Вось ужо 23 гады лагапед-афазіёлаг 3-га неўралагічнага аддзялення (для інсультных хворых) МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Вольга Ляоненка імкнецца вярнуць людзям страчаную ў выніку сур’ёзных паражэнняў мозгу здольнасць размаўляць. За гэты час ёю назапашаны ўнікальны досвед рэабілітацыі. Многія называюць яе сапраўднай феяй маўлення.
Як ёй удаецца ўстанавіць кантакт з цяжкімі пацыентамі? Якімі метадамі карыстаецца ў сваёй шматгадовай практыцы? Колькі часу патрабуецца, каб дасягнуць выніку? Што лічыць самым складаным у сваёй рабоце? Абмяркоўваем гэта з Вольгай Леоненка.
Вярнуць здольнасць размаўляць — велізарная праца
— Вольга Віктараўна, што такое афазія? У чым асаблівасць работы такіх спецыялістаў, як вы?
— Афазія — сістэмнае парушэнне экспрэсіўнай і імпрэсіўнай (г. зн. знешняй і ўнутранай) мовы пры лакальным паражэнні галаўнога мозгу, у выніку якога, як правіла, пакутуе альбо яго сэнсарная, альбо маторная вобласць. Лагапед-афазіёлаг аднаўляе мову пасля поўнай або частковай яе страты.
— Вы працуеце з тымі, хто перанёс інсульт. Гэта звычайна людзі сталага ўзросту?
— Калі я толькі прыйшла ў аддзяленне, у асноўным мела справу менавіта з такой катэгорыяй пацыентаў. Але з таго часу сітуацыя змянілася, інсульт прыкметна памаладзеў. Узнікла паняцце крыптагеннага інсульту, прычыну якога медыкі не могуць знайсці. Нярэдка ў людзей працаздольнага ўзросту, якія не маюць праблем са здароўем, адбываецца парушэнне мазгавога кровазвароту і кровазліцця.
— Якімі метадамі вы карыстаецеся ў сваёй рабоце?
— Ёсць агульнапрынятыя метады аднаўлення, вядомыя любому лагапеду. Але за гады работы ў мяне з’явілася асабістая методыка, якая даказвае сваю эфектыўнасць. Каб растлумачыць чалавеку, які перанёс інсульт, што ён павінен рабіць, актыўна выкарыстоўваю не толькі гаворку, але і міміку, рукі. Пры поўным распадзе мовы і адсутнасці голасу вымавіць гук пацыентам бывае вельмі складана. Дэманструю, як дыхаць, выдыхаць з голасам, выкарыстоўваю песні. У прыватнасці, пры грубых маторных афазіях «растарможванню» мовы выдатна дапамагае песня «Ой, цвіце каліна...». Пацыентаў з паралізаванай правай рукой вучу выкарыстоўваць левую — гэта стымулюе міжпаўшарнае ўзаемадзеянне. Жэставая мова (кожны жэст пазначае слова) дапамагае лепш зразумець, што кажа лагапед. Уключаць такія рухі вельмі важна для рэабілітацыі, паколькі маторныя зоны ў мозгу ўзаемазвязаны.
— З чаго пачынаецца рэабілітацыя мовы?
— З устанаўлення кантакту з пацыентам. Добры ўпэўнены погляд, усмешка, прыемны тэмбр голасу — гэта абавязковы «набор» афазіёлага. З мужчынамі пачынаю работу з поціску рукі. Усведамленне страты мовы, сваёй інваліднасці прыводзіць людзей пасля інсульту да моцнай дэпрэсіі. Усе нашы пацыенты маюць патрэбу ў вялікай колькасці станоўчай энергіі. Без яе, без эмоцый ім немагчыма дапамагчы.
— Што самае складанае ў вашай рабоце?
— Пераадоленне парушэнняў разумення, «запуск» здольнасці вымаўляць гукі і словы, аднаўленне якасці гучання мовы. «Растармажванне мовы» патрабуе велізарных псіхаэмацыянальных і фізічных высілкаў. Пасля 10 хвілін такой працы выходжу часам ад пацыента зусім знясіленая. Афазія часта спалучаецца з дызартрыяй: цяжкія паражэнні цэнтральнай нервовай сістэмы прыводзяць да поўнага паралічу моварухальных мышц. І калі сваякі бачаць, што ў роднага чалавека нарэшце вырываецца першы гук (звычайна гэта «а») ці нейкае слова, то плачуць ад радасці.
