Top.Mail.Ru
256

Адзін з буйнейшых будаўнічых холдынгаў Расіі плануе супрацоўнічаць з БУТБ

Група кампаній «Нацпраектбуд», якая ўваходзіць у лік буйнейшых будаўнічых холдынгаў Расіі, выказала зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларускай універсальнай таварнай біржай пры рэалізацыі інфраструктурных праектаў. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Беларускай біржавой платформы Герман Пузырны па выніках сустрэчы з дэлегацыяй ГК «Нацпраектбуд» у Мінску. Перагаворы былі арганізаваны пад эгідай Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі, паведамілі БелТА.



Размова ідзе аб магчымым выкарыстанні біржавых таргоў для закупак матэрыялаў, абсталявання і тэхнікі ў рамках будаўніцтва аб’ектаў транспартнай і энергетычнай інфраструктуры. Пры гэтым у ролі пастаўшчыкоў змогуць выступаць не толькі беларускія і расійскія прадпрыемствы, але і кампаніі з іншых краін, акрэдытаваных на БУТБ.

«Прадстаўнікоў расійскага холдынга прыцягнуў вопыт прымянення біржавых таргоў у Беларусі пры ўзвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі і Палаца Незалежнасці, рэканструкцыі стадыёна „Дынама“ ў Мінску, рамонце мастоў і пуцеправодаў, будаўніцтве новых станцый Мінскага метрапалітэна і іншых знакавых аб’ектаў. Ва ўсіх пералічаных прыкладах біржавы механізм забяспечыў аб’ектыўнасць выбару пастаўшчыкоў, празрыстасць цэнаўтварэння і зніжэнне рызыкі невыканання абавязацельстваў па заключаных дагаворах. Для ГК „Нацпраектбуд“ гэтыя моманты маюць істотнае значэнне», — расказаў Герман Пузырны.

Прадстаўнік БУТБ таксама адзначыў, што адным з напрамкаў узаемадзеяння з ГК «Нацпраектбуд» могуць стаць закупкі блокаў з ячэістага бетону вытворчасці Беларускай цэментнай кампаніі. Паколькі экспартныя біржавыя таргі гэтай прадукцыяй праводзяцца на БУТБ на рэгулярнай аснове, а прадаўцом выступае непасрэдны вытворца, работа праз біржу дазволіць гарантаваць рытмічнасць паставак і належную якасць тавару. Паводле інфармацыі БУТБ, за студзень — красавік 2025 года за мяжу прададзена 257 тыс. куб. м сценавых блокаў з ячэістых бетонаў, што на 32 працэнты больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года. Увесь аб’ём быў набыты рэзідэнтамі Расіі.

ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа» створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. Беларуская ўніверсальная таварная біржа — адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Яе галоўная функцыя — садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатруры.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю