Як кажуць у арміі ніжнія чыны, генералам часам здаецца, што яны камандуюць. І ў эканоміцы не варта пераацэньваць магчымасці рэгулятараў. Яны могуць уводзіць розныя абмежавальныя або стымуляцыйныя меры, але ў выніку апошняе слова застаецца, кажучы навуковай мовай, за эканамічнымі агентамі. А калі выказвацца прасцей — за грамадзянамі. Менавіта яны прымаюць рашэнне зберагаць ці траціць, купляць цяпер ці потым, набыць імпартны тавар ці айчынны. Псіхалагічны фактар з’яўляецца адным з ключавых. Напрыклад, спажывецкі патрыятызм. Менавіта ўнутраныя адчуванні людзей (не толькі праславутае спалучэнне «цана — якасць») фарміруюць попыт на ўнутраным рынку. Але спажыўца трэба запаліць ідэяй. І не проста выкладваць тавар на паліцы, але і дакладна яго ідэнтыфікаваць як нацыянальны набытак.
Сусветная эканоміка ўсё больш упэўнена «ўкручваецца» ў крызіс. Не першы (на жаль, відаць, далёка не апошні) у гісторыі цывілізацыі. І ўсе дзяржавы ў цяжкія часы дзейнічаюць прыблізна аднолькава і стандартна: імкнуцца прадаць больш сваіх тавараў за мяжу, каб загрузіць свае магутнасці і забяспечыць працоўныя месцы, менш купіць на знешнім контуры. Ёсць шмат інструментаў абароны ўнутранага рынку. Але эканоміку, насамрэч, як і гісторыю, куюць грамадзяне.
Канцэпцыю нацыянальнай ідэнтыфікацыі для нарошчвання продажаў айчынных тавараў на ўнутраных рынках выкарыстоўвалі многія краіны. Метадалогія, інструментарый — механізмы, у прынцыпе, вядомыя і адпрацаваныя. Праўда, ёсць адна істотная дэталь: гэты шырокі міжнародны досвед складана не толькі скапіраваць, але нават скалькаваць на чужую тэрыторыю. Патрыятызм — з’ява з ярка выяўленым нацыянальным напаўненнем, адлюстроўвае менталітэт і культурны код грамадзян канкрэтнай краіны. Адпаведна, свае стратэгіі неабходныя і на спажывецкім рынку.
Аднак заўсёды выкарыстоўваецца адзін прынцып: неабходна рабіць упор на тавары, якія ідэнтыфікуюцца з краінай, з яе культурай, традыцыямі — старажытнымі і новымі, з менталітэтам яе грамадзян. Прадукцыя павінна быць роднай, з мясцовымі цеплынёй і каларытам, у тым ліку і сучасным. Пры ўсёй сваёй кансерватыўнасці культура — вельмі жывы арганізм, яна ўвесь час развіваецца, відазмяняецца, убірае новыя ідэі, знаходзіць новыя формы. Падаецца, што тэзісы цалкам відавочныя. Але каб іх рэалізаваць на практыцы, неабходна змяняць падыходы на спажывецкім рынку, фарміраваць нацыянальнае культурнае асяроддзе спажывання. А вытворцам перабудоўваць і свой асартымент, і маркетынгавыя падыходы, і сістэму прасоўвання.
Гэта не атрымаецца зрабіць імгненна. Неабходна дастаткова доўгая, карпатлівая і ўдумлівая работа на ўсіх узроўнях. Менавіта з гэтай прычыны ёю неабходна заняцца прама цяпер. Цудоўна разумеючы: якія б падзеі не адбываліся на знешніх контурах, канкурэнцыя будзе толькі абвастрацца. Незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці санкцый. Больш за тое, са знікненнем рэстрыкцый і зняццем бар’ераў барацьба паміж вытворцамі можа толькі абвастрыцца. Глабалізацыя ў свеце застанецца. Але будзе яна ўжо нейкай іншай, не той, якой мы яе ведалі ў канцы мінулага — пачатку гэтага стагоддзя. І трэнд на абарону ўласных рынкаў захаваюць, падазраю, усе без выключэння краіны, нават калі заўтра на планеце наступіць мір і поўная палітычная аднадушнасць. Так падказвае прагматычная логіка. Па-першае, ужо ў працэс фрагментацыі па ўсёй планеце былі ўкладзены трыльёны долараў. І гэтыя інвестыцыі неабходна акупіць. Па-другое, сінхранізацыя сусветнага гандлю, фарміраванне кансэнсусу па доступе на чужыя рынкі — працэс вельмі і вельмі павольны. Сусветная гандлёвая арганізацыя з’явілася пасля Другой сусветнай вайны і толькі да 2000-х змагла больш-менш дакладна, з вялікай нацяжкай, але сфармуляваць правілы гандлю для ўсяго свету. Не зусім выразныя, вельмі складаныя і неадназначныя, не заўсёды справядлівыя, тым не менш, з нейкім намёкам на ўніверсалізм і надзею на прасоўванне да сапраўды свабоднага сусветнага гандлю. Ковід, знешнепалітычныя абвастрэнні, санкцыі і гандлёвыя войны, на мой погляд, разбурылі сістэму СГА ўшчэнт. Дэ-юрэ арганізацыя працягвае яшчэ існаваць. Але дэ-факта яна ўжо не функцыянуе, а міжнародныя абавязацельствы, узятыя ў яе рамках, ужо даўно з’яўляюцца рэліктамі. Таму свабодны рух тавараў калі і адновіцца, то ў вельмі далёкай будучыні. Адпаведна, парадыгмы ўнутранага рынку неабходна перабудоўваць з гэтых рэалій.
На жаль, глабалізацыя адыходзячага фармату занадта моцна засела ў нашым менталітэце. На што традыцыйна рабілі акцэнт беларускія вытворцы (не ўсе, але многія)? На выкарыстанне нямецкіх, італьянскіх ці іншых замежных тэхналогій, рэцэптур, абсталявання, кампетэнцый. На поўную адпаведнасць беларускага тавару імпартным аналагам. На прытрымліванні нейкіх міжнародных трэндаў. Апошні фактар асабіста мяне вельмі замілоўвае: у свеце каля 200 дзяржаў, і ў кожнай спажывецкі рынак жыве па сваіх цалкам унікальных парадыгмах. А глабальны трэнд — нешта абстрактнае, сярэднестатыстычнае, актуальнае для велізарных кампаній, якія аперыруюць на большай частцы планеты. Гэта было актуальна, калі свет быў адкрытым, і спажывецкія густы ў нейкай ступені рухаліся па шляху ўніверсалізму. Хоць і ў тыя часы захоўваліся яркія нацыянальныя рысы, пад якія даводзілася падладжвацца нават транснацыянальным карпарацыям.
Пакуль слаба выкарыстоўваецца адзін з магутных фактараў: нашы кампаніі бліжэй да спажыўца любога імпарцёра. Могуць заўважаць усю гаму запытаў і чаканняў грамадзян, адказваць на іх і фарміраваць праз сваю прадукцыю той самы спажывецкі патрыятызм, калі тавар будзе ўнікальны, паколькі дакладна прывязаны да геаграфічнай тэрыторыі па тых ці іншых характарыстыках: сыравіне, рэцэптуры, тэхналогіі. Або да спажыўца, бо адпавядае менавіта нашым, беларускім густам.
А яны крыху іншыя, чым на Усходзе, Захадзе, Поўначы ці Поўдні. Калі нашым вытворцам удасца асядлаць канька нацыянальнай ідэнтыфікацыі, то іх канкурэнтаздольнасць можа значна вырасці.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ
Фота БелТА