ўсмешку: калі ў чалавека падазраецца інсульт, неабходна папрасіць яго ўсміхнуцца. Пры наяўнасці паталогіі ўсмешка стане асіметрычнай ці «крывой» за кошт таго, што ў пацыента апускаецца вугалок рота.

Літара «Д» адказвае за дзеянне. Чалавека просяць прыпадняць абедзве рукі да ўзроўню грудзей, і пры інсульце адна з рук пачынае самаадвольна апускацца або зусім перастае слухацца.

Наступая літара — «А» — азначае артыкуляцыю. Змазаная, невыразная гаворка, няздольнасць вымавіць простую фразу, прывітацца ці прадставіцца, а таксама поўная адсутнасць рэакцыі на зварот відавочна паказваюць на бяду.

Нарэшце, «Р» — гэта рашэнне. Калі супала хоць бы адна з гэтых прыкмет, неабходна прыняць максімальна хуткае рашэнне і неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.

Не губляць ні хвіліны!

У сітуацыі з інсультам час адыгрывае вырашальную ролю, бо чым раней пацыент звернецца па медыцынскую дапамогу, тым вышэйшая верагоднасць мінімізаваць найцяжкія наступствы захворвання.

Пры блакаванні сасуда тромбам у галаўным мозгу парушаецца кровазварот і пашкоджаны ўчастак тканкі пачынае імкліва адміраць і размякчацца. Чым больш часу праходзіць ад моманту з’яўлення першых сімптомаў да пачатку тэрапіі, тым горшыя прагнозы для здароўя і жыцця чалавека. Менавіта таму як для самога пацыента, так і для медыкаў крытычна важна ўчапіцца за гэты вельмі абмежаваны прамежак часу.

«Зялёны калідор» і «залатая гадзіна»

Для выратавання такіх хворых у сістэме аховы здароўя арганізаваны так званы «зялёны калідор», дзе ўсе дзеянні экстранных службаў распісаны літаральна па хвілінах.

З моманту паступлення званка на пульт дзяжурнага выклік перадаецца свабоднай брыгадзе на працягу 5 хвілін. На прыезд хуткай дапамогі да пацыента адводзіцца не больш за 20 хвілін. Прыбыўшы на месца, медыкі трацяць каля 15 хвілін на агляд, адзнаку стану і дыферэнцыяльную дыягностыку. У агульнай складанасці з моманту выкліку да дастаўкі пацыента ў спецыялізаваную медыцынскую ўстанову павінна прайсці не больш за 60 хвілін.

«Залатая гадзіна» дае ўрачам рэальны шанц на паспяховае правядзенне тэрапіі і наступнае ранняе аднаўленне

чалавека. Пацыенту праводзяць нейравізуалізацыю і рэперфузійную тэрапію. Пад гэтым складаным тэрмінам хаваюцца трамбалітычная тэрапія і механічнае выманне тромба, якія сёння прызнаныя «залатым стандартам» выратавання людзей пры ішэмічным інсульце.

Інсульт імкліва «маладзее»

Сёння спецыялізаванае аддзяленне стацыянара разгорнута на 60 ложкаў для лячэння пацыентаў з інсультамі, амаль усе яны заняты, таксама 12 ложкаў у рэанімацыі, расказала Вікторыя Карпуць:

— З цягам часу фраза аб тым, што гэта хвароба імкліва «маладзее», на жаль, цалкам сябе апраўдвае. Калі раней асноўную групу рызыкі складалі людзі сталага ўзросту, то цяпер урачы ўсё часцей сутыкаюцца з пацыентамі, якім ледзь споўнілася сорак. У гэтым кірунку праведзена мноства медыцынскіх даследаванняў, і ўсе яны сыходзяцца ў адным: на першы план выходзіць прафілактыка фактараў рызыкі. Да катастрофы прыводзяць артэрыяльная гіпертанія, некантралюемыя сардэчна-сасудзістыя паталогіі, парушэнні ліпіднага абмену, а таксама наш звыклы лад жыцця і залішняя маса цела. Своечасовае выяўленне і ўстараненне гэтых пагроз здольны не толькі палепшыць агульныя паказчыкі здароўя насельніцтва, але і змяніць статыстыку сярэдняга ўзросту хворых.

Гаворачы аб самых маладых пацыентах Гродзеншчыны, урачы падкрэсліваюць, што інсульты бываюць рознымі па сваёй прыродзе. Напрыклад, гемарагічны інсульт, або кровазліццё, адбываецца ў выніку разрыву сасуда. Часта гэта прыроджаная паталогія. Яркім прыкладам служыць субарахнаідальнае кровазліццё, пры якім рвецца прыхаваная анеўрызма. Такая сасудзістая катастрофа можа здарыцца з-за фізічнай нагрузкі і ў дваццаць гадоў, і нават у дзіцячым узросце, калі дзіця ці малады чалавек проста не ведае аб наяўнасці ў сябе небяспечнай прыроджанай анамаліі.

Калі казаць аб класічным ішэмічным інсульце, звязаным з тромбам, то і тут межы ўзросту размываюцца. Літаральна нядаўна ў рэанімацыйным аддзяленні абласной клінічнай бальніцы ў цяжкім стане знаходзіўся пацыент, якому споўнілася ўсяго сорак гадоў.

Таксама ў зоне рызыкі людзі, якія пакутуюць ад мігрэні. Гэта звязана як з наяўнасцю ўжо існуючай паталогіі, так і з сімптаматыкай мігрэні. Яе прыступ шмат у чым падобны на інсульт (пацвярджаю як чалавек, які пакутуе на гэта захворванне). Таму важна пры любой незвычайнай плыні прыступу выклікаць хуткую дапамогу. Калі адчуваеце, што прыступ працякае па-іншаму, найлепш перастрахавацца.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю