Беларускае бюро па транспартным страхаванні з 15 кастрычніка запускае вэб-дадатак, дзякуючы якому афармленне паведамленняў аб ДТЗ у электронным выглядзе будзе даступна з мабільнага ўстройства з любой аперацыйнай сістэмай, паведамляе БелТА.
Вадзіцелі самі запаўняюць электроннае паведамленне — як і на паперы. Але замест подпісаў рашэнне пацвярджаецца кодамі з СМС, якія прыходзяць на пазначаныя нумары тэлефонаў. Карыстацца вэб-дадаткам для афармлення электронных паведамленняў змогуць усе беларускія вадзіцелі, у якіх ёсць дзеючая страхоўка, незалежна ад таго, у якой страхавой арганізацыі яна аформлена. Спасылку на вэб-дадатак можна знайсці на сайце Беларускага бюро па транспартным страхаванні.
Аднак аформіць ДТЗ у электронным выглядзе без выкліку ДАІ можна толькі ва ўстаноўленых заканадаўствам выпадках. Адначасова павінны выконвацца некалькі ўмоў. «Вадзіцелі павінны быць цвярозымі, мець вадзіцельскія пасведчанні адпаведнай катэгорыі, дагаворы страхавання. Важная ўмова — каб у ДТЗ удзельнічалі не больш як два транспартныя сродкі і былі пашкоджаны толькі яны. Іншыя аб’екты маёмасці не павінны быць пашкоджаны, не павінна быць прычынена шкода жыццю і здароўю людзей», — расказаў генеральны дырэктар Беларускага бюро па транспартным страхаванні Ігар Клепча. Акрамя таго, абставіны ДТЗ, характар і пералік бачных пашкоджанняў транспартных сродкаў не павінны выклікаць рознагалоссяў ва ўладальнікаў, яны павінны быць згодны, хто вінаваты, а хто пацярпелы. Яшчэ адзін важны пункт — ліміт адказнасці. Шкода, прычыненая кожнаму транспартнаму сродку, што ўдзельнічаў у ДТЗ, павінна быць не большай за 150 базавых велічынь.
Акрамя таго, для афармлення электроннага паведамлення абодва аўтамабілі павінны быць зарэгістраваны ў Беларусі і не зняты з уліку, ДТЗ адбылося на тэрыторыі Беларусі, дата запаўнення супадае з датай ДТЗ, ва ўдзельнікаў ёсць смартфон/планшэт з беларускім нумарам, хаця б адно з устройстваў можа фатаграфаваць, вызначаць геалакацыю і выходзіць у інтэрнэт.
Для кансультавання грамадзян працуе кол-цэнтр па нумары 140, дзе ўдзельнікі ДТЗ змогуць аператыўна атрымаць кансультацыю як па парадку і ўмовах афармлення ДТЗ без выкліку ДАІ, так і па запаўненні бланка паведамлення аб ДТЗ як на паперы, так і ў электронным выглядзе, а таксама па іншых пытаннях, на якія неабходна ў такіх сітуацыях звярнуць асаблівую ўвагу.