Памяць у імя будучыні
За Перамогу над нацызмам у Вялікай Айчыннай і ў Другой сусветнай войнах самую высокую цану заплаціў савецкі народ. Гэта агульнавядома. Аднак чым далей сыходзіць у гісторыю пераможны май 1945-га, тым больш настойлівымі і цынічнымі становяцца спробы скажэння гісторыі, прыніжаючыя ўнёсак Савецкага Саюза ў Вялікую Перамогу над фашысцкай Германіяй. І сёння наша агульная задача — не дапусціць забыцця гераічнага подзвігу нашага народа і свята шанаваць трагічныя старонкі нацыянальнай гісторыі ў імя міру, які не можа існаваць без горкай, але светлай памяці пра кожнага, хто паклаў сваё жыццё на алтар Перамогі.
Памяць аб вайне — не фармальнасць
У Брэсце адной з пляцовак для адкрытай размовы стала ЗТАА «Анрэкс». З працоўным калектывам прадпрыемства сустрэўся намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Ігар БРЫЛЕВІЧ.
Ён падкрэсліў, што сёння асабліва важна захоўваць гістарычную праўду і перадаваць яе наступным пакаленням. Памяць аб вайне — не фармальнасць. Гэта не толькі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, але і ўнутраная адказнасць кожнага чалавека.

— Мы павінны памятаць пра гады Вялікай Айчыннай вайны, пра тое, праз што прайшла наша краіна, якія невыносныя выпрабаванні перажылі людзі, колькі загінула мірных жыхароў, — цытуе сенатара sb.by. — Нашы грамадзяне павінны ведаць гэту праўду, перадаваць яе дзецям і ўнукам. Зусім хутка настане момант, калі побач з намі не застанецца жывых відавочцаў той страшнай вайны. Таму адказнасць за захаванне памяці ляжа ўжо поўнасцю на нас.
У ходзе сустрэчы гаварылі і аб сучасных задачах. Спікер падкрэсліў: захаванне міру і незалежнасці непасрэдна звязана са стабільнасцю эканомікі, развіццём рэальнага сектара, адказным стаўленнем кожнага чалавека да сваёй справы.
— Ад таго, наколькі ўстойліва будзе развівацца эканоміка, залежыць не толькі дабрабыт краіны, але і яе бяспека. Таму кожны на сваім працоўным месцы робіць адну агульную справу, важную для будучыні Беларусі, — рэзюмаваў Ігар Брылевіч.
Найвялікшае дасягненне
Старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег ЖЫДКОЎ сустрэўся з работнікамі Гродзенскай тытунёвай фабрыкі. Ён нагадаў аб тым, як важна зберагчы памяць аб подзвігах нашага народа і барацьбе супраць нацызму:
— Падчас уручэння ўзнагарод выбітным дзеячам розных галін напярэдадні Дня Перамогі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь, якая страціла кожнага трэцяга жыхара ў гады Вялікай Айчыннай вайны, разбураная і спаленая, але не зламаная, разам з іншымі народамі Савецкага Саюза вызваліла свет ад фашысцкай пагрозы. Гэта найвялікшае дасягненне, якое мы абавязаны памятаць і шанаваць. Больш за 80 гадоў мы жывём пад мірным небам упершыню за ўсю гісторыю беларускай зямлі.
Кранае кожнага
У Гомельскім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэце адзіны дзень інфармавання правяла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА:
— У Беларусі праўда пра трагічныя падзеі мінулага не падлягае ніякім рэвізіям і надзейна абараняецца ад скажэнняў. Захаванне гістарычнай праўды і памяці замацавана ў Канстытуцыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі, і гэта не павінна больш ніколі паўтарыцца.

У Беларусі праводзіцца шмат разнапланавых патрыятычных мерапрыемстваў, і асаблівая роля ў іх адведзена рабоце з моладдзю. Працягваецца пошукавая і даследчая работа па ўстанаўленні і ўвекавечанні памяці загінулых абаронцаў. Па словах спікера, цяжка пераацаніць значэнне рэспубліканскай акцыі «Вахта памяці». Гэта і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў, і шэфская дапамога ветэранам, і работа з архівамі, і ганаровая варта на месцах пахаванняў герояў, і распрацоўка маршрутаў па месцах баявой славы.
Алена Маргунова паведаміла, што ў сістэме Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі нарадзіўся свой патрыятычны праект:
— Нашы супрацоўнікі збіралі звесткі па архіўных матэрыялах аб героях Вялікай Айчыннай вайны ў сваіх сям’ях. У выніку ў нас атрымаліся вельмі цікавыя эсэ. Потым мы зрабілі ролікі, якія публікавалі ў нашым афіцыйным тэлеграм-канале, і выпусцілі ??кнігу «Родныя твары Перамогі».
Гэта выданне Алена Маргунова перадала ў бібліятэку ўніверсітэта.
Наша сіла — у адзінстве
Тэма, прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, вельмі актуальная для кожнага беларуса. У гэтым у чарговы раз пераканалася начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына МУЗЫЧЭНКА на сустрэчы з супрацоўнікамі кампаніі «Шафаг 88», якая займаецца сервісным абслугоўваннем:

— Памяць аб жахах Вялікай Айчыннай вайны ў крыві беларускага народа. Практычна кожная сям’я панесла страты. На тэрыторыі нашай краіны нямецка-фашысцкія акупанты стварылі 570 лагераў смерці, правялі больш за 180 буйных карных аперацый, знішчылі больш 12 680 вёсак, а 290 населеных пунктаў паўтарылі лёс Хатыні. Мы не павінны забываць пра гэта.
Кацярына Музычэнка нагадала, што ў 2021 годзе Генеральнай пракуратурай была распачата крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны:
— Галоўная наша задача — не даць нядобразычліўцам перапісаць нашу гісторыю. Трэба заўсёды помніць, што мы ўнукі і праўнукі пераможцаў. Ніякі рэванш краіны Захаду ў Беларусі не змогуць ажыццявіць. Беларускі народ пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка яскрава дэманструе, што ён, як і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адзіны.
У фармаце адкрытага дыялогу
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар КАРПЕНКА гаварыў аб важнасці захавання гістарычнай праўды і недапушчальнасці любых спроб рэабілітацыі нацызму з выкладчыкамі і студэнтамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта:

— Вайна закранула кожнага з нас. Шмат у каго ёсць сваякі, якія ваявалі, партызанілі ці пацярпелі ад акупацыйнага рэжыму. Гэта тэма аб’ядноўвае беларусаў, як ніякая іншая. Вельмі важна, каб маладое пакаленне ведала і памятала пра гэта.
Размова ў цэху
Міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР паразмаўляў з работнікамі прадпрыемства УП «Вердымар», якое ўваходзіць у холдынг «Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка», прама ў цэху. Ён падкрэсліў, што 22 чэрвеня 1941 года — знакавая гістарычная дата для Беларусі. Для нашага народа Вялікая Айчынная вайна застаецца незагойнай ранай. Акрамя таго, міністр расказаў аб бягучай сітуацыі ў эканоміцы краіны.
Паводле нашых карэспандэнтаў