Top.Mail.Ru

Адзіная задача — захаваць краіну

Карэспандэнты «Звязды» ў кулуарах фінальнага канцэрта акцыі «Марафон адзінства» пагутарылі з вядомымі беларусамі і не толькі. У «Мінск-Арэне» сабраліся жыхары ўсіх рэгіёнаў краіны. Іх аб’ядновае любоў да сваёй зямлі, гонар за дасягненні суверэннай Беларусі, упэўненасць у мірнай і шчаслівай будучыні.


Міністр культуры Руслан Чарнецкі:

— Акцыя «Марафон адзінства» паказала, што беларусы за гэтыя чатыры-пяць гадоў сапраўды згуртаваліся. Запыт на такую акцыю лунаў у паветры вельмі даўно. Пасля ўсіх ковідаў, якія нас раз’ядноўвалі, падзей 2020 года, якія таксама спрабавалі нас раз’яднаць, нам патрэбен быў нейкі матывацыйны штуршок, каб мы сапраўды аб’ядналіся і сталі мацнейшымі. Каб мы адно аднаго ўбачылі, каб ведалі ў твар, адчулі, што ў нас ёсць падтрымка адно аднаго і нашага Прэзідэнта.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін:

— Нашы продкі казалі: «Калі мы адзіныя, мы непераможныя». Беларусы здаўна ўмеюць працаваць разам, разам вырашаць праблемы. Асабліва ў вёсках людзі разам і хаты будавалі, і вяселлі святкавалі, разам у апошні шлях праводзілі. Гэта неабходна і сучаснаму чалавеку. Па задуме Тварца чалавек створаны для жыцця з падтрымкай іншых людзей. І ў той жа час кожны павінен адказваць узаемнасцю бліжняму. І ў гэтым вялікі сэнс акцыі «Марафон адзінства».

Ірына Ляўчук, жыхарка Полацка:

— Акцыя «Марафон адзінства» выклікала цікавасць у звычайных грамадзян. Гэта здорава, гэта прыгожа, гэта цудоўна! Такія акцыі аб’ядноўваюць наш народ, асабліва ў гэты найважнейшы час. Самае галоўнае, што ў нас над галавой — мірнае неба. Вялікае шчасце —прачынацца кожную раніцу. Ужо столькі гадоў пражыўшы на гэтай зямлі, мы сталі бліжэй да Прэзідэнта, і гэта здорава. Мы бачым усе яго эмоцыі, усе яго пачынанні. Бачым, як ён хвалюецца, перажывае, бо хоча, каб мы з вамі жылі ў мірнай краіне.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец:

— «Марафон адзінства» — гэта магчымасць аб’яднацца. Мы бачым, наколькі важна, што ўсе нашы намаганні накіраваны на тое, каб наша краіна і далей працягвала рухацца тым курсам, які вызначыў наш Прэзідэнт. Мы ўжо 30 гадоў з упэўненасцю глядзім наперад, у мірнае неба, думаем аб развіцці сацыяльнай сферы, адукацыі, нашых дзецях. Усе цудоўна разумеюць, што пераемнасць пакаленняў і стваральная праца сёння з’яўляюцца самым важным. Eсць нямала гарачых галоў, якія заклікаюць да нейкіх радыкальных перамен. Але мы бачым, што толькі на стваральнай працы і толькі разам мы зможам рухацца да нашай будучыні.

Дэкан факультэта журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў:

— Акцыя «Марафон адзінства» падкрэсліла, што ў Беларусі няма гарадоў, вёсак, людзей нейкага другога або трэцяга гатунку, паколькі акцыя ахапіла большасць населеных пунктаў і самыя далёкія куточкі нашай краіны. Туды прыехалі вядомыя людзі, лідары меркаванняў, прадстаўнікі ўлады, сферы мастацтва. Людзі маглі задаць любое пытанне па тэме, якая іх цікавіць, тым, хто ў гэтым разбіраецца, людзям, якія прымаюць рашэнні і нясуць адказнасць. Гэта ўсё паказвае, што ў беларускай дзяржавы ад сваіх грамадзян няма ніякіх таямніц, што ёсць жаданне дайсці і дастукацца да кожнага. «Марафон адзінства» дапамог развіць актыўнасць: і палітычную, і грамадзянскую ў нашым грамадстве. Усе здаровыя сілы вывеў на паверхню, прыцягнуў да сябе ўвагу. Гэта акцыя сапраўды дайшла практычна да кожнага чалавека, кожнага куточка нашай краіны, што яшчэ раз сведчыць аб тым, што Беларусь — гэта адна дзяржава, што беларускі народ — гэта адзіны народ, што ў нас няма ўнутры расколу, непаразумення паміж грамадзянамі і што наша агульная задача — будаваць сучасную суверэнную Рэспубліку Беларусь.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава:

— «Марафон адзінства» падвёў вынік таго, як мы пражылі апошнія пяць гадоў, наколькі мы не проста аб’ядналіся ў нейкай адной справе, а наколькі мы сталі адзіныя ў самым галоўным — захаванні сваёй краіны суверэннай і незалежнай. Самае галоўнае — у нас ёсць адзіная мэта — развіццё нашай краіны, якое знойдзе адлюстраванне ў нашых дзецях, бо будучыня — за імі. А мы сёння — яркі прыклад таму, як трэба будаваць новую Беларусь. І акурат марафон, падводзячы вынікі, чарговы раз нагадаў нам усім, хто такія беларусы. Мы цудоўна разумеем, што не можам стварыць будучыню, не ведаючы сваёй гісторыі. І дакладна так жа разумеем, што мы ніколі не пабудуем моцнай краіны, калі не будзем працаваць над развіццём дабрабыту ўсе разам. Праца кожнага чалавека — залог таго, што мы ўбачым у нашых дзецях і ўнуках.

Малады бабруйчанін Вадзім Белавусаў:

— Акцыя праехала многія гарады, прадэманстравала нашу культуру. Простыя людзі маглі далучыцца да ўсіх мерапрыемстваў і атрымаць асалоду ад нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Вялікая колькасць людзей брала ўдзел у мерапрыемствах акцыі, якая адназначна аб’яднала розныя слаі насельніцтва. Настроі людзей сведчаць аб тым, што мы як ніколі адзіныя. Кіраўнік дзяржавы часта кажа, што будучыня — за моладдзю. Маладыя людзі вельмі актыўныя ва ўсіх сферах: і ў спорце, і ў навуцы, і ў культуры. У краіне створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі і развіцця сябе як асобы, грамадзяніна нашай краіны.

Заслужаная артыстка Беларусі Вікторыя Алешка:

— Эмоцыі ад «Марафону адзінства» засталіся самыя неверагодныя. Кожны горад непаўторны, у кожным свая непаўторная атмасфера. Я атрымала каласальнае задавальненне і зарадзілася энергіяй надоўга. Праз пяць гадоў пасля таго ўзрушэння ў 2020-м мы разумеем, што яно нам было патрэбна. Патрэбна, каб адчуць і зразумець нашу беларускую сілу. Мы зразумелі, што такое адзінства. Калі мы ўстанем разам — мы непераможныя. І калі мы разам, ніхто не скажа, што беларусы «памяркоўныя». У такія моманты ўсе разумеюць, што мы моцныя. І самае галоўнае, што за апошнія пяць гадоў усе беларусы гэта зразумелі і адчулі.

Мінчанкі Аксана Бацэвічус і Наталля Ранчко:

— Мы прысутнічаем на важнай падзеі, якая паказвае яднанне нашага народа. Вельмі шмат аўтобусаў з рэгіёнаў — гэта сведчыць аб тым, што людзі неабыякавыя да таго, што адбываецца ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што мы жывём далёка адно ад аднаго, мы ўсё роўна разам. Мы сюды прыйшлі, каб падтрымаць нашага лідара. Мы жывём у нашай краіне даўно і хочам жыць у нашай мірнай Беларусі так жа спакойна, як гэта ёсць да сённяшняга дня.

Маладыя спецыялісты Беларускай цэментнай кампаніі Людміла Валюшка, Уладзіслаў Усаў і Ганна Свідзерская:

— «Марафон адзінства» згуртаваў моладзь. Мы ўсе — адна вялікая каманда. Мы ўсе разам за нашу моцную і квітнеючую Беларусь. Нашай моладзі будаваць нашу краіну, жыць у ёй, прасоўваць нацыянальныя інтарэсы, рабіць усё для таго, каб над нашай зямлёй заўсёды было мірнае неба. Сёння нельга заставацца абыякавымі да ўсяго таго, што адбываецца ў нашай краіне. Цяпер важны голас не толькі актыўнай моладзі. Важны голас кожнага.

Фота Лізаветы ГОЛАД, БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю