Top.Mail.Ru

Аферысты ў якасці кур’ераў усё часцей выкарыстоўваюць сваіх жа ахвяр

Мала каго ўжо здольныя развесці на грошы гісторыі аб родзічах, якія трапілі ў аварыю. Аднак махляры прыдумваюць новыя схемы ашуканства. Апошняя тэндэнцыя — яны карыстаюцца недасведчанасцю людзей і іх гатоўнасцю дапамагчы прадухіліць злачынства.


Прыгадаем апошнія выпадкі, пра якія паведамілі праваахоўнікі на афіцыйным партале МУС.

На лінію «102» звярнулася дачка 65-гадовай пенсіянеркі, якая стала ахвярай тэлефонных ашуканцаў. Спачатку з мінчанкай у месенджары звязаліся невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі «Белтэлекама» і пад маркай падаўжэння дагавора выманілі пашпартныя даныя. Падчас другога званка (ужо па мабільным тэлефоне) жанчыну ўпэўнілі, што ад яе імя зламыснікі праводзяць незаконныя фінансавыя аперацыі. Каб пазбегнуць адказнасці і захаваць зберажэнні, яна павінна задэклараваць усе наяўныя грошы, інакш яны будуць канфіскаваныя падчас вобыску як здабытыя злачынным шляхам.

Пацярпелая паверыла і аддала незнаёмцу, якога лічыла кур’ерам Нацыянальнага банка, каля 330 тысяч рублёў у эквіваленце. Гэтыя грошы збіралі некалькі пакаленняў яе сям’і.

У мінскую міліцыю звярнулася і 70-гадовая пенсіянерка, якая таксама паверыла махлярам, што патэлефанавалі ёй ад імя «Белтэлекама». Жанчына пагадзілася «задэклараваць» грошы, каб іх не канфіскавалі падчас вобыску. Неўзабаве мінчанка аддала кур’еру нібыта Нацыянальнага банка каля 67 тысяч рублёў у эквіваленце.

Цікавая асоба кур’ера. Праваахоўнікі ўстанавілі, што грошы заяўніцы забрала... 81-гадовая пенсіянерка. Раней жанчына сама стала ахвярай ашуканцаў, якія дзейнічалі па той жа схеме: аферысты пераканалі пажылога чалавека, што ад яе імя робяцца незаконныя фінансавыя аперацыі, а каб не стаць фігурантам крымінальнай справы, яна павінна дапамагчы праваахоўным органам. Па ўказанні махляроў пенсіянерка «дапамагла» згаданай вышэй мінчанцы задэклараваць грошы і адвезла яе зберажэнні ў суседнюю дзяржаву, дзе перадала невядомым. Распачата крымінальная справа за махлярства.

Па дапамогу ў міліцыю звярнулася і 76-гадовая жыхарка Пінска, якая таксама трапіла на вуду аферыстаў. Спачатку з пінчанкай звязаліся нібыта прадстаўнікі сотавага аператара. Пад маркай падаўжэння дагавора суразмоўцы выманілі пашпартныя даныя жанчыны. Падчас другога званка ілжэправаахоўнікі пераканалі пенсіянерку, што на яе імя зламыснікі афармляюць крэдыты. Каб захаваць свае зберажэнні, пінчанка павінна тэрмінова «задэклараваць» усе наяўныя грошы, якія ў яе маюцца. Ахвяра паверыла і аддала кур’еру больш за 130 тысяч рублёў у эквіваленце.

Аператыўнікі ўстанавілі асобу кур’ера і затрымалі яго. Пасыльным аказаўся 37-гадовы жыхар Смалявіцкага раёна, які раней сам стаў ахвярай махляроў па аналагічнай схеме. Частка грошай у яго канфіскавана і будзе вернута пацярпелай.

У МУС нагадваюць, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, банкаўскіх і іншых устаноў не тэлефануюць грамадзянам у месенджарах. Калі невядомыя па тэлефоне патрабуюць здзейсніць якія-небудзь маніпуляцыі з фінансамі (задэклараваць, пакласці на бяспечны рахунак, аддаць кур’еру і г. д.) — неадкладна спыніце размову і паведаміце аб гэтым у міліцыю. Рэгулярна нагадвайце пажылым сваякам аб метадах аферыстаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю