Першы гарадскі суботнік сабраў у Віцебску каля 45 тыс. удзельнікаў, якія наводзяць парадак у парках і скверах, паведаміла БелТА.
Супрацоўнікі гарвыканкама добраўпарадкавалі тэрыторыю помніка героям Айчыннай вайны 1812 года і Алеі Герояў на Успенскай горцы. Пасля інструктажу па абыходжанні з інвентаром віцябляне прыступілі да афарбоўкі агароджаў, прыбірання прэлай лістоты, рыхлення глебы на клумбах. Таксама ў работах па добраўпарадкаванні знакавага аб’екта прыняў удзел намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.

Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў расказаў журналістам, дзе яшчэ вядуцца работы па навядзенні парадку.
«Сёння ў Віцебску праходзіць гарадскі суботнік. Яго мэта — у цэлым навесці парадак пасля зімы, ачысціць горад ад стыхійнага смецця, леташняй лістоты, пафарбаваць максімальна ўсе зношаныя за зіму элементы — лаўкі, дэкаратыўныя агароджы. Мы не чакалі рэспубліканскага суботніка: з 16 сакавіка абвешчаны месячнік па санітарным утрыманні, у які мы і ўключыліся. Таксама кожны суб’ект гаспадарання выйшаў на прылеглую тэрыторыю, каб навесці чысціню. У суботніку задзейнічаны каля 45 тыс. чалавек. Адміністрацыі раёнаў горада вызначылі пляцоўкі па навядзенні парадку — у асноўным гэта безгаспадарныя зоны альбо зоны з масавым знаходжаннем людзей, паркі, скверы. Такіх пляцовак у абласным цэнтры — каля 50. Мы таксама актыўна заклікалі і жыхароў горада паўдзельнічаць у прыборцы на сваіх прыдамавых тэрыторыях. Жыллёва-эксплуатацыйныя ўчасткі гатовыя даць увесь неабходны інвентар для таго, каб правесці неабходныя работы», — падзяліўся кіраўнік горада.

Ён дадаў, што на гэтым добраўпарадкаванне Віцебска не заканчваецца, і падчас месячніка работы будуць працягвацца аж да рэспубліканскага суботніка.