Рэгіянальны семінар па лічбавай трансфармацыі і інфармацыйнай бяспецы Digital Day прайшоў у Гомелі.
Сустрэчу прадстаўнікоў улады, бізнесу, адукацыі і IT-супольнасці у рамках Digital Week Gomel арганізавалі Гомельскі аблвыканкам і ААТ «ІнДэв Салюшэнс». Як было акрэслена на пачатку семінара, сёння менавіта надзейнасць дзяржаўных лічбавых сэрвісаў фарміруе давер грамадзян і застаецца адным з галоўных прыярытэтаў нацыянальнай бяспекі краіны. Спікерамі выступілі прадстаўнікі Гомельскага аблвыканкама, эксперты «ІнДэв Салюшэнс», спецыялісты Нацыянальнага цэнтра па забеспячэнні кібербяспекі і рэагаванні на кіберінцыдэнты, Нацыянальнага цэнтра па абароне персанальных даных, Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг і Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам.
На семінары падрабязна разгледзілі галоўныя вектары рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Лічбавая Беларусь» у бліжэйшыя пяць гадоў, развіцця электронных паслуг, абароны інфармацыі і ўкаранення айчыннага праграмнага забеспячэння.
Намеснік генеральнага дырэктара ААТ «ІнДэв Салюшэнс» Сяргей Туромша расказаў, як IT-распрацоўшчыкі бачаць практычнае ўвасабленне дзяржпраграмы і пазначыў яе ключавыя тэхналагічныя кірункі.

— Мы аддаём сабе справаздачу, што для большасці суб’ектаў гаспадарання лічбавізацыя сёння — гэта не прыярытэт, а пытанне другога, магчыма, трэцяга плана. Між тым, нельга не прызнаць, што лічбавізацыя — гэта глабальны трэнд, якім зараз жыве ўвесь свет. Таму наша задача расказаць, чым лічбавізацыя можа быць карысная, і самае галоўнае — чаму гэта эфектыўна? Бо ў нас, магчыма, успрымаюць гэтыя пытанні як грамадскую, сацыяльную ці эканамічную нагрузку, многія прадпрыемствы не бачаць у гэтым нейкага эканамічнага эфекту. На самой справе лічбавізацыя не дзеля лічбавізацыі, а дзеля эфектыўнасці, эканомікі, каб быць сёння канкурэнтаздольным на рынку, — Сяргей Туромша.
Спікер выказаў упэўненасць, што рэгіянальны семінар Digital Day у Гомелі стане для суб’ектаў гаспадарання рэгіёна стартавай кропкай, якая пакажа вектар руху. Намеснік гендырэктара таксама засяродзіў увагу на ключавых кірунках развіцця лічбавізацыі, сярод якіх — штучны інтэлект, воблачныя тэхналогіі, нацыянальныя кросплатформы.
— Гэта і канвергенцыя паслуг, тэхналогій. Тое, як мы кажам сёння — разумны завод, гэта не проста рабатызацыя. Гэта і штучны інтэлект, і воблачныя тэхналогіі, і ў цэлым увесь пералік лічбавых тэхналогій у адзінай прасторы, — дадаў спікер. — Ну і пяты трэкер — гэта такая кібербяспека. На жаль, сёння, чым больш мы паглыбляемся ў лічбавы свет, тым больш мы павінны думаць пра бяспеку. Гэта вельмі важнае пытанне, — падкрэсліў Сяргей Туромша.

Намеснік генеральнага дырэктара таварыства таксама звярнуў увагу на канкрэтныя праекты, над якімі кампанія працуе ў рамках дзяржпраграмы «Лічбавая Беларусь». Сярод іх — сістэма лічбавізацыі кадравай работы на дзяржслужбе, біяметрычныя спосабы ідэнтыфікацыі, рэпазітар праграмнага забеспячэння, лічбавыя вобразы дакументаў, праект «Разумны горад (рэгіён)», перавод ключавых жыццёвых сітуацый у электронны фармат, адзіная сістэма электроннага справаводства і іншыя.
Як падкрэсліў генеральны дырэктар ААТ «ІнДэв Салюшэнс» Алег Белякоў, падобныя маштабныя рэгіянальныя сустрэчы — гэта і магчымасць глыбей патлумачыць, зацікавіць лічбавай павесткай, якая вельмі важна для развіцця нашай краіны і маладое пакаленне. Так, адной з ключавых пляцовак IT-тыдня ў Гомелі сталі прафарыентацыйныя сустрэчы са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога і ГДУ імя Ф. Скарыны. Штогод у ВНУ выпускаюць каля 100 будучых праграмістаў. З іх 25% працаўладкоўваюцца ў IT-кампаніі. У ГДТУ адкрыта пяць сумесных з IT-кампаніямі лабараторый.
— Моладзь — унікальная, і Гомельская вобласць таксама славіцца ўнікальнымі кадрамі, якія працуюць не толькі ў краіне, але і за яе межамі, у буйных сусветных карпарацыях. Таму мы звяртаем увагу менавіта на моладзь, каб рыхтаваць яе да існуючых трэндаў і падыходаў, якія ёсць у свеце. Гэта дае пэўны эфект і вынік, таму што гэта наша будучыня, пакаленне, якое прыйдзе пасля нас і працягне ў тым ліку і IT-тэхналогіі, — выказаў упэўненасць Алег Белякоў.
Спікер звярнуў увагу, што ў рамках IT-тыдня ў Гомелі не будуць пакінуты без увагі і адораныя школьнікі Гомельшчыны. Пасля адкрыцця ІІІ рэспубліканскай алімпіяды па інфармацыйных тэхналогіях сярод студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі IT-Challenge пройдзе дзіцячы турнір па праграмаванні для школьнікаў Гомельскай вобласці. Арганізуюць IT-майстар-класы, разборы рашэнняў, падвядзенне вынікаў і ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў.
— У нашай кампаніі ёсць праект, у рамках якога мы праводзім шэраг мерапрыемстваў адукацыйна-асветніцкай накіраванасці. Узаемадзейнічаем са студэнтамі, расказваем пра маладзёжную палітыку. Сёння гэта з’яўляецца важным напрамкам, і ў сваёй дзейнасці мы звяртаем на гэта асаблівую ўвагу, — рэзюмаваў Алег Белякоў.
Адной з пляцовак IT-тыдня ў Гомелі стала таксама Гомельская цэнтральная гарадская паліклініка. Тут эксперты ў галіне інфармацыйнай бяспекі і распрацоўшчыкі спецыялізаваных медыцынскіх рашэнняў абмеркавалі пытанні лічбавізацыі аховы здароўя, у тым ліку сістэмы абароны інфармацыі ў медыцынскіх установах і ўкараненне медыцынскай платформы дыстанцыйнага маніторынгу пацыентаў у рамках Цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»