Маладзёжны сімфанічны аркестр — адзін з праектаў, які адбываецца пад патранатам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Ён заснаваны ў 2008 годзе, нейкі час быў перапынак у дзейнасці, але ў 2023-м аркестравае супрацоўніцтва маладых музыкантаў аднавілася. У складзе аркестра 90 маладых музыкантаў з Беларусі і Расіі, якіх аб’ядноўвае энергія мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора, народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета.
— Важна тое, што ўсе займаюцца музыкай і любяць яе, — падкрэсліў скрыпач Грант Башмет. — Усе прыкладна аднаго ўзросту, нас збліжаюць не толькі музычныя інтарэсы, а пачуццё гумару, агульныя моманты нашых сусветаў. Сыграцца не складана, таму што ўсе выконваюць адну і тую ж музыку, больш-менш аднолькава яе адчуваюць і разумеюць.
Напярэдадні гэты калектыў сабраў аншлаг у Вялікай зале Маскоўскай кансерваторыі, пасля чаго маладыя музыканты прадставілі сваю праграму мінскай публіцы. Вечар быў прысвечаны творчасці Пятра Чайкоўскага і Сяргея Рахманінава.
— Вельмі моцны склад атрымаўся. У нас саліруе і беларуская віяланчэлістка Святлана Каратчэня, і расійскі трубач, і мой унук — ён іграе на скрыпцы, якую я ў свой час набыў у Мінску, — расказаў маэстра Юрый Башмет, які на мінскай сцэне атрымаў узнагароду — медаль «За ўнёсак у развіццё Саюзнай дзяржавы».
Гэта ўзнагарода была заснавана ў 2024 годзе. І падчас канцэрта Беларуска-расійскага маладзёжнага сімфанічнага аркестра адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння медалёў таксама дзяржаўным дзеячам, прадстаўнікам прамысловай сферы, навукі, культуры Беларусі. Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў адзначыў плён супрацоўніцтва па лініі Саюзнай дзяржавы па розных кірунках. У прыватнасці, у цяперашні час ідзе работа па распрацоўцы стратэгіі развіцця агульнай інфармацыйнай прасторы і агульнай маладзёжнай палітыкі.
Ларыса ЦІМОШЫК