Top.Mail.Ru

Адправіць пасылку за акіян? Калі ласка!

Мабільны дадатак у дапамогу

РУП «Белпошта» аднавіла прыём міжнародных паштовых адпраўленняў з таварным укладаннем у Злучаныя Штаты Амерыкі. Размова пра пасылкі, адпраўленні паскоранай пошты EMS, дробныя пакеты з адсочваннем.

Той, хто ўважліва сочыць за падзеямі на міжнароднай арэне, успомняць, што ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ЗША ад 30 ліпеня 2025 года ўсе міжнародныя паштовыя адпраўленні ў Злучаныя Штаты Амерыкі, якія ўтрымоўваюць тавары агульным коштам да 800 долараў, пачалі абкладацца пошлінамі. «Белпошта» не магла не адрэагаваць на такое рашэнне і 25 жніўня 2025 года была вымушана часова прыпыніць прыём у Амерыку ўсіх відаў міжнародных паштовых адпраўленняў, якія змяшчаюць пэўныя тавары.

Каб аднавіць адпраўку пасылак у Злучаныя Штаты з выплатай мытных пошлін, РУП «Белпошта» заключыла дамову з кампаніяй Zonos аб пералічэнні пошлін у пагранічна-мытную службу ЗША. Быў таксама праведзены шэраг тэхнічных мерапрыемстваў, звязаных з сістэмнай інтэграцыяй. І, пачынаючы з 1 ліпеня 2026 года, прыём міжнародных пасылак, якія накіроўваюцца ў ЗША, быў адноўлены.

Важная дэталь: да падачы адпраўлення ў аддзяленне паштовай сувязі неабходна ўсталяваць бясплатны мабільны дадатак Zonos Prepay (ён даступны для спампоўкі ў App Store і Google Play). Для работы ў ім перш за ўсё трэба стварыць свой акаунт, па-другое — абраць катэгорыю адпраўлення: падарунак, стандартны пакет, дакументы ці вяртанне.

Падарунак мае на ўвазе адпраўленне ад адной фізічнай асобы ў адрас другой фізічнай асобы. Яго кошт не павінен перавышаць 100 долараў, пошліна, дарэчы, пры гэтым не налічваецца. Стандартны пакет — гэта адпраўленне ад юрыдычнай асобы (камерцыйны ўзор, тавар і іншае), кошт укладання не перавышае 2500 долараў. Пошліна ў дадзеным выпадку налічваецца. Дадатак сам разлічыць памер пошліны, якую адпраўніку неабходна аплаціць. Аплата пошліны ажыццяўляецца ў беларускіх рублях па курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.

Жадаючыя скарыстацца гэтай паслугай могуць азнаёміцца з пакрокавай інструкцыяй па рабоце з мабільным дадаткам Zonos Prepay на інтэрнэт-партале РУП «Белпошта».

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота РУП «Белпошта»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю