Сёння ўсе фальклорныя калектывы раёна апрануты ў нацыянальныя касцюмы, створаныя майстрамі Акцябрскага раённага дома рамёстваў. Тут працуе 8 майстроў, тры з якіх удастоены звання «Народны майстар Беларусі».
Ад сэрца — да сэрца
Загадчыца Дома рамёстваў Таццяна ХАЛАДОК успамінае, што марыла толькі аб адным — каб старадаўнія рамёствы не зніклі. Хацелася, каб дзеці ведалі, як ткалі, вышывалі і ляпілі посуд іх прабабулі. Таму вырашылі адраджаць менавіта тыя рамёствы, якія некалі былі распаўсюджаныя ў ваколіцах Рудабелкі — на тэрыторыі сённяшняга Акцябрскага раёна. Істотную ролю ў гэтым працэсе адыграў і Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», які ладзіцца ў Акцябрскім з канца 1990-х і да гэтага часу і яднае майстроў усёй краіны.
Сёння больш за сотню школьнікаў спяшаюцца ў раённы дом рамёстваў пасля ўрокаў — тут для іх праводзяцца заняткі па саломапляценні, ганчарстве, аплікацыі, пляценні паясоў і іншых відах традыцыйных рамёстваў. Дзеці з задавальненнем шыюць лялек, лепяць керамічныя цацкі, а потым з любоўю іх дораць сваім блізкім. Ёсць і дарослае аб’яднанне «Абярэг» — для тых, хто вяжа і вышывае «для душы». Яго ўдзельніцы дзеляцца адна з адной вопытам, падтрымліваюць у дабрачыннасць. Для аднаго з такіх праектаў — клуб «28 вочак» — жанчыны вяжуць ваўняныя рэчы для неданошаных немаўлят. Гатовыя вырабы перадаюць валанцёрам, якія адвозяць падарункі ў радзільні і дамы малюткі: «Цёплая воўна стымулюе нервовыя канчаткі, — распавядае Таццяна Васільеўна. — Таму, калі дзетак укрываюць нашымі коўдрамі, апранаюць ім нашы шапачкі, шкарпэтачкі, мы нібы самі саграваем іх. Спадзяюся, ад гэтага яны хутчэй папраўляюцца, набіраюцца сіл».
Руку майстра відаць адразу
Майстры ўстановы — актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў. «Дзе б мы ні былі (у Беларусі, Расіі ці дзесьці яшчэ за мяжой), нас па вырабах тут жа пазнаюць. Бывае, прыязджаем і чуем: „А, гэта Акцябрскі прыехаў!“ Таму што запамінаюць нашы выставачныя вырабы, іх адметныя рысы: традыцыйныя беларускія ўзоры, асаблівыя ручнікі, лялечкі, наш народны строй. Апошні стаў своеасаблівай візітнай карткай раёна», — з гонарам расказвае Таццяна Васільеўна.
Па словах загадчыцы, у Гомельскай вобласці няма іншых месцаў, дзе майстры прафесійна займаліся б адраджэннем традыцыйнага строю. Да таго ж шматгадовы досвед і нагляднасць з упэўненасцю дазваляюць ёй сцвярджаць: нацыянальны беларускі ўбор у кожным населеным пункце, кожнай вёсцы — свой:
«У кагосьці каўнерык падвойны, у кагосьці стоечка з брыжыкамі, у кагосьці зашпілька менавіта ззаду на гузік. Усё гэта дробязі, але з іх складваецца характар мясцовага строю». Напрыклад, уборы, якія калісьці існавалі ў Акцябрскім раёне, адносяцца да калінкавіцкага строю Гомельскай вобласці, але маюць мноства лакальных асаблівасцяў. Дзесьці ў вышыўцы больш геаметрыі, дзесьці — раслінных узораў. Як кажа Таццяна Халадок, «руку майстра бачна адразу»: «Нашы продкі вышывалі простым крыжыкам, балгарскім, прошвай, роўняддзю. Але кожная майстрыха ўсё роўна дадавала нешта сваё. Памятаю, як мая бабуля ткала посцілкі. Калі заканчвалася чырвоная нітка, брала бардовую — і ўзор мяняўся, станавіўся толькі больш цікавым».
У памяць аб продках
Адна з ключавых і самых складаных задач — аднаўленне старажытных узораў. Гэты працэс патрабуе велізарнага цярпення: за аснову бяруцца музейныя экспанаты або сямейныя рэліквіі (некаторым можа быць больш за 200 гадоў), малюнак гафту пераносіцца на паперу, і толькі потым скрупулёзна аднаўляюцца яго страчаныя фрагменты. У 2017 годзе Дом рамёстваў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а за грашовы складнік прэміі набылі вышывальную машыну. На ёй гафт выконваецца хутчэй і каштуе значна танней, але бліжэй да сэрца заўсёды ручная праца, бо майстар укладвае ўсю сваю душу ў зроблены ім узор. А традыцыйныя касцюмы майстры Акцябрскага раённага дома рамёстваў вырашылі паказваць дзецям у асноўным на ляльках — так і прасцей растлумачыць, расказаць пра ўсе дэталі, і на выраб ідзе менш часу. Аказваецца, кожная дэталь мае значэнне: напрыклад, адсутнасць фартуха на ляльцы паказвае, што гэта гарнітур дзяўчыны, у той час як тая, што выйшла замуж, насіла акрамя яго яшчэ і галаўны ўбор. Лялька «Дзесяціручка» дарылася жанчыне, каб тая паспявала ўсё рабіць.
Цэнтральнай фігурай у лялечным свеце часта выступала «Берагіня», якая быццам раздае заданні ўсім астатнім абярэгам.
Але прыцягнуць дзяцей да карпатлівай працы над такімі вырабамі бывае няпроста. Спачатку яны захоплена запісваюцца ў гурткі, але потым, убачыўшы, колькі цярпення і ўседлівасці патрабуецца, хутка губляюць энтузіязм. Нягледзячы на гэта, цікавасць да традыцыйнай творчасці ўсё яшчэ ёсць у маладога пакалення. Увогуле, укараніць у душы маладых людзей пачуццё прыгажосці і павагі да традыцыйных мастацтваў, захаваць тым самым жывую сувязь пакаленняў — галоўная мэта майстроў.
Аміна НАЗАРАВА
фота аўтара