Top.Mail.Ru
150

Аднаўленне дома, які пацярпеў пры НС у Гомелі, будзе праходзіць у два этапы

Далейшы лёс гомельскай шматпавярхоўкі па вул. Косарава, пацярпелай пры надзвычайнай сітуацыі, абмеркавалі на пасяджэнні штаба па ліквідацыі наступстваў НС, работу якога ўзначаліў старшыня аблвыканкама Іван Крупко, паведамляе БелТА.



«Абмеркаваны канкрэтныя планы і праграмы на бліжэйшы тыдзень, месяц менавіта тэхнічнага характару. Выпрацавана стратэгія. Зараз праектны інстытут распрацоўвае праект па капітальным рамонце дадзенага дома», — расказаў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Бараноўскі.

«Аднаўленне дома будзе праходзіць у два этапы. Першы этап — той бок, які падвергнуўся разбурэнню. Другі этап — бок, дзе патрабуюцца пэўныя работы па прывядзенні ў адпаведнасць сетак, якія агароджваюць канструкцыі. Варыянты ўсе вызначаныя», — удакладніў ён. 

Па словах намесніка старшыні аблвыканкама, ужо сёння пачалі вырабляць неабходныя канструкцыі. «Больш за 100 элементаў патрабуецца вырабіць. І па выхадзе гэтых вырабаў будуць планавацца работы па мантажы. Домабудаўнічы камбінат ужо прыступае да падрыхтоўчых работ на самім доме паралельна з вырабам панэляў. І ў цэлым у бліжэйшы час мы апублікуем графік работ, каб людзі бачылі, калі можна (будзе. — Заўв. БелТА) засяліцца ў свае кватэры», — адзначыў Андрэй Бараноўскі.

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў: «Аднаўленчыя работы павінны быць праведзены ў максімальна сціснутыя тэрміны. Сабраць дом трэба аж да аздаблення, вярнуўшы яму першапачатковы выгляд. Пры неабходнасці будаўнікі павінны перайсці на ўзмоцнены графік работы».

Паралельна ідзе і індывідуальная работа па вырашэнні тых пытанняў, якія хвалююць жыхароў. «Усе жыхары трэцяга пад’езда расселеныя. З кожным праводзіцца індывідуальная работа, юрыдычная і іншая па аказанні разнастайнай дапамогі, (у тым ліку. — Заўв. БелТА) і інш. Працуюць і грамадскія арганізацыі, Беларускі Чырвоны Крыж у першую чаргу», — зрабіў акцэнт старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў. 

«Робім усё для таго, каб мінімізаваць трывогу людзей, а таксама рызыкі, якія сёння (хвалююць. — Заўв. БелТА) людзей. Тлумачым, што мы аказваем і ў далейшым будзем аказваць дапамогу і ў пражыванні, і ў харчаванні, і ў іншых кірунках», — дадаў кіраўнік горада. 

Іван Крупко падкрэсліў: людзі з пацярпелага дома не павінны заставацца па-за ўвагай, ні адна сям’я не павінна ні ў чым мець патрэбу.

Як паведамлялася, 17 снежня мінулага года ў абласным цэнтры на вул. Косарава абвалілася некалькі перакрыццяў у адным з пад’ездаў 10-павярховага дома. Па папярэдніх даных, абвальванне адбылося ў выніку выбуху газапаветранай сумесі ў кватэры на сёмым паверсе.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю