Першы афіцыйны візіт беларускага лідара пасля выбрання на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў здзейснены ў Расійскую Федэрацыю, што вельмі знакава. Гучныя заявы і рэзанансныя выступленні ў Савеце Федэрацыі і СМІ пачулі, без перабольшання, на ўсёй планеце. Як заўсёды, наш Прэзідэнт агучваў пазіцыю Беларусі як па ўнутраных пытаннях, так і знешняга парадку дня ва ўласцівай яму манеры — шчыра, адкрыта і часам эмацыянальна, але галоўнае — трапна і ад душы.
Яскравым завяршальным акордам візіту стала нефармальная сустрэча прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Таджыкістана — Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна і Эмамалі Рахмона, а таксама іх сумесная тэлефонная размова з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым.
Лідары краін дамовіліся сустрэцца 9 мая ў Маскве падчас урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Аб тым, якія вынікі можна падвесці пад гэтым візітам, — у матэрыялах нашых карэспандэнтаў.
«Інтэграцыя бачная на энергетычным узроўні»
Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Расію — яшчэ адно пацвярджэнне асаблівых сяброўскіх адносін паміж лідарамі нашых краін. Дзмітрый Шаўцоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, у інтэрв’ю «Першаму інфармацыйнаму» тэлеканалу адзначыў:
— Гэта была абсалютна сямейная, сяброўская атмасфера, і гэта інтэграцыя бачная нават на энергетычным узроўні. Вядома, нейкія тэмы — бяспекі, напрыклад, — абмяркоўваліся за зачыненымі дзвярыма. Але асноўным блокам усё ж была эканоміка, развіццё эканамічнай інтэграцыі.
Дэпутат падкрэсліў, што менавіта ў плане эканомікі краіны здзейснілі сапраўдны прарыў, і гэта найлепшы паказчык развіцця саюзнай інтэграцыі:
— Калі мы апошнія дзесяцігоддзі гаварылі аб дарожнай карце, якая неаднойчы падвяргалася крытыцы нашага Прэзідэнта, бо яна існавала толькі на словах, а на самай справе не працавала, то сёння мы бачым, што адбыўся сапраўдны прарыў у адносінах; мы бачым, што ў дарожнай карце ўжо, напэўна, не засталося нічога нявыкананага. Пытанне роўмінгу, пра якое вельмі многа гаварылі, вырашана, я ўжо не кажу аб той колькасці сумесных прадпрыемстваў, аб тым тавараабароце, якія ў нас ёсць. Гэта на самай справе ўнікальны кампанент узаемадзеяння дзвюх краін. Нездарма наш Прэзідэнт сказаў, што калі б ні склалася такая сітуацыя, якая ёсць сёння: жорсткія санкцыі, калі ўвесь заходні свет выступіў супраць дзвюх нашых краін, то гэту сітуацыю варта было б прыдумаць. Таму што яна кардынальна дала зразумець, што мы адно без аднаго не можам і мы дапаўняем адно аднаго, нягледзячы на тое што Беларусь нашмат меншая за Расію. І мы сапраўдныя надзейныя раўнапраўныя партнёры. Мы (я не кажу ўвогуле, я маю на ўвазе кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі) нарэшце зразумелі, што мы не можам адно без аднаго, што мы — адно цэлае.
Увогуле сама мадэль Саюзнай дзяржавы абсалютна адрозніваецца ад дзяржаўных аб’яднанняў заходняга ўзору.
Адносіны Беларусі і Расіі без перабольшання служаць узорам раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага міждзяржаўнага супрацоўніцтва, а ўзровень узаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы — арыенцірам для іншых інтэграцыйных аб’яднанняў на постсавецкай прасторы, згодзен з калегам па Савеце Рэспублікі Аляксандр Гарошкін, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.
— Беларусь і Расія плённа ўзаемадзейнічаюць па шырокім коле задач у рамках саюзнага будаўніцтва, прадаўжаецца ўмацаванне саюза ў мэтах забеспячэння сумеснай бяспекі дзяржаў, — падкрэслівае ён. — У аснове беларуска-расійскіх адносін ляжаць непарушныя прынцыпы дружбы і добрасуседства, узаемнай павагі і ўліку інтарэсаў адно аднаго, а таксама агульная гісторыя, агульныя маральныя і духоўныя каштоўнасці, моцныя сямейныя і роднасныя сувязі паміж многімі беларусамі і расіянамі. І галоўнае дасягненне, як падкрэсліваў кіраўнік нашай дзяржавы, у тым, што мы захавалі наш базіс. І сёння ён ляжыць у аснове вялізнага патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва.
Трэнд на мір — гэта па-нашаму
Шмат на выніковай прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы лідараў дзвюх дзяржаў гаварылі аб мірных перагаворах вакол Украіны, закраналі і інтарэсы Беларусі ў гэтым кантэксце.
Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, падкрэслівае:
— Беларусь зацікаўлена ў тым, каб яе нацыянальныя інтарэсы былі надзейна абаронены, з улікам таго, што сёння ў парушэнне ўсіх дамоўленасцяў 30-гадовай даўніны натаўская ваенная машына дакацілася непасрэдна да граніц нашай краіны. Воінскія кантынгенты з Германіі, Вялікабрытаніі, Канады і ЗША фактычна акупавалі краіны Балтыі і Польшчу.
Сёння заходнія палітыкі адкрыта вядуць размовы пра ўвод войскаў Вялікабрытаніі і Францыі ўжо на тэрыторыю Украіны, тым самым ствараючы абставіны, якія пагражаюць незалежнасці Беларускай дзяржавы з боку паўночна-заходніх і паўднёвых суседзяў. Гэтыя правакацыйныя дзеянні з’яўляюцца спробай прадэманстраваць ваенную сілу НАТА і імкненнем перашкодзіць нармалізацыі міжнародных адносін ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. Адзіная магчымасць забеспячэння ў такіх умовах бяспекі Беларусі — узмацненне супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у фармаце Саюзнай дзяржавы.
Праўда, некаторыя аналітыкі спадзяюцца на пацяпленне адносін паміж блокамі ў сувязі з палітыкай, якую пачаў праводзіць нядаўна выбраны прэзідэнт ЗША. Алег Дзячэнка пагаджаецца з імі, але не ва ўсім:
— Аб’ектыўна велізарную ролю ў справе аднаўлення міру ва Усходняй Еўропе могуць адыграць Злучаныя Штаты пасля вяртання ў Белы дом рэспубліканца Дональда Трампа. Новая Вашынгтонская адміністрацыя мае вялікія магчымасці аказаць вядомы ўплыў на Кіеў, Лондан і Страсбург, з тым каб заахвоціць іх да пачатку перагаворнага працэсу з улікам рэальна існуючай абстаноўкі на паўднёвым усходзе Украіны і павагі расійскіх нацыянальных інтарэсаў у гэтым рэгіёне, — адзначае дэпутат. — Аднак, як нядаўна адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, амерыканцы пакуль толькі занятыя выяўленнем умоў, на якіх бакі ўзброенага канфлікту гатовыя прыступіць да перагавораў аб заключэнні міру ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. Мы бачым, што Вашынгтон праяўляе належнае імкненне і зацікаўленасць у спыненні агню ў зоне ўзброенага канфлікту. Разам з тым нам вельмі б хацелася ўбачыць неадкладныя канкрэтныя вынікі, а не бясконцыя размовы аб неабходнасці заключэння міру.
Першым крокам на гэтым шляху, лічыць Алег Дзячэнка, стала б зняцце калектыўным Захадам эканамічных санкцый і абмежавальных мер у дачыненні да Саюзнай дзяржавы, канчатковае і беспаваротнае спыненне паставак узбраенняў кіеўскаму рэжыму і забеспячэнне ўзброеных сіл Украіны спецыяльнай разведвальнай інфармацыяй.
— Пара спыніць і прасоўванне Паўночнаатлантычнага альянсу на ўсход, роўна як і спыніць правакацыйныя размовы аб заключэнні Кіевам ваеннага саюза з ЗША, Вялікабрытаніяй і краінамі ЕС, які фактычна будзе накіраваны супраць Расіі і Саюзнай дзяржавы ў цэлым, — падкрэслівае дэпутат.
— Праяўляючы цярпенне, мы не губляем надзеі на працверажэнне заходніх палітыкаў, якія ў выніку адэкватнай ацэнкі развіцця падзей будуць спрыяць рэальным зменам сваёй знешняй палітыкі ў лепшы бок. Бягучая палітычная сітуацыя паказвае ўсю складанасць падрыхтоўчага да асноўных перагавораў працэсу. Дэлегацыі перагаворшчыкаў раз’язджаюць па свеце: ад Вашынгтона і Джыды да Масквы, а пытанне аб самім міры ўласна так і застаецца нявырашаным па сутнасці. Часам ствараецца ўражанне, што заходнія перагаворшчыкі вядуць нейкую ўтоеную гульню ў перагаворы аб мірным дагаворы.
Тыя ж прапановы амерыканцаў аб устанаўленні 30-дзённага рэжыму спынення агню, на мой погляд, пакуль не прапрацаваны па-свойму, асабліва ў частцы кантролю над пастаўкамі натаўскіх узбраенняў у зону канфлікту.
Беларусь жа, наадварот, прыкладае максімум намаганняў для нармалізацыі міжнародных адносін у рэгіёне, шчыра прапаноўвае аднавіць эфектыўныя перагаворы на сваёй тэрыторыі, садзейнічае абмену Расіяй і Украінай ваеннапалоннымі, рэалізоўвае на справе і іншыя мірныя ініцыятывы, заўважае Алег Дзячэнка. Як сказаў кіраўнік нашай дзяржавы, «мы дакладна прытрымліваемся трэнду на мір».
Акцэнты
Абсалютна сяброўскі, вельмі глыбокі
Наталля Эйсмант: «Беспрэцэдэнтны ўзровень асабістых зносін прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ўплывае на саюзны парадак дня»
Падчас афіцыйнага візіту беларускага лідара ў Расійскую Федэрацыю нефармальных зносін паміж прэзідэнтамі Беларусі і Расіі Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным было шмат. Пра гэта ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант.
— Прэзідэнт на прэс-канферэнцыі сказаў, што афіцыйная частка, атрыбуты — гэта, вядома, добра, трэба і важна, але яны разам з Прэзідэнтам Расіі аддаюць перавагу працоўнаму фармату. Тое ж самае заўсёды можна сказаць і пра нефармальныя сустрэчы, — адзначыла Наталля Эйсмант. — Мы разумеем, што нефармальныя сустрэчы лідараў дзвюх дзяржаў — гэта рабочы фармат і што прэзідэнты вялікую частку часу аддаюць абмеркаванню рабочых пытанняў, але ў больш прыемнай, сяброўскай абстаноўцы.
Яна нагадала, што ў чацвер прэзідэнты гадзіну прагаварылі тэт-а-тэт. Затым перад прэс-канферэнцыяй таксама былі зносіны:
— І яны, наколькі расказалі ўсе члены дэлегацый, якія атрымалі пасля гэтага прадметныя даручэнні ад Прэзідэнта, велізарны спектр пытанняў паспелі абмеркаваць ужо ў чацвер.
Наталля Эйсмант канстатавала:
— Парадак дня на сёння шырокі: і двухбаковыя адносіны, і асабліва сусветная сітуацыя, рэгіянальная, глабальныя трансфармацыі, якія адбываюцца. Таму прэзідэнтам, вядома, ёсць аб чым пагаварыць.
Як падкрэсліла прэс-сакратар Прэзідэнта, у цяперашні візіт нефармальных зносін паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным было шмат:
— Зрэшты, як і звычайна. Па-першае, характар адносін абсалютна сяброўскі, вельмі глыбокі. Я нават сказала б, беспрэцэдэнтны, менавіта асабісты. Гэта, вядома, у першую чаргу працуе на агульнадзяржаўны саюзны парадак дня.
У тэму
«Справа ў яго здольнасці вызначаць развіццё падзей на зямлі»
Вольга Скабеева — пра важнасць беларускага лідара ў якасці спікера
Расійская журналістка і тэлевядучая Вольга Скабеева ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказала, чаму лічыць Прэзідэнта Беларусі важным спікерам і пастаўшчыком інфармацыі аб тых ці іншых рашэннях, перадае карэспандэнт БелТА.
— Сітуацыя мяняецца. Мы з вамі жывём фактычна ў падручніку гісторыі. А Аляксандр Рыгоравіч, у прынцыпе, — пастаўшчык важных інфармацыйных рашэнняў. Але тут справа, хутчэй, не ў інфармацыі, а ў прынцыпе ў тым узроўні прыняцця рашэнняў, у яго здольнасці ў тым ліку вызначаць развіццё падзей на зямлі. Таму ён, вядома, у гэтым кантэксце вельмі важны спікер, партнёр і незаменны саюзнік для нашай краіны (Расіі. — Заўв. рэд.), — патлумачыла журналістка.