Top.Mail.Ru

Адкуль пачынаецца Нёман?

Персанальныя фотавыстаўкі для Мінска не рэдкасць — аўтары маюць магчымасць рэгулярна праводзіць творчыя справаздачы. Калі-нікалі ладзяцца вялікія выставачныя праекты, дзе розныя фотаграфы знаёмяць са сваімі напрацоўкамі. Часцей гэта адбываецца на фестывалях і конкурсах, якія дазваляюць выстаўляцца і жывапісцам, і скульптарам, і майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва... А вось экспазіцый, дзе б плён прадстаўляў калектыў фатографаў, зусім мала.


Вынік якраз супольнай работы — выстаўка «Пачатак Нёмана» ў мастацкай галерэі Інстытута тэалогіі БДУ. З новымі творамі пазнаёмілі Альберт Цэхановіч і Вольга Сяргеева, а таксама фатограф-пачатковец Ілья Савянкоў. Для маладога чалавека гэты праект дэбютны, хоць фотаздымкі і тэхніка, у якой яму давялося папрацаваць, не выяўляе ў ім навічка. Так, усе работы выкананы ў рэдкай сёння тэхніцы брамойль — дакладней, у яе сучаснай інтэрпрэтацыі: па сярэбраным адбітку на фотапаперы наносіцца алейная мастацкая фарба, далей — прапрацоўка і выдзяленне значных дэталей выявы... 

Знаёмства Альберта Цэхановіча і Вольгі Сяргеевай з Ільёй Савянковым, далучэнне маладога калегі да работы ў розных фатаграфічных тэхніках, сумесныя паездкі і здымкі, друк фатаграфій на фотапавелічальніку, агульная праца ў майстэрні — усё гэта паспрыяла таму, каб выстаўка адбылася. «Пачатак Нёмана» адлюстроўвае зімовыя (іх здымалі Альберт Цэхановіч і Вольга Сяргеева) і вясновыя (за іх у экспазіцыі адказваў Ілья Савянкоў) краявіды Уздзеншчыны (Мінская вобласць). На фотаздымках — наваколлі вёсак Верх-Нёман, Даўгінава, Вясёлае, Лоша, Кухцічы і Наднёман, пэўна, нават для жыхароў гэтых паселішчаў амаль непазнавальныя, відазмененыя аўтарамі фота.

Канцэпцыю выстаўкі можна тлумачыць па-рознаму, але ў пэўнай ступені кожная трактоўка зводзіцца да паняцця «вытокі». Тут і прамое значэнне: гаворка ідзе пра Нёман як пра адзіную беларускую раку, якая пачынаецца ў Беларусі і ўпадае ў мора, а яе выток геаграфічна размешчаны ва Уздзенскім раёне. Што да пераноснага сэнсу, то тут аўтары запрашаюць да роздумаў аб залежнасці людзей, якія жывуць на адведзенай ім тэрыторыі, ад улады вялікай прыроды, аб лёсе чалавека, прывязнага да пэўнага кавалку зямлі, аб быцці вёскі — у мінулым і сёння. Аднак гэта толькі здагадкі, бо ў работах аўтараў, на шчасце, адсутнічае прамалінейнасць выказвання. Гэта глыбокія творы фотамастацтва, здольныя зачараваць патаемнай сілай, схаванай нават у самых, як можа камусьці здацца, сціплых пейзажах. 

Наведаць выстаўку «Пачатак Нёмана», куратарам якой выступае Альберт Цэхановіч, можна да 31 сакавіка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю