Гульні для спартсменаў ва ўзросце да 18 гадоў з’яўляюцца першым алімпійскім спартыўным мерапрыемствам на тэрыторыі Афрыкі.

Цэнтральнай тэмай цырымоніі адкрыцця стала культура Сенегала, гледачы пазнаёміліся з самабытнасцю краіны з дапамогай музыкі, танцаў, барацьбы і сучаснага мастацтва. Праз вобразы персанажаў трох пакаленняў арганізатары расказалі пра мінулае, сучаснае і будучае Афрыкі.
Пасля заканчэння маштабнага паказу адбыўся парад атлетаў, сцяг Беларусі пранеслі плыўцы Паліна Бяляўская і Максім Машлякевіч. Аб афіцыйным адкрыцці Гульняў аб’явіла прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта, ураджэнка Зімбабвэ Кірсці Ковентры.

На заканчэнне мерапрыемства адбыўся фінальны этап эстафеты алімпійскага агню, на якім адзіны ў гісторыі прызёр Алімпіяд з Сенегала Амаду Дыя Ба перадаў факел пары маладых і перспектыўных мясцовых атлетаў, якія і запалілі агонь у чашы.
IV летнія юнацкія Алімпійскія гульні сабралі ў Дакары больш за 2600 спартсменаў з 204 краін, якія разыграюць 153 камплекты ўзнагарод у 25 відах спорту. Першай з беларусаў выступіць дзюдаістка Аляксандра Князева, раніцай 1 лістапада ў стартавым раўндзе турніру ў катэгорыі да 44 кг ёй будзе процістаяць Тэрэза Тагарыра з Батсваны.

Спаборніцтвы ў плаванні пройдуць з 1 па 6 лістапада. Таксама нашу краіну на ЮАГ у Сенегале прадставяць тхэквандыст Багдан Аліеў, фехтавальшчык Дзяніс Маслаў, стралок з лука Глеб Акуневіч і прадстаўнік брэйк-данса Георгій Салавей. Мультыспартыўны форум прадоўжыцца па 13 лістапада