Міжнародная федэрацыя дыябету афіцыйна прызнала дыябет 5 тыпу — асаблівую форму захворвання, звязаную з недаяданнем у раннім узросце, паведамляе The Conversation. Гэта рашэнне падкрэслівае, наколькі складаным і разнастайным з’яўляецца дыягназ «дыябет».
Нягледзячы на звыклыя абазначэнні, «тып 1» і «тып 2», на сённяшні дзень вядома больш за дзесятак розных формаў хваробы, кожная з якіх адрозніваецца па прычынах, механізме развіцця і спосабах лячэння.
Дыябет 1 тыпу — аўтоіммуннае захворванне, пры якім імунная сістэма атакуе клеткі падстраўнікавай залозы, якія выпрацоўваюць інсулін. Гэты стан можа развіцца ў любым узросце і не звязаны з ладам жыцця ці харчаваннем. Аснову лячэння складае рэгулярнае ўвядзенне інсуліну. У шэрагу выпадкаў ужываюць трансплантацыю донарскіх ці ствалавых клетак, што можа часткова ці цалкам зменшыць запатрабаванне ў інсуліне, аднак такія метады пакуль застаюцца цяжкадаступнымі.
Дыябет 2 тыпу — самая распаўсюджаная форма захворвання, часцей за ўсё звязаная з залішняй вагой і зніжэннем адчувальнасці да інсуліну. Аднак ён сустракаецца і ў людзей са звычайнай масай цела, асабліва пры спадчыннай схільнасці. Сучасная медыцына прапануе дзясяткі прэпаратаў, індывідуальныя схемы тэрапіі. Даказана, што зніжэнне вагі і нізкакаларыйная дыета могуць зменшыць ці нават спыніць цячэнне хваробы ў значнай часткі пацыентаў.
Гестацыйны дыябет развіваецца падчас цяжарнасці, як правіла, паміж 24 і 28 тыднямі, на фоне гарманальных змен. Звычайна ён праходзіць пасля родаў, але павялічвае рызыку развіцця дыябету 2 тыпу ў будучыні. Лячэнне ўключае карэкцыю харчавання, фізічную актыўнасць і, пры неабходнасці, інсулін.
Існуюць і радзей сустракаемыя формы дыябету, выкліканыя мутацыямі аднаго з генаў, хірургічнымі ўмяшаннямі, запаленчымі працэсамі або прыёмам некаторых прэпаратаў (напрыклад, гармонаў). Да іх адносяцца, напрыклад, дыябет MODY (сталага ўзросту ў маладых) і дыябет 3c, які развіваецца пасля захворванняў падстраўнікавай залозы.
Дыябет 5 тыпу — нядаўна прызнаная форма захворвання, напрамую звязаная з недаяданнем ў дзіцячым узросце. Даследаванні паказалі, што дэфіцыт бялку і іншых важных нутрыентаў можа парушаць нармальнае развіццё падстраўнікавай залозы. Гэта змяншае здольнасць арганізма выпрацоўваць інсулін, хоць імунная сістэма пры гэтым застаецца непашкоджанай. Дыябет 5 тыпу асабліва распаўсюджаны ў краінах з нізкім узроўнем даходу і, паводле ацэнак, можа закранаць да 35 млн чалавек па ўсім свеце.
Выразная класіфікацыя тыпаў дыябету дазваляе дакладней падбіраць лячэнне і лепш разумець прычыны захворвання.