Адказ на гэта пытанне ведаюць у Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы
Установа рэалізуе адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі па трох спецыяльнасцях у дзённай форме атрымання адукацыі: «ветэрынарная медыцына», «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання» («заатэхнія»), «арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці» — і па шасці спецыяльнасцях у завочнай форме атрымання адукацыі: «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання («заатэхнія»), «пчалярства», «вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» («аграномія»), «арганізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці» («арганізацыя работы сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак»), «планава-эканамічная і аналітычная дзейнасць», «правазнаўства».
У навучэнцаў таксама ёсць магчымасць асвоіць прафесію аператара па штучным асемяненні жывёл і птушкі, аператара машыннага даення, кладаўшчыка, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі «В».

Унёсак у развіццё ветэрынарнай навукі і практыкі
У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2021–2025 гады ва ўстанове адукацыі ў маі мінулага года быў створаны Цэнтр кампетэнцый па ветэрынарнай медыцыне па спецыяльнасцях «ветэрынарная медыцына» і «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання». Увогуле, навучанне ў цэнтры кампетэнцый па сеткавых формах рэалізацыі адукацыйных праграм плануецца пачаць з верасня 2026 года, але частка практычных заняткаў ужо праходзіць менавіта тут.

Для арганізацыі адукацыйнага працэсу створаны ўтульныя і сучасныя лабараторыі тэхнічных і праграмных сродкаў навучання, хірургічных і тэрапеўтычных тэхналогій, дыягностыкі заразных і незаразных захворванняў, анатамічных і паталагічных даследаванняў, лічбавых тэхналогій у вытворчасці. У цэнтры ёсць кабінеты рэнтгена-дыягностыкі, лабараторнай дыягностыкі і УГД-дыягностыкі. Узведзены два навучальныя модулі: «Ветэрынарны блок» і «Ветэрынарны блок для анатаміравання трупаў жывёл».
Мэтазгоднасць абнаўлення і мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнага абсталявання ўстановы адукацыі і стварэння цэнтра кампетэнцый абумоўлена актуальнымі патрабаваннямі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. На сёння ў сферы АПК найбольш запатрабаваныя спецыялісты зоаветэрынарнага профілю — фельчары ветэрынарнай медыцыны, тэхнікі-тэхнолагі (заатэхнікі).


Што датычыцца абсталявання, у цэнтры ёсць усё неабходнае для заняткаў. Напрыклад, нам удалося ўбачыць трэнажор, які імітуе правядзенне ўнутрывенных ін’екцый і забор крыві. Акрамя таго, у наяўнасці сістэма кіравання мікракліматам фермы — яе звычайна выкарыстоўваюць на лабараторных занятках для асвойвання прынцыпаў функцыянавання. Абсталяванне выглядае як монаблок, у склад якога ўваходзяць функцыянальныя модулі кантролю мікраклімату, кармлення, водазабеспячэння і асвятлення фермы, а таксама крыніца харчавання.
Асаблівую ўвагу моладзі прыцягвае трэнажор-карова (яе тулава ў маштабе 1:1). Канструкцыя дазваляе адпрацоўваць прыняцце ацёлу з рознымі варыянтамі ляжання плода. Трэнажор, дарэчы, выкананы з высокай анатамічнай дакладнасцю.
Удалося нам праверыць свае веды па біялогіі пры дапамозе віртуальнага навучальнага комплексу, які ўтрымлівае мадэлі анатоміі свінні, каровы, жабы і іншых жывёл. Праграмнае забеспячэнне дазваляе вывучаць асобныя сістэмы або групы органаў, рабіць дыферэнцыяцыю мадэляў у адносінах да частак цела, па прыналежнасці да пэўнай сістэмы, па пластах, па гісталагічным прынцыпе. Асноўныя перавагі сучаснага трэнажору — у магчымасці 3D-візуалізацыі, інтэрактыўнасці. Таксама комплекс падтрымлівае работу з VR-гарнітурамі, што забяспечвае эфект максімальнай рэалістычнасці пры вывучэнні анатамічных прэпаратаў.


«Я заўважаю ў дзяцей цікавасць да практыкі»
Алена МАСЛАК працуе ў каледжы больш за 25 гадоў. Цяпер выкладае навучальны прадмет «Эпізаталогія інфекцыйнай хваробы жывёл з асновамі мікрабіялогіі і вірусалогіі». «Працаваць па гэтым кірунку з навучэнцамі пачынаем з другога курса: вывучаем узбуджальнікаў інфекцыйных хвароб, метады дыягностыкі, прафілактыкі і ліквідацыі інфекцыйных хвароб», — расказвае выкладчыца.

Цэнтр кампетэнцый і лабараторыі ў ім цалкам аснашчаны ўсім неабходным абсталяваннем для навучання, лічыць Алена Мікалаеўна.
Карэспандэнтам удалося пабываць на занятку, падчас якога вывучалася марфалогія і фізіялогія мікраарганізмаў. Хоць мы ад гэтага і далёкія, паназіраць за работай з мікраскопамі было вельмі цікава. «Мая задача — навучыць тэхніцы прыгатавання мазкоў, адбіткаў з паталагічнага матэрыялу, — адзначыла выкладчык. — Вядома, я заўважаю ў дзяцей цікавасць да практыкі. Вы самі бачыце, што ад інструментаў іх не адцягнуць. Нешта абмяркоўваюць па тэме адно з адным, дзеляцца напрацоўкамі, цікавяцца, у каго атрымліваецца лепш».
«Вывучаем, даследуем, ствараем, маем поспех» — лейтматыў установы адукацыі. Цэнтр кампетенцый — гэта не толькі пра вучобу і павышэнне кваліфікацыі, гэта і пляцоўка для абмену ведамі і вопытам паміж спецыялістамі ветэрынарнага і заатэхнічнага профілю.


Мінчанка Мілена ЦЫБУЛЬСКАЯ выбрала вучобу менавіта тут па слядах бацькоў. А яшчэ дзяўчына вельмі любіць жывёл. «Цяпер я ўжо ўмею абязрожваць буйную рагатую жывёлу, — падзялілася сваімі навыкамі яна. — Гэта працэдура неабходна для зніжэння рызыкі траўм. Жывёла можа траўміраваць не толькі іншых асобін, але і людзей, якія яе даглядаюць, напрыклад, пры правядзенні нейкіх ветэрынарных аглядаў».
На будучыню ў Мілены даволі амбіцыйныя планы: адкрыць сваю ветэрынарную клініку.
Навучэнка Надзея КОТ родам з вёскі Квасынічы Слуцкага раёна. Атрымліваць адукацыю ў Смілавічах дзяўчына вырашыла па парадзе мамы. «Старэйшая сястра — медык, таму мама ўжо добра разбіралася, куды можна паспрабаваць паступіць, — расказала Надзея. — Мой самы любімы прадмет — фармакалогія. Мы вывучаем лекі, змешваем растворы. Гэта практычная работа, таму мне вельмі падабаецца».

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД