У канцы снежня мінулага года ў «ЛіМе» быў апублікаваны артыкул «Мінск — Ніжні Ноўгарад — на сувязі», у якім абяцалі распавесці пра адзін з каштоўных экзэмпляраў «Вянка» Максіма Багдановіча, што захоўваўся ў сямейным архіве Бараховічаў і на пэўны час знік з поля зроку музейных супрацоўнікаў.
111 гадоў таму — 22 сакавіка 1914 года — беларускі паэт Максім Багдановіч, які жыў на той момант у Яраслаўлі, атрымаў з Вільні пасылку. У ёй — аўтарскія экзэмпляры зборніка вершаў «Вянок». Чаму мы лічым, што менавіта ў гэты дзень?! Можна паспрабаваць уявіць радасць маладога пісьменніка, які ўпершыню бачыць сваю кнігу, над якой ён так доўга і напружана працаваў. Што робіць з уласнымі асобнікамі аўтар? Падпісвае і дорыць блізкім, знаёмым, сябрам. 22.03.1914 — гэтая дата з’явілася як мінімум на пяці кнігах, пра якія мы ведаем. Адзін з «Вянкоў» быў адпраўлены назад у Вільню крытыку Антону Луцкевічу ў знак падзякі за першую рэцэнзію (дарэчы, станоўчую) і суправаджаўся такім вершам:
Дзень добры, пане!
Вось Вам просты надпіс:
Ёсць гэткая японская забаўка, —
Кідаюць дробныя асклёпкі дрэва
Ў ваду — і робяцца яны цвятамі.
Ўсё гэта мне згадалась мімаволі,
Калі чытаў я Вашую стаццю
Аб вершыках «Вянка». І шлю падзяку
І цісну руку. Ваш М. Багдановіч.
Пад вершам пазнака: «22.03.1914. Яраслаўль».
Чатыры асобнікі таксама выправіліся ў падарожжа — усе яны паехалі ў Ніжні Ноўгарад, дзе жылі цёткі паэта Магдаліна Гапановіч, Марыя Галаван, яго стрыечныя сёстры Вера і Ганна Гапановічы. Дароўныя надпісы на кнігах блізкія, але неаднолькавыя: «Тёте Магдалине на память от автора...», «Тёте Маше от любящего её автора...», «Сестрице Нюте на память от любящего её автора...», «Сестрице Вере от любящего её автора...» Аднолькавае завяршэнне: «М. Богданович. 22.03.1914». Кнігі, падараваныя цёткам і Ганне, даўно сталі музейнымі экспанатамі. Праўда, у кожнай быў свой шлях у мінскі музей, а вось Верына заставалася ў сямейным архіве.
Вера Іванаўна — стрыечная сястра Максіма, старэйшая дачка Магдаліны і Івана Гапановічаў. Дзяўчынка нарадзілася ў Мінску, ахрышчана ў Хмарына-Гарадзецкай царкве, той самай, дзе вянчаліся Адам і Марыя Багдановічы.
У фондах музея захоўваецца пасведчанне аб яе нараджэнні 4 лютага і хрышчэнні 16 лютага 1889 года. Хроснымі бацькамі сталі настаўнік першага Мінскага прыходскага вучылішча Іван Сцяпанавіч Пляхан і дваранка Алена Мацвееўна Адамовіч.
Акрамя арыгінальнага дакумента аб нараджэнні-хрышчэнні В. Гапановіч, у фондах музея захоўваецца копія пасведчання, выдадзенага Мінскай духоўнай кансісторыяй 24 чэрвеня 1898 года. Мяркуем, гэты дакумент афармляўся для паступлення Веры ў Мінскую жаночую гімназію. У музеі захоўваюцца дзіцячыя фатаграфіі Веры Гапановіч, якія адносяцца да мінскага перыяду. Цікава, што яны зроблены ў атэлье розных мінскіх фатографаў: Майсея Страшунера (самая ранняя, 1892 год), Майсея Напельбаума.
У 1902 годзе сям’я Гапановічаў пераехала на сталае месца жыхарства ў Ніжні Ноўгарад. Вера паступіла вучыцца ў Ніжагародскую 2-ю жаночую гімназію. Сярод каштоўных музейных збораў — выдадзены ў 1905 годзе атэстат вучаніцы, якая прайшла поўны курс навучання, і пасведчанне аб заканчэнні VIII дадатковага класа гімназіі ад 1 верасня 1906 года. Пасля заканчэння гімназіі, у 1907–1908 гадах, Вера працавала ў Ніжагародскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, зразумела, што ўладкавацца сюды ёй дапамог дзядзька Адам. У Цэнтральным архіве Ніжагародскай вобласці ў фондзе банка намі выяўлены дакументы з аўтографамі В. Гапановіч, а ў сямейным архіве — даведка аб яе працы ў банку. Ва ўспамінах пра маці Наталія Кунцэвіч адзначала, што Вера Іванаўна мела здольнасці да моў, у размове з сёстрамі і братам Пятром лёгка пераходзіла на французскую, нямецкую альбо лацінскую мову. Любоў да літаратуры і схільнасці да моў падштурхнулі Веру Іванаўну працягваць адукацыю. Яна паступіла вучыцца на гісторыка-філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскіх вышэйшых жаночых курсаў. У сямейным архіве захаваліся яе лісты сваякам, у якіх яна піша пра жыццё ў Пецярбургу, цяжкасці з вучобай: «...пачала рэферат, падзубрываю латынь, трохі нямецкую» (9 кастрычніка 1909 г.), «...жывём звычайна. Крыху сумна, але за заняткамі не заўважаеш. Упарта назужваюся латынню, але баюся прыйсці ў роспач, бо адной вельмі цяжка. Намякала разы два Пятрушу — 2-3 гадзіны на тыдзень многа не склала б — ён не хоча. Вельмі хацела б здаць яе хутчэй. Усё роўна адна да Раства не паспею. Хутка, здаецца, мая чарга рэферат чытаць — таксама ўвесь час рыхтуюся. Наогул заняткаў хапае на ўвесь дзень» (27 кастрычніка 1909 г.).
З-за цяжкага матэрыяльнага становішча Вера вырашыла прасіць дапамогі ў рускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Уладзіміра Караленкі, вядомага сваёй дабрынёй. Вера пазнаёмілася з пісьменнікам 2 снежня 1909 года, гэтую дату яна назвала ў лісце да сястры Ганны і падрабязна апісвала сустрэчу: «Жыве ў велізарным каменным, сапраўдным піцерскім доме, на шостым паверсе, па цёмнай, даволі бруднай лесвіцы. Дзверы маленькія, нізенькія. Сустрэў сам. Я адразу не пазнала яго — спінай да святла стаяў. Але сустрэнь яго на вуліцы, напэўна, таксама не адразу б пазнала. Ён крыху вышэй мяне, але шырокі, мажны, а валасы амаль зусім сівыя. Ласкава сустрэў, правёў у маленькі пакой...» Дзяўчына адзначала, што ва Уладзіміра Галакціёнавіча былі спагадлівыя, ласкавыя вочы і вялікія цёплыя рукі, а яшчэ — велізарнае жаданне дапамагчы дзяўчыне. З ліста становіцца зразумелым, што, перад тым як прыйсці да Караленкі, Вера Іванаўна звярталася з такой жа просьбай да іншых асоб, верагодна, выкладчыкаў курсаў, але дапамогі не атрымала.
Уладзімір Караленка звярнуўся па дапамогу да журналіста Сяргея Пратапопава, які пазней ва ўспамінах пра рускага пісьменніка (часопіс «Утренники», 1922 г.) згадаў і Веру: «У канцы 1909 года да мяне ў Пецярбургу прыйшла дзяўчына гадоў 19-20-ці і растлумачыла, што яна — Вера Іванаўна Гапановіч з Ніжняга Ноўгарада, дзе яе бацька служыць у адным з банкаў. Сям’я вялікая і сродкаў, канечне, мала, а яна, Вера Гапановіч, жадала б тут, у Пецярбургу паступіць на курсы, для чаго ёй трэба заробак». Знешнасць дзяўчыны ўразіла Пратапопава («рост, фігура, рысы твару, валасы і выраз вачэй, голас і рухі — усё зрабіла чароўнае ўражанне»).
Дзякуючы пісьменніку і яго сябру Вера ўладкавалася на працу ў рэдакцыю газеты «Речь» (штодзённая палітычная, літаратурная і эканамічная газета), у сакавіку 1910 года яна збіралася прыняць прапанову — перасяліцца ў кватэру Караленкі, у пакой яго малодшай дачкі, якая з-за хваробы знаходзілася ў Крыме. Пазнаёмілася В. Гапановіч і са старэйшай дачкой пісьменніка Соф’яй, у лісце ад 9 красавіка 1910 года пісала пра яе: «Падалася сімпатычнай, бо мяне сустрэла вельмі ветліва, яна зусім калега» (у сэнсе, што вучылася на бястужаўскіх курсах, як і Вера). У лістах Караленка не раз цікавіўся ў Сяргея Пратапопава, як справы з працай Веры Іванаўны, дзякаваў за дапамогу, перажываў, што з-за праблем са здароўем ёй прыйшлося пакінуць працу. 5 мая 1910 года з Палтавы ён пісаў С. Пратапопаву: «Тут застаў ваш ліст. Дзякуй. Канешне, Веры Іванаўне лепш ехаць дадому, чым з-за няважнай, часовай працы сядзець крукам у Пецярбургу».
Вера мусіла вярнуцца да бацькоў у Ніжні Ноўгарад, яна выйшла замуж за Глеба Ільіча Кунцэвіча, нарадзіла дачку Наталію. Дзяўчына і пасля ад’езду з Санкт-Пецярбурга падтрымлівала сувязь з Уладзімірам Галакціёнавічам і яго сям’ёй, у фондах музея захоўваюцца паштоўкі і ліст ад пісьменніка. Самы ранні ліст напісаны 3 красавіка 1910 года з Алупкі, наступны — 9 чэрвеня 1914 года. Апошні па даце ліст напісаны ў лістападзе 1916 года на адрас: Ніжні Ноўгарад, вул. Піваварная, д. 3, кв. 4.
У гэтым доме доўгі час жылі Гапановічы, у тым ліку і Вера Іванаўна. Сваякамі Веры Іванаўны таксама перададзеныя ў фонды музея ліст Соф’і Караленка і паштовая картка з партрэтам рускага пісьменніка. Па ўспамінах Наталіі Кунцэвіч, яе маці падтрымлівала перапіску з Сяргеем Пратапопавым, незадоўга да смерці яна знішчыла лісты.
Пасля вяртання з Пецярбурга Вера з’ехала ў Ядрын, дзе працавала настаўніцай у пачатковай школе, створанай на заводзе братоў Таланцавых, пасля — настаўніцай у школе Данілавай. Рэвалюцыю 1917 года не прыняла. Суцяшэнне знаходзіла ў культуры — музыцы і літаратуры, у сваіх трох дачушках. Настаўніцай не працавала, але вучыла сваіх дачок, як некалі вучыў Адам Багдановіч Максіма і яго братоў. Вера Іванаўна працавала машыністкай, карэктарам у розных ніжагародскіх канторах, у сямейным архіве захаваліся даведкі і пасведчанні.
У 1920-я гады, калі спатрэбілася дапамога ў зборы матэрыялаў Максіма Багдановіча для падрыхтоўкі першага збору твораў, Адам Ягоравіч звярнуўся па дапамогу да Веры і ў яе асобе знайшоў добрага памочніка: «Дарагая Верачка <...> Будзь ласкава — схадзі ў мясцовую Цэнтральную публічную бібліятэку на Варварцы, спытай там т. Драніцына і папрасі яго пашукаць „Нижегородский листок“ за 1915 г., прыблізна 90-я нумары. У іх надрукаваны пераклад Максімаў апавядання Франка. Канчатак гэтага апавядання ў № 98 ёсць, так што друкаваць не трэба. І наогул пагартай „Листок“ за гэты год: ці не знойдзеш яшчэ што-небудзь Максімава — перадрукуй» (15 верасня 1925 г.), «Усё роўна — ці будзе артыкул перадрукаваны ці перапісаны. Адзін фельетон перапісаць не цяжка» (9 кастрычніка 1925 г.). Вера Кунцэвіч адказна выконвала даручэнні Адама Ягоравіча, нягледзячы на занятасць і хатнія клопаты. Яе эпісталярная спадчына вельмі каштоўная, у фонды музея сваякамі перададзены 41 ліст ад Адама Багдановіча, самы ранні датуецца 20 студзеня 1919 г., апошні напісаны 15 студзеня 1939 года.
15 кастрычніка 1939 года Адам Ягоравіч пісаў пляменніцы: «Зборнік „Вянок“ выдадзены ў абмежаванай колькасці асобнікаў, яшчэ пры жыцці паэта ўвесь разыйшоўся». Бацька пісьменніка, верагодна, не ведаў, што Максім адразу па атрыманні пасылкі з Вільні падпісаў асобнікі для самых блізкіх яму людзей. Кніга, падараваная стрыечнай сястры, беражліва захоўвалася ва ўладальніцы, затым у яе дачкі Наталіі, а пасля смерці апошняй — у сям’і малодшай дачкі Веры Настассі Кунцэвіч. Першай з беларускіх даследчыкаў кнігі — сямейныя каштоўнасці — убачыла Ніна Барысаўна Ватацы ў 1965 годзе, калі наведала родзічаў Багдановічаў у Ніжнім Ноўгарадзе. «Вянок», калісьці падараваны Максімам цётцы Магдаліне, Наталія Глебаўна перадала беларускай даследчыцы, у 1988 годзе гэтая кніга паступіла на захаванне ў музей. «Вянок» Веры родныя пакінулі ў архіве сям’і. Муж Настассі Глебаўны, Аркадзь Бараховіч, у 1983 годзе ў газеце «Горьковский рабочий» апублікаваў артыкул «Дом детства М. Богдановича», адной з ілюстрацый стала фатаграфія тытульнай старонкі «Вянка» з аўтографам паэта. Супрацоўнікі музея ведалі, што кніга знаходзіцца ў надзейных руках, таму перагаворы аб перадачы зборніка ў фонды не вялі. Але марылі калі-небудзь убачыць арыгінальны «Вянок» 1913 года і прэзентаваць у экспазіцыі ці выстаўцы.
Пасля смерці Аркадзя Якаўлевіча на некаторы час перарваліся стасункі супрацоўнікаў мінскага музея з сям’ёй Бараховічаў, таму і «Вянок» знік з поля нашага зроку. У 2024 годзе падчас удзелу ў Дабралюбаўскіх чытаннях мне пашчасціла ўбачыць каштоўны асобнік кнігі, які, як аказалася, Аркадзь Бараховіч перадаў на захаванне ўнуку Рыгору. Менавіта ім, праўнукам Веры, сённяшнім захавальнікам рарытэта, было прынята важнае рашэнне — перадаць зборнік вершаў «Вянок» на часовае захоўванне ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Сімвалічна, што кніга практычна адразу стала экспанатам мастацка-дакументальнай выстаўкі «Мая сям’я», у якой распавядаецца пра самых блізкіх для паэта людзей, у тым ліку і пра Веру Гапановіч (Кунцэвіч). Супрацоўнікі музея пісьменніка сумесна з прадстаўнікамі сям’і будуць працягваць пошук артэфактаў, звязаных з Максімам Багдановічам і яго роднымі, і спадзяёмся, што наперадзе нас чакае нямала яркіх адкрыццяў.
Ірына МЫШКАВЕЦ