Top.Mail.Ru

Адноўленыя мармуровыя надмагiллi з Гальшанскага касцёла прадстаўлены ў новай экспазiцыi

Гiсторыя цi не для кожнага — гэта найперш школьныя ўрокi, дзякуючы якiм прыходзiла разуменне пра жыццё народаў у часе. А ўрокi жыцця даюцца кожнаму для таго, каб папоўнiць гiсторыю свайго роду годнымi справамi, вартымi памяцi нашых продкаў. Пра гэта думалася пасля размовы з мастацтвазнаўцам Барысам Лазукам: у Беларусi ёсць на што звярнуць увагу, а то i перагледзець свае ўласныя адносiны да рэчаў, якiя могуць захоўвацца ў сям’i з часоў сiвой даўнiны...


— У Навукова-даследчым музеi беларускага мастацтва i культуры (гэта новая назва вядомага раней Музея старажытнабеларускай культуры) вялiкая калекцыя — больш за 35 тысяч адзiнак захоўвання з архiвамi. Да 46-й гадавiны iснавання музея правялi рэканструкцыю экспазiцый, залы набылi новы выгляд. Але мы расставiлi iншыя акцэнты ў дэманстрацыi прадметаў. Таму што ў нас самая вялiкая ў рэспублiцы калекцыя абразоў, алтарнай i дэкаратыўнай разьбы, скульптуры. Мадэрнiзацыю перажылi залы, дзе прадстаўлены сакральныя калекцыi, асобныя рэкрэацыi — праваслаўнай i каталiцкай канфесiй. У спецыяльных вiтрынах пад адмысловай аховай выстаўлены два арыгiналы слуцкiх паясоў, якiя захоўваюцца ў нашым музеi, — гаворыць Барыс Лазука. 

Была зроблена рэканструкцыя надмагiлля Сапегаў. Скульптурныя плiты надмагiлля прывезены з Гальшанскага касцёла. Гэта знакамiтае надмагiлле Сапегаў было сфармiравана да 1635 года (дата смерцi Паўла Стэфана Сапегi, апошняга вядомага ўладара Гальшанскага замка). Чатыры мармуровыя плiты знаходзiлiся ў мясцовым касцёле, але моцна пацярпелi ад рук вандалаў. Напрыканцы 1980-х плiты ўдалося прывезцi ў музей, дзе iх паклалi так, як у Гальшанах. Першапачатковае палажэнне магло быць iншым, прынамсi, як у надмагiллi Льва Сапегi ў Вiльнi — там эфiгiя (надмагiлле) прысвечана яму i дзвюм яго жонкам. Павел Стэфан Сапега быў жанаты чатыры разы. Тры памерлыя жонкi былi пахаваны ў Гальшанах. У касцёле стварылi мемарыяльную кампазiцыю, якая прадстаўляе членаў кодэнскай галiны рода Сапегаў. Гэта была не толькi партрэтная выява, але выява чалавека ў своеасаблiвым стане — вечнага сну, якi перарвецца падчас Страшнага суду, каб паўстаць перад Богам. Гэта мемарыяльна-памятная канструкцыя прайшла праз рэстаўрацыю i прадстаўлена ў музеi ў новым варыянце.

Быў час, калi хваля вандалiзму ахапiла рэгiёны (Караткевiч красамоўна апiсвае гэта ў «Чорным замку Альшанскiм»). Вучоныя ў 80-я — 90-я гады ездзiлi па Беларусi i бачылi катастрофу, нешта падбiралi, прывозiлi. Так паступалi i нераўнадушныя людзi, мастакi, якiя наведвалi Гальшаны. Да пэўнага моманту знаходкi яны захоўвалi ў сябе, а некалькi гадоў таму мiнскiя мастакi зрабiлi музею грандыёзны падарунак: абломкi гэтых скульптур. Частку з iх вучоныя iдэнтыфiкавалi i ўключылi ў кампазiцыю надмагiлля. Напрыклад, цалкам аднавiлi руку адной з жонак, частку твару другой жонкi. Але ёсць асобныя дробныя фрагменты, першапачатковае месцазнаходжанне якiх цяжка вызначыць. Барыс Андрэевiч, якi быў аўтарам рэканструкцыi надмагiлля, мяркуе, што з развiццём камп’ютарных тэхналогiй i штучнага iнтэлекту цягам часу змогуць вырашыць гэтую задачу. 

— Адказнасць можа будавацца на двух падыходах. Паколькi ў аснове нашай культуры — хрысцiянскае вучэнне, то першы — гэта страх, што Усявышнi пакарае за грахi. Другi — заснаваны на дабрынi i разуменнi сваёй мiсii цывiлiзаванага чалавека, асэнсавання свайго месца ў свеце, — адзначае Барыс Андрэевiч. — У гэтым сэнсе адносiны да нашай спадчыны павiнны трымацца не толькi на пакараннi: калi ты пашкодзiў аб’ект, якi знаходзiцца пад аховай дзяржавы, то згодна з законам будзеш пакараны. Незаконна зрабiў раскопкi — таксама. I гэтак далей. Але часам мы губляем каштоўныя рэчы з-за таго, што, на жаль, многiя людзi недасведчаныя ў гэтай тэме. Мы часам не звяртаем увагi на тое, што знаходзiцца ў нас дома... Таму падчас сустрэч з моладдзю я часта спытваю: «Якое iмя было ў вашай бабулi па лiнii мацi? А ў дзядулi па лiнii бацькi?», «А як звалi прабабулю?..» — тут ужо пачынаюцца цяжкасцi. Але з асобных людзей складаецца народ, а для яго страта гiстарычнай памяцi — небяспечная з’ява. Добра, што зараз мы аднаўляем некаторыя прабелы: «Год гiстарычнай памяцi», «Год малой радзiмы»... Гэта складнiкi дзяржаўнай палiтыкi ў гэтым кiрунку. А музеi даюць магчымасць захаваць нашу памяць праз рэчы, якiя дапамагаюць ажывiць гiсторыю ў нашым уяўленнi.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю