Ашуканцы запалохалі 16-гадовага мінчаніна дзіцячым домам і турмой бацькоў, вымусіўшы аддаць яго сямейныя зберажэнні. У міліцыю звярнуўся бацька юнака, паведамляе БелТА са спасылкай на ГУУС Мінгарвыканкама.
Высветлілася, што падлетак адказаў на званок з невядомага нумара. Незнаёмы прадставіўся работнікам мабільнага аператара і папрасіў назваць код з СМС нібыта для падаўжэння дагавора. Затым на сувязь выйшаў «прадстаўнік ДФР». Ён заявіў школьніку, што той стаў ахвярай махляроў, а да яго сям’і хутка прыйдуць з ператрусам. Каб грошы не канфіскавалі, іх трэба было задэклараваць.
«Той, хто тэлефанаваў, прыгразіў падлетку дзіцячым домам, а яго бацькам — турмой, калі ён каму-небудзь раскажа пра тое, што здарылася. Спалоханы юнак захаваў усё ў таямніцы і на наступны дзень перадаў грошы кур’еру. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС затрымалі 22-гадовага пасярэдніка, аднак той паспеў перавесці грошы далей па ланцужку. Сума шкоды склала каля $1 тыс.», — расказалі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Праводзіцца праверка.
Праваахоўнікі раяць бацькам гаварыць з дзецьмі аб правілах бяспекі і тлумачыць, што сапраўдныя супрацоўнікі спецслужбаў і мабільных аператараў ніколі не просяць паведамляць коды з СМС або перадаваць камусьці грошы.