Ёсць падзеі, значэнне якіх не цьмянее ад няўмольнага бегу часу. Да такіх падзей адносіцца Перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Колькі б дзесяцігоддзяў ні прайшло, памяць пра подзвіг доблесных пераможцаў і падзяка за заваяваную свабоду назаўсёды захаваюцца ў нашых сэрцах. Гэта асабліва важна сёння, калі нарастае дэструктыўная рыторыка шэрагу краін у дачыненні да суверэнных дзяржаў, якія не жадаюць беспярэчна ўбудоўвацца ў навязваемы звонку «парадак». Менавіта таму галоўная тэма гарадскога дня інфармавання гэтым разам носіць такую сімвалічную назву — «Подзвігу народа жыць у стагоддзях. Да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне».
У якасці спікераў на сустрэчы выступілі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч, старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў, генеральны дырэктар агенцтва «Мінск-Навіны» Андрэй Крывашэеў, а таксама малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў. Мадэратарам стала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Вольга Чамаданава.
Хутка мы адзначым 80-годдзе Вялікай Перамогі, і яна мае вялікае значэнне для беларускага народа. Пра гэта заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч: «Асобныя дзеячы, ангажаваныя Захадам, любяць вінаваціць беларусаў, што мы вельмі шмат увагі ўдзяляем Вялікай Айчыннай вайне. Але на гэта ў нас ёсць дзве вельмі важкія прычыны. Па-першае, калі б не Перамога, не было б ні беларусаў, ні нашай дзяржаўнасці. А другая прычына ў тым, што падзеі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай найбольш часта падвяргаюцца скажэнням і фальсіфікацыі. І сёння тут мы пагаворым і пра спробы фальсіфікацыі, і пра тое, што сапраўды давялося перажыць нашым продкам».
Гэтым разам на сустрэчы было шмат моладзі: удзел у дні інфармавання ўзялі навучэнцы каледжаў, прадстаўнікі студэнцкіх калектываў, юнакі і дзяўчаты з працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый. Аўдыторыю падабралі невыпадкова: менавіта маладыя людзі ў будучыні стануць захавальнікамі той памяці, якую ім перадасць старэйшае пакаленне сведак вайны. І тым каштоўней, што ў маладых людзей была магчымасць наўпрост пагутарыць з вязнямі і задаць ім свае пытанні.
«Мае бацькі трапілі ў аблаву на рынку ў 1942 годзе, былі вывезеныя ў фільтрацыйны лагер Бяла-Падляска ў Польшчы. Там іх разлучылі. Маці суткі была ў Асвенцыме, а потым яе перанакіравалі ў канцлагер у Чэхіі. Там у красавіку 1943 года я і нарадзіўся. Вызвалены мы былі 9 мая 1945-га і былі перанакіраваны ў фільтрацыйны лагер у Будапешт. Бацькі атрымалі дазвол вярнуцца ў Мінск, ішлі пешшу дадому з Будапешта 29 дзён. Толькі ў канцы чэрвеня ў Мінск прыйшлі. А потым пачалося пасляваеннае жыццё, — расказаў Фёдар Дрозд. — Хочацца, каб маладыя людзі памяталі, што Чырвоная Армія перамагла, што Савецкі Саюз страціў звыш 27 мільёнаў чалавечых жыццяў. Каб разумелі, што мы жывём у Беларусі — самай цудоўнай краіне на зямным шары».
Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў журналістыкі Уладзімір Ландар адзначыў, што да 80-годдзя Перамогі плануецца да выхаду ўнікальнае друкаванае выданне «Нашчадкі Перамогі пра подзвігі пераможцаў». Паводле яго слоў, ветэраны сыходзяць, і застаецца вельмі мала тых, хто можа расказаць пра вайну: «Таму ў новай кнізе будуць нарысы былых акул пяра, якія пісалі калісьці пра герояў вайны і з імі сустракаліся, жылі з імі. Аўтары матэрыялаў з гэтай кнігі нарадзіліся пад бамбёжкамі, у зямлянках, у разбураных гарадах і спаленых вёсках. Гэта людзі, якія нам з вамі прынеслі сапраўдную інфармацыю, не проста выдуманую, якой цяпер ужо не знойдзецца. Ідэя стварэння кнігі падалася нам вельмі добрай, і цяпер яе заканчваем. Вокладку я ўжо паглядзеў, засталася вёрстка».
Акрамя таго, удзельнікі ўбачылі тэматычную прэзентацыю і відэаролікі. У рэжыме анлайн да трансляцыі падключыліся дзевяць раёнаў сталіцы. У агульнай складанасці дзень інфармавання аб’яднаў каля тысячы чалавек.
Фота з адкрытых крыніц