Top.Mail.Ru

Адзін завод — адна каманда. «Металург» зноў прывёз Кубак Прэзідэнта на БМЗ

Хакейная каманда «Металург», якая пяты раз заваявала Кубак Прэзідэнта, сустрэлася 28 красавіка з работнікамі Беларускага металургічнага завода (БМЗ), балельшчыкамі горада, перадае БелТА.



«Дзякуй вялікі, хлопцы!», «З перамогай!», «Незабыўная гульня!», «Мы — чэмпіёны», «Адзін завод — адна каманда» — гучнымі прывітаннямі сустракаў калектыў прадпрыемства любімую каманду і галоўны трафей хакейнага сезона — Кубак Прэзідэнта — каля сталядротавага цэха нумар 2. Тут жа арганізавалі фота- і аўтограф-сесіі. Затым трыумфатараў пад самыя гучныя апладысменты ў актавай зале завода віталі балельшчыкі. 

«Пяты раз трымаць у руках Кубак — гэта дастойна. Дастойна той сілы, той мужнасці, якія праявіліся ў камандзе. Асабліва ў цяперашнм сезоне — у плэй-оф хлопцы выйшлі шостымі, але зрабілі ўсё, каб атрымаць перамогу. Яны даказалі, што ў цяжкай барацьбе праяўляюцца сіла і характар», — звярнуў увагу намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Андрэй Бараноўскі. 


Ён пажадаў камандзе і ўсім балельшчыкам усяго самага найлепшага, і каб традыцыя прывозіць Кубак у Жлобін стала штогадовай. Таксама Андрэй Бараноўскі ўручыў сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ад Гомельскага аблвыканкама хакейнаму клубу «Металург».

«Перамога для нас чакана. З першага дня мы верылі ў каманду. Яна была моцна сабраная. Усе звёны ў параўнанні з мінулым чэмпіянатам узмацніліся. Малайцы», — не хаваў эмоцый балельшчык Мікалай Ігнаценка.


Ён падкрэсліў: побач з камандай «Ваўкоў» заўсёды і каманда балельшчыкаў. «Усе мы — воўчая зграя. Арганізоўваем выезды з нашай атрыбутыкай, робім шоу, арганізоўваем прывітанні. Суправаджаем каманду на ўсіх матчах», — расказаў работнік завода.

Мужчына перакананы: вынік матчу ў тым ліку залежыць ад балельшчыкаў. «Балельшчыкі — рухаючая сіла. У нас горад невялікі. Чэмпіёны растуць побач, у гэтай атмасферы, у гэтых эмоцыях. Яны бачаць і адчуваюць хакейны дух», — дадаў Мікалай Ігнаценка.

Сабраць аўтографы ад усіх чэмпіёнаў — задачу свайго 9-гадовага сына Платона выканала на максімум Аксана Коцікава. «Мы з ім балельшчыкі. Ён перажывае за няўдачы, радуецца кожнаму поспеху каманды. На фінальнай гульні два разы паплакалі — у момант, калі ўступалі, а потым ад радасці. Сын паціраў эмблему каманды — ваўка, каб хлопцы абавязкова выйгралі. Скажу, што наш хакей — гэта заўсёды шквал эмоцый. Таму мы заўсёды імкнёмся хадзіць на матчы. Калі не атрымліваецца, дома глядзім, балеем. Ведаеце, гэта такое яднанне ўсёй сям’ёй, бо і дачка мая ў камандзе чырлідараў», — адзначыла субяседніца.


Тры сезоны ў камандзе і двойчы ўжо адчуў смак чэмпіёнства варатар «Металурга» Сяргей Бальшакоў. «Абодва чэмпіёнствы былі складаныя, і мы абодва разы выходзілі з шостага месца. Але самае галоўнае, што мы прайшлі гэты шлях адзіным калектывам, разам з нашымі балельшчыкамі, з нашым заводам. Балельшчыкі дапамагаюць. Гэта архісільна адчуваецца. Націск на саперніка (з трыбун балельшчыкаў. — Заўвага БелТА) быў настолькі (моцны. — Заўвага БелТА), што да мяне знаёмыя хлопцы падыходзілі і гаварылі: у вас немагчыма гуляць. І дзякуючы таму, што балельшчыки „Металурга“ з намі і на ўсіх выездах, заўсёды ствараецца ўражанне, што мы гуляем дома, а не ў гасцях», — адзначыў варатар. 

Даюць эмацыйны зарад сустрэчы з балельшчыкамі і нападаючаму Ілью Шурынаву. «Калі прыязджаеш на такія сустрэчы, адчуваеш яднанне з горадам, заводам, з усімі нашымі балельшчыкам, якія падтрымліваюць. Гэта вельмі важна. Асабліва радасна ў канцы сезона прывезці пераможны трафей», — зрабіў акцэнт ігрок. За апошнія пяць гадоў з Кубкам ён прыязджае ўжо чацвёрты раз. «І, з аднаго боку, кожны раз новыя эмоцыі, таму што сезоны ідуць па-рознаму. З другога — заўсёды бачым, як шчыра радуюцца нашай перамозе на заводзе, усе шчаслівыя. Гэта каласальнае свята, вялікае добрае сямейнае свята», — дадаў Ілья Шурынаў.


Як паведамлялася, 24 красавіка жлобінскі «Металург» перамог смаленскі «Славуціч» у фінале экстралігі і стаў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі па хакеі, пры гэтым упершыню заваяваў тытул на родным лёдзе. Раней «Металург» браў Кубак Прэзідэнта ў 2012, 2022, 2023 і 2024 гадах.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю