У гэтым свеце ўсялякае бывае. Іншы раз такое здараецца, што і знарок не прыдумаеш.
А вось гэта гісторыя адбылася аднойчы ў нашым горадзе. Іван Анісімавіч Кругляк, як і многія мужчыны, меў, акрамя жонкі, яшчэ і палюбоўніцу. Прычым быў чалавекам разважлівым, дзейнічаў па прынцыпе: «Воўк у сваіх мясцінах авечку не чапае». Таму сяброўку сваю, якую ласкава называў Ніначка, завёў на другім канцы горада. Працавала яна ў калектыве вялікага прадпрыемства. Гэта выключала знаёмства з законнай палавінай Івана Анісімавіча Лідай. Усё ішло выдатна: Іван Анісімавіч кіраваў канторай, слыў узорным сем’янінам і цудоўна бавіў час са сваёй Ніначкай.
Аднойчы жонцы Івана Анісімавіча прапанавалі пуцёўку ў санаторый «Буг». Яна доўга не раздумвала, паехала. Праз некаторы час Іван Анісімавіч даведаўся, што і яго Ніначка таксама накіравалася паправіць здароўе ў тым жа «Бугу». Але ён не хваляваўся, бо добра ведаў, што кабеты не знаёмыя. А сам рашыў адпачыць ад сямейных клопатаў і любошчаў, парыбачыць пасля работы.
Час ляціць хутка. Вярнуліся кабеты з санаторыя. Жонка Ліда прывезла стос фотаздымкаў, дзе яна была сфатаграфавана ў кампаніі з іншымі жанчынамі. Весела расказвала, як бавілі час, давала характарыстыку іншым жанчынам, якія былі на здымках. На адным з іх была і Ніначка.
— Такая ўжо гуляшчая! — казала пра яе Ліда. — Амаль кожны дзень была з новым мужчынам, хоць сама такая дурніца!..
Іван Анісімавіч заступіцца, зразумела, не мог. Але на другі дзень паімчаў да сваёй Ніначкі. Тая таксама стала паказваць фотаздымкі і даваць характарыстыкі іншым жанчынам. Дайшла чарга і да жонкі Івана Анісімавіча — Ліды.
— Надзвычай сціплая жанчына! — сказала пра яе Ніна. — Як прыехала з мужам, дык цэлы месяц толькі з ім і цешылася...
Міхась СЛІВА