Праверка баявой гатоўнасці Узброеных Сіл працягваецца ў адным з падраздзяленняў 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Пра гэта паведамілі БелТА ў Міністэрстве абароны.
Пасля атрымання распараджэння аб прывядзенні ў гатоўнасць да выканання задач па прызначэнні ў падраздзяленні адбыўся агляд гатоўнасці. Яго ход кантралявалі прадстаўнікі Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі на чале з намеснікам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі генерал-маёрам Андрэем Гарбаценкам.
Паводле слоў Андрэя Гарбаценкі, падчас агляду ацэньваюцца ўкамплектаванасць батальёна, расстаноўка асабовага складу згодна са штатам, наяўнасць і тэхнічная гатоўнасць узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама запасы матэрыяльных сродкаў. «Супрацоўнікі Дзяржсакратарыяту знаходзяцца тут для таго, каб праверыць, як батальён выканаў усе пастаўленыя задачы ў адведзены час. Па выніках будуць зробленыя высновы, прааналізаваныя, і пасля гэтага мы пяройдзем да наступнага этапу праверкі», — сказаў ён.
Наступным этапам стануць кантрольныя заняткі па тактычнай, агнявой і фізічнай падрыхтоўцы. Намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі таксама адзначыў, што ў ходзе праверкі будзе ацэнена, як улічаны недахопы, выяўленыя ў першым паўгоддзі падчас праверкі Узброеных Сіл па даручэнні кіраўніка дзяржавы, а таксама як пры падрыхтоўцы войскаў улічваецца вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі. «Усе матэрыялы, атрыманыя па выніках гэтай праверкі, будуць абагульнены, даведзены Прэзідэнту, кіраўніцтву Узброеных Сіл, каб улічваць у падрыхтоўцы іншых воінскіх часцей», — дадаў Андрэй Гарбаценка.