Адвакаты Беларусі на працягу ўсяго года будуць аказваць бясплатныя кансультацыі шматдзетным маці, жанчынам, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, расказаў старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віталь Дземідовіч, паведамляе БелТА.
Акцыя прымеркавана да Года беларускай жанчыны і будзе праходзіць у кожным рэгіёне краіны. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні савета БРКА для аказання жанчынам неабходнай дапамогі і падтрымкі, улічваючы сацыяльную значнасць бясплатных кансультацый. «Менавіта так мы вырашылі падтрымаць беларускіх жанчын у гэты знамянальны год», — сказаў Віталь Дземідовіч.
Ён зазначыў, што правядзенне бясплатных кансультацый для пэўных катэгорый грамадзян стала ўжо добрай традыцыяй у адвакатуры. «Толькі сёлета мы правялі чатыры акцыі, у ходзе якіх аказваліся бясплатныя кансультацыі для воінаў-афганцаў, у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Дзень жанчын, да Дня Канстытуцыі Беларусі. Акрамя гэтага, адвакаты ўдзельнічаюць у акцыях, арганізаваных сумесна з Беларускім саюзам жанчын, РГА „Патрыёты Беларусі“ і інш. Правядзенне бясплатных кансультацый з’яўляецца ўкладам адвакатаў у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі дзяржавы», — адзначыў кіраўнік БРКА.
Бясплатныя кансультацыі ў бягучым годзе будуць арганізаваны: 8 мая — з нагоды Дня Перамогі, 15 мая — Дня сям’і, 2 ліпеня — Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 17 верасня — Дня народнага адзінства, 1 кастрычніка — Дня пажылых людзей, 14 кастрычніка — Дня маці, 21 кастрычніка — Дня бацькі і 4 снежня — Дня юрыста.