— Колькі часу звычайна патрабуецца, каб аднавіць мову? Ад чаго залежыць поспех?
— «Растармазіць» мову часам атрымліваецца за адзін занятак, часам за некалькі тыдняў, а здараецца, за некалькі месяцаў. А для аднаўлення мовы патрабуюцца месяцы, а часам і гады ўпартай працы. Узровень рэабілітацыі залежыць ад масы фактараў: лакалізацыі інсульту, ачагу паражэння, хуткасці падключэння лагапедычнай дапамогі і г. д.
— У якіх выпадках праца лагапеда-афазіёлага можа быць неэфектыўнай?
— Пры татальных афазіях, гэта значыць — поўным распадзе экспрэсіўнай і імпрэсіўнай гаворкі ў спалучэнні з цяжкім саматычным станам. У такіх выпадках чалавек нават у адказ на болевыя раздражняльнікі не здольны вымавіць гук.
— Атрымліваецца, дарослых пасля страты мовы цяжэй навучыць зноў размаўляць, чым малое дзіця?
— Значна цяжэй. Дзіцячы мозг развіваецца, назапашвае інфармацыю. А ў дарослых людзей пасля перанесеных інсультаў, кровазліццяў, чэрапна-мазгавых траўмаў гэтая функцыя можа страчвацца, бо клеткі мозгу ў гэтай зоне ўжо загінулі.

Шанц ёсць
— Прывядзіце, калі ласка, прыклады, калі людзям, якія перажылі страту мовы, удавалася вярнуцца ў соцыум, да працы?
— Успамінаю 60-гадовую пацыентку з маторнай афазіяй, з дастаткова вялікім ачагом паражэння мозгу пасля інсульту. Калі я пачынала працаваць з ёй, яна вымаўляла толькі асобныя словы, з цяжкасцю шукала патрэбныя словы, у яе назіраліся шматлікія замены гукаў і складоў. За паўгода інтэнсіўных заняткаў яна здолела нядрэнна загаварыць, пачала чытаць і пісаць. Або іншы яркі прыклад. 40-гадовы ўрач нашага цэнтра, у якой здарыўся інсульт, знаходзячыся на бальнічным, за тры месяцы аднавіла мову настолькі, што змагла вярнуцца да працы. Але гэта вельмі валявы, разумны і матываваны чалавек, які штодня выконваў мноства практыкаванняў, прыкладаў каласальныя намаганні.
— Але, здаецца, усе пацыенты матываваныя да таго, каб вярнуць здольнасць размаўляць?
— Трагедыя ў тым, што ў выніку інсультаў мае месца паражэнне кагнітыўнай сферы: з’яўляюцца праблемы з увагай, памяццю, мысленнем, крытычным стаўленнем, матывацыяй. Пры паражэнні лобных зон галаўнога мозгу матывацыя знікае і аднавіць гаворку практычна немагчыма.
— Ці заўсёды, пачынаючы працу з пацыентам, вы дакладна ведаеце, зможаце дапамагчы ці не?
— Як правіла, прыкладна я ўяўляю межы магчымага прагрэсу. Але сітуацыі бываюць самыя розныя. Часам імкнешся «скокнуць вышэй галавы». Аднойчы я працавала з замежнікам, грамадзянінам Швейцарыі. У яго здарыўся інсульт, ён страціў родную, нямецкую, мову, а па-руску не разумеў. Чалавек апрытомнеў і проста плакаў ад роспачы. Што мне заставалася рабіць? Я не ведаю нямецкай мовы. З дапамогай гугл-перакладчыка змагла ўстанавіць з ім кантакт, адаптавала найпростыя сітуатыўныя і бытавыя фразы па-нямецку, запусціла працэс аднаўлення, і ў выніку гэты мужчына загаварыў.
— Як у вас атрымліваецца пры такой рабоце самой пазбягаць эмацыянальнага выгарання?
— На жаль, цалкам гэта не ўдаецца. Хоць за гады і напрацоўваецца пэўная ўстойлівасць, але ўсё роўна аддаеш вельмі шмат сіл і эмоцый. Неабходна папаўняць эмацыянальны рэсурс: бываць на прыродзе, наведваць тэатры, кіно, сустракацца з цікавымі людзьмі, бавіць час у коле любімых і сяброў.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота дадзена суразмоўніцай