«Для мяне ўся краіна, усе прадпрыемствы аднолькавыя»
Падчас нарады былі абмеркаваны эканоміка і сельская гаспадарка рэгіёна, сітуацыя ў асобных раёнах і на канкрэтных прадпрыемствах. У прыватнасці, размова ішла аб перадачы холдынгаў «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі, у камунальную ўласнасць райвыканкамаў. Асобна закраналася пытанне ўзбуйнення Дрыбінскага раёна за кошт уключэння ў яго склад земляў сельгасарганізацый суседніх раёнаў.
Удзельнікамі нарады ў кіраўніка дзяржавы сталі Прэм’ер-міністр, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Камітэта дзяржкантролю, кіраўнік спраў Прэзідэнта, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўніцтва вобласці і раёнаў.
«Тое, што мы ствараем у Шклоўскім раёне, у іншых раёнах, будзе працаваць на ўсю краіну»
Пачынаючы нараду, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што да абмеркавання прапануюцца дзве найважнейшыя тэмы, якія датычацца развіцця асобных рэгіёнаў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пачаць з перспектыў двух холдынгаў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі: «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», у складзе якіх тры прамысловыя і 11 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Агульная карціна па гэтых комплексах, па словах кіраўніка дзяржавы, пазітыўная. «У прадпрыемствы ўліваюць нямала інвестыцый: за паўтара года ўклалі больш за 200 мільёнаў рублёў, — канкрэтызаваў ён. — Гэта і машынны парк, і ўгнаенні, і насенне, і лізінг. Не хачу сказаць, што гэта дрэнна або гэта датычыцца толькі названых холдынгаў. Тое, што мы ствараем там у Шклоўскім раёне, у іншых раёнах, будзе працаваць на ўсю краіну, калі гэта патрэбна, але на раёны — дакладна».
Прэзідэнт анансаваў, што восенню на базе аграсэрвісу ў Шклове плануецца правесці адпаведны семінар, падчас якога будзе паказана, якім павінен быць аграсэрвіс. «Не мазырскі сэрвіс, як мы бачылі ў Гомельскай вобласці (бо там прамысловыя прадпрыемствы фактычна), а звычайны сэрвіс, былая сельгастэхніка, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Тое, што былыя сельгастэхнікі, цяпер аграсэрвісы, нам патрэбны, мы ў гэтым ужо пераканаліся. Дык вось пакажам, якім павінен быць сэрвіс у звычайным раёне. Такіх у нас больш за сотню».
«Нічога не патрабуйце вырашаць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы»
Гаворачы аб холдынгах «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», кіраўнік дзяржавы адзначыў, што летась дасягнуты рост выручкі на 17 %, прыбытку — на трэць, экспарт — на 20 %, вытворчасць малака — на 6,3 %, надой на карову наблізіўся да 7500 літраў малака.
«Гэта добрыя паказчыкі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Але гэта паказчыкі не эфектыўнасці. Гэта важныя паказчыкі, без якіх эфектыўнасці не бывае. Але гэта не прыбытак, гэта не рэнтабельнасць і гэта не вялізныя грошы на рахунках».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў рабоце холдынга «Купалаўскае» яго насцярожвае павелічэнне падзяжу жывёлы — на 25 %. «Што датычыцца асобных прадпрыемстваў холдынга, то там і надоі, і вырошчванне птушкі, і малако — каля 93 — 98 %, — дадаў ён. — У розных прадпрыемствах — па-рознаму. Гэта значыць, я хачу сказаць, што сярэдняя тэмпература па „бальніцы“ нармальная. А асобныя прадпрыемствы ў нас... на жаль».
Звяртаючыся да кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб яго абяцанні рэалізаваць антыкрызісны бізнес-план і навесці ідэальны парадак у «Купалаўскім».
«Фактычна ж у паказальным холдынгу дысцыпліны няма, — канстатаваў беларускі лідар. — Абсталяванне не адрамантавана, корманарыхтоўка без тэхналогіі, тэхніка да ўборкі не гатовая. У наяўнасці (не ведаю, наколькі гэта глыбока ў вас укаранёна) — часам і жывёла без вады. Дзіўна, што ні губернатар, ні старшыня райвыканкама, які там на месцы, гэтага не бачаць. Быццам бы і не іх гэта. Я добра ведаю, што губернатар не супраць прыняць назад гэтыя прадпрыемствы. Гэта значыць: з Мінска не ўсё бачна, аддайце нам, мы навядзём парадак».
Прэзідэнт згодны з тым, што на месцы, напэўна, людзі разумеюць патрэбы раёна, а таму могуць больш аператыўна прымаць кіраўніцкія рашэнні і карэктаваць стратэгію работы арганізацый. Кіраўнік дзяржавы не бачыць тут вялікай праблемы з тым, каб гэтыя гаспадаркі былі падкантрольныя і перададзены ў камунальную ўласнасць.
«Хачу пачуць, якія канкрэтныя крокі неабходны для іх далейшага развіцця і што патрабуецца вырашыць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Адразу хачу сказаць: нічога не патрабуйце вырашаць на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Там і так ужо прынята дастаткова рашэнняў. Лічбу я вам называў».
«Дрыбінскаму раёну быць»
Яшчэ адна тэма, вынесеная на разгляд Прэзідэнта, датычылася ўнесеных прапаноў па ўзбуйненні Дрыбінскага раёна за кошт уключэння ў яго склад зямель сельгасарганізацый суседніх раёнаў: Магілёўскага, Горацкага, Чавускага і, магчыма, Шклоўскага.
У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы задаў удзельнікам нарады шэраг пытанняў. Па-першае, беларускага лідара цікавіць, што наконт узбуйнення Дрыбінскага раёна думаюць ва ўсіх пералічаных раёнах. «Меркаванне людзей вельмі важнае, але пасля таго, як мы ім раскажам, чаго мы хочам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка
Па-другое, Прэзідэнт удакладніў, ці прапрацаваны магчымыя наступствы і далейшыя дзеянні, колькі гэта будзе каштаваць для бюджэту і грамадзян. «Я разумеў, што гэта амаль нічога каштаваць не будзе, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Але калі трэба падтрымаць пэўныя гаспадаркі, падтрымаем».
Па-трэцяе, што самае галоўнае, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці будзе станоўчы сацыяльны і эканамічны эфект ад узбуйнення Дрыбіншчыны. «Даручаючы ўзбуйніць Дрыбінскі раён, я зыходзіў з таго, што раён павінен быць нармальным, — патлумачыў ён. — Магілёўскі раён — вялізны, Шклоўскі раён — вялізны (гэта адны з найбуйнейшых раёнаў), а Дрыбінскі раён — з кукіш, як у народзе гавораць. Нармальна? Ненармальна».
Беларускі лідар памятае, як Дрыбінскі раён пастаянна ўключалі ў Горацкі. «То адлучалі, то далучалі — у свой час ставілася падобнае пытанне і я на яго адказаў гадоў 25 назад: Дрыбінскаму раёну быць, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Даўным-даўно, праўда, але я быў у горадзе Дрыбіне, даручаў стварыць неабходную інфраструктуру. Яна створана. Таму інфраструктура раённага цэнтра не горшая, чым іншыя. Вядома, гэта не Горацкі раён, дзе акадэмія (Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. — „Зв.“) стварае пэўную прыгажосць, і горад становіцца горадам. Але вельмі нармальны, сярэдні раён (Дрыбінскі. — „Зв.“), але па памерах — ніякі. Тры гаспадаркі або тры з паловай — ну, слухайце, што гэта за раён? Таму калі быць Дрыбінскаму раёну, трэба падумаць, якім ён павінен быць. Ён павінен адпавядаць сярэднім памерам раёнаў нашай краіны».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўраду, губернатару Магілёўскай вобласці Анатолю Ісачанку, а таксама ўпаўнаважанаму прадстаўніку Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці, кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому было даручана сур’ёзна з зацікаўленымі асобамі сесці, падумаць і ўнесці прапановы на гэты конт. «Тое, што гэты раён трэба ўзбуйняць і загружаць па-сапраўднаму старшыню Дрыбінскага райвыканкама, яго калег, — гэта факт, — перакананы Прэзідэнт. — Людзі там не сапсаваныя, людзі добрыя, працаваць могуць».
Па словах беларускага лідара, зусім нядаўна падчас візіту ў адной з сельгаспадарак Дрыбінскага раёна, было вызначана, як будзе развівацца гэты раён. «Думаю, што нашы чыноўнікі хоць і пакутуюць неабавязковасцю, мяне пачулі і ў гэтым кірунку будуць развіваць свой раён», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
«Нельга страціць гэтыя сельгасарганізацыