Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім створана рабочая група па дапрацоўцы праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026—2030 гады. У склад гэтай групы ўключаны дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, дзейныя і былыя кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады, арганізацый рэальнага сектара эканомікі, навуковых і грамадскіх арганізацый. Кіраўніком прызначаны Раман Галоўчанка. Першае пасяджэнне рабочай групы прайшло ў панядзелак у Нацбанку.
Асаблівасцю праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026—2030 гады з’яўляецца тое, што яна ўпершыню падлягае зацвярджэнню на Усебеларускім народным сходзе ў адпаведнасці з прынятымі зменамі ў Канстытуцыю. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, прапановы па дапрацоўцы праграмы перш за ўсё датычацца выкарыстання сістэмнага падыходу ў выбудоўванні прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, забеспячэння іх узаемаўвязкі з актуальнымі праблемамі і перспектывамі развіцця. «Таксама была звернута ўвага на недастатковую напружанасць асобных індыкатараў, недастатковасць новых інавацыйных праектаў развіцця краіны і г. д. Асноўнай мэтай стварэння такой прадстаўнічай рабочай групы з’яўляецца аператыўная дапрацоўка праекта праграмы з улікам меркавання членаў Усебеларускага народнага сходу. Асабліва падкрэслю, што наша задача — не напісаць нейкі новы дакумент, нагадаю, што канцэпцыю праекта ў цэлым кіраўнік дзяржавы ўзгадніў. Работа праведзена вялікая, і базавую аснову дакумента мы падтрымліваем. Але неабходна зірнуць на абраныя прыярытэты, кірункі і задачы комплексна, пад рознымі вугламі. Мэта ў нас адна — зрабіць адзіны дакумент будучага развіцця краіны. І гэты дакумент павінен быць максімальна простым для ўспрымання, каб кожнаму грамадзяніну было зразумела, якіх мэт плануе дасягнуць краіна за бліжэйшыя пяць гадоў», — адзначыў ён.
«На наш погляд, прыярытэты пяцігодкі павінны быць канкрэтнымі і адначасова аб’ёмнымі, накіраванымі на дасягненне мэт пяцігодкі, садзейнічаць устараненню сістэмных дыспрапорцый і ўразлівасцяў, якія застаюцца. Пакуль мы бачым, што некаторыя прыярытэты выглядаюць дастаткова вузкімі, хутчэй з’яўляюцца інструментамі дасягнення больш шырокіх задач.
Напрыклад, арэнднае жыллё, рамонт і будаўніцтва дарог і гэтак далей. Акрамя таго, павінна быць забяспечана спалучанасць гэтых прыярытэтаў з прыярытэтамі нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года. Нагадаю, іх там пяць: сямейныя каштоўнасці і асобасны рост, якасная адукацыя, тэхналагічная незалежнасць і пабудова інтэлектуальнай эканомікі, канкурэнтнае і даступнае бізнес-асяроддзе, экалагічная бяспека і рэсурсаэфектыўнасць. Адсюль і задача рабочай групы — трэба ўдакладніць прыярытэты пяцігодкі», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.
- Яшчэ да першага пасяджэння члены рабочай групы сфармулявалі прапанаваныя прыярытэты. Іх атрымалася шэсць. «Першае — захаванне насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям’і. Другое — развіццё чалавечага патэнцыялу, якасная адукацыя, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы. Трэцяе — стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця. Чацвёртае — рост канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі і паскарэнне тэхналагічнага развіцця. Пятае — лічбавая трансфармацыя эканомікі і дзяржаўнага кіравання, развіццё эканомікі даных. Шостае — развіццё ўнікальнага патэнцыялу кожнага рэгіёну. Гэта, падкрэслю, нашы папярэднія прапановы, магчыма, вы прапануеце нешта змяніць, дапоўніць», — звярнуў увагу старшыня праўлення Нацбанка.
Калі будуць вызначаны прыярытэты, будуць і больш дакладна сфармуляваны задачы пад кожны з іх. «Гэта якраз другі аспект. Папярэдне мы бачым, што пэўная колькасць задач праграмы носіць дастаткова дэкларатыўны характар. Шэраг галіновых задач маюць форму працэсу, а не выніку. Гэта значыць, фокус зрушаны на працэдурныя крокі, а не на канчатковыя дасягненні. Таму вельмі цяжка будзе ацаніць іх выкананне. Выкарыстоўваюцца такія словы, як „паскарэнне“, „павышэнне“ і г. д. На наш погляд, аптымальным было б вызначыць у ключавых кірунках некалькі задач — канкрэтных, якія будуць уносіць істотны ўклад. Нашай рабочай групе неабходна вызначыць верхнеўзроўневыя задачы для кожнага прыярытэту. Таксама асаблівай увагі патрабуюць індыкатары выканання і іх стыкоўка з задачамі», — зрабіў акцэнт Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, узнікаюць пытанні наконт суадноснасці індыкатараў і заяўленых мэт. «Напрыклад, што датычыцца лічбавай эканомікі, там індыкатар — перавод 97 адміністрацыйных працэдур у электронны выгляд. На наш погляд, гэта не можа выступаць асноўным паказчыкам росту лічбавізацыі эканомікі. Гэта хутчэй сведчыць аб узаемаадносінах грамадства з дзяржавай і стварэнні зручнага асяроддзя для жыцця, чым уласна аб развіцці лічбавай эканомікі. Таму яшчэ адна задача рабочай групы — вызначыць, якія паказчыкі, індыкатары нам паставіць для дасягнення прыярытэтаў і задач», — абазначыў старшыня праўлення Нацбанка.
«Яшчэ адзін прабел, які кідаецца ў вочы, — гэта верхнеўзроўневыя макрапаказчыкі і іх узаемасувязь з доўгатэрміновымі дакументамі. Фактычна ў праграме іх няма або вельмі мала. З аднаго боку, без такіх індыкатараў немагчыма ацаніць рэальны прагрэс, у тым ліку ў параўнанні з іншымі краінамі, у дасягненні ключавой мэты праграмы — пераходу да новых стандартаў жыцця. З іншага боку, індыкатары павінны адлюстроўваць мэту па павышэнні канкурэнтаздольнасці краіны, навукаёмістасць, прадукцыйнасць і г. д. Гэта класіка, без якой немагчыма абысціся. Таму трэба паглядзець, якія макрапаказчыкі павінны быць уключаны ў праграму і, самае галоўнае, выставіць іх дастатковы ўзровень», — дадаў Раман Галоўчанка
«Праведзеная ўрадам і Мінэканомікі работа над праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў цэлым заслугоўвае высокай ацэнкі. Але ёсць прабелы, якія трэба дапрацаваць, і зрабіць гэта рабочая група зможа толькі разам з урадам. Таму вялікая нагрузка кладзецца і на Міністэрства эканомікі, і на галіновыя міністэрствы», — сказаў на заканчэнне старшыня праўлення Нацбанка".