Top.Mail.Ru

Афіцыйныя геральдычныя сімвалы і пытанні працоўных адносін Гэтыя тэмы разглядаліся падчас пасяджэння экспертнага савета ў Савеце Рэспублікі

Падчас рабочага мерапрыемства, якое прайшло пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, былі разгледжаны два законапраекты — «Аб змяненні законаў па пытаннях афіцыйных геральдычных сімвалаў» і «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных і звязаных з імі адносін».

Забарона на неправамернае нашэнне нагрудных знакаў

Што датычыцца першага праекта закона, дакладчыкам па пытанні выступіў міністр юстыцыі Яўген КАВАЛЕНКА.

Ён адзначыў, што геральдычныя сімвалы — гэта не проста графічныя выявы, а канцэнтраванае выяўленне нашай дзяржаўнасці, суверэнітэту і гістарычнай памяці: «Ва ўмовах сучасных выклікаў пытанні абароны, правільнага выкарыстання і папулярызацыі геральдычных сімвалаў набываюць асаблівую палітычную і ідэалагічную значнасць. Дзеючае заканадаўства Беларусі ў гэтай сферы ў цэлым сфарміравана і эфектыўна працуе, аднак практыка паказвае, што мяняюцца грамадскія адносіны, і дзяржава не павінна застацца ўбаку. Таму быў падрыхтаваны адпаведны законапраект».

Падставай для яго падрыхтоўкі паслужыла пытанне аб выкарыстанні нагрудных знакаў, у тым ліку знака дзяржаўнага грамадзянскага служачага — «Дзяржаўная служба» ў супрацьпраўных мэтах асобамі, якія не маюць права на іх нашэнне.

Па словах міністра, для вырашэння гэтай праблемы законапраектам уводзіцца забарона на нашэнне як нагруднага знака «Дзяржаўная служба», так і іншых заснаваных кіраўніком дзяржавы нагрудных знакаў асобамі, якія не надзелены такім правам і не адносяцца да адпаведных дзяржаўных структур.

Што датычыцца саміх геральдычных сімвалаў, дадаў міністр, то, акрамя тых патрабаванняў, якія ўжо прад’яўляюцца да гэтых выяў, дадаткова замацоўваецца патрабаванне аб тым, што яны павінны адпавядаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа і ідэалогіі беларускай дзяржавы.

Акрамя таго, у заканадаўстве будуць замацаваны патрабаванні да больш дэталізаванага апісання і выявы геральдычных знакаў.

З улікам патрабаванняў кіраўніка дзяржавы па дэбюракратызацыі рэгламентуюцца асобныя пытанні дзейнасці Геральдычнага савета. Скарачаецца колькасць дакументаў, якія падаюцца для разгляду заяўкі аб заснаванні геральдычнага сімвала, дакладна рэгламентуюцца тэрміны, у якія гэтыя паперы даводзяцца да кіраўніцтва Геральдычнага савета, рассылаюцца членам савета, і тэрміны, у якія даецца адказ.

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Міхаіл РУСЫ, ключавыя змены, прадугледжаныя законапраектам, былі ўважліва разгледжаны экспертамі, у тым ліку было падключана шырокае кола рэгіянальных прадстаўнікоў.

«Усе эксперты далі заключэнне, нейкіх канцэптуальных заўваг не паступіла. Камітэт дзяржаўнага кантролю выказаў адну тэхнічную прапанову. Яна будзе адпрацавана ў рабочым парадку. На наш погляд, законапраект вельмі актуальны, ён устанаўлівае зразумелыя правілы заснавання і карыстання геральдычнымі сімваламі, нашэння форменнага адзення», — падкрэсліў сенатар.

Супрацьдзеянне ценявой занятасці і ўзмацненне сацыяльных гарантый

Праектам закона «Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных і звязаных з імі адносін» уносяцца змяненні ў 12 законаў і 137 артыкулаў Працоўнага кодэкса.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА адзначыла, што навацыі датычацца розных кірункаў і звязаны з практыкай прымянення заканадаўства.

«Гэта і супрацьдзеянне ценявой занятасці, і ўзмацненне сацыяльных гарантый, у прыватнасці, для асобных катэгорый грамадзян, напрыклад, сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, людзей з інваліднасцю, якія працуюць, — канкрэтызавала парламентарый. — Яшчэ адзін актуальны кірунак — гнуткія формы працоўных адносін, якія сёння вельмі запатрабаваныя, асабліва таму, што на рынак працы прыходзіць новае маладое пакаленне. Шырока распаўсюджваецца інстытут настаўніцтва: трэба перадаваць вопыт, і настаўнікі, перадаючы свае веды, прафесійныя навыкі і кампетэнцыі, павінны быць зацікаўлены ў гэтым. Гэты інстытут ужо развіваецца, замацоўваецца шэраг гарантый у калектыўных дагаворах. Але да гэтага часу не было замацаванага тэрміна „настаўніцтва“ на ўзроўні заканадаўчага акта».

Па словах сенатара, ёсць таксама іншыя прапановы і напрацоўкі, якія трэба яшчэ прааналізаваць сумесна з дзяржаўнымі органамі.

«Законапраект у цэлым падтрыманы, ён вельмі важны і з’яўляецца своечасовым. У цяперашні час ён ужо дастаткова добра прапрацаваны. Але ў далейшым нейкія асобныя карэкціроўкі, дапаўненні будуць у яго ўключаны», — рэзюмавала сенатар.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю