Удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, працаўніцы тылу Надзеі Хахловай самыя шчырыя словы падзякі і віншаванне з надыходзячым Днём жанчын асабіста адрасаваў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Так, кіраўнік рэгіёну падтрымаў акцыю «Мы вас віншуем, баявыя сяброўкі».
Надзея Хахлова — ураджэнка горада Балта Украінскай СССР — з настаўніцкай сям’і. Да вайны яна паспела паступіць у юрыдычны інстытут у Свярдлоўску. У 1943 годзе Надзею Васільеўну прызвалі ў армію. У званні сяржанта праходзіла службу ў хімвойсках, стала інструктарам па хімабароне. Пасля вайны скончыла інстытут, там жа пазнаёмілася з будучым мужам, з ім пераехала ў Растоў-на-Доне па месцы яго службы. Нарадзіла і выхавала дваіх сыноў. Удзельніца вайны ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гады». У 2008 годзе Надзея Хахлова пераехала жыць у Гомель да сына і нявесткі. У Надзеі Васільеўны чацвёра ўнукаў, пяць праўнукаў і праўнучка.
За уклад у агульную Вялікую Перамогу, самаадданую працу ў ваенны і пасляваенны час словы самай шчырай падзякі Надзеі Хахловай адрасаваў Іван Крупко.
— Гэты год святочны для нас, хутка мы сустрэнем 80-годдзе Вялікай Перамогі. У вашай асобе дзякую ўсім ветэранам і ўдзельнікам вайны. Вы зрабілі ўсё магчымае, каб дасягнуць гэтай Перамогі, каб наша пакаленне жыло, працавала і радавалася. Мы ж стараемся зрабіць так, каб у нашай краіне быў мір. Здароўя вам, шчасця ў сям’і, няхай блізкія радуюць сваімі поспехамі і дасягненнямі, — пажадаў кіраўнік рэгіёна.
Іван Крупко ад сябе асабіста і ад мужчын вобласці павіншаваў жанчын з надыходзячым святам.
— Многае ў нашай краіне трымаецца на жанчынах. Усё больш калектываў у сістэме аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, дзяржкіравання складаюцца пераважна з жанчын. Мы заўсёды абапіраемся на вас, а вы дасягаеце сваёй працай высокага выніку, часам нават працуючы 24 на 7, — словы захаплення поспехамі і дасягненнямі жанчын Гомельшчыны і ўсёй Беларусі выказаў Іван Крупко.
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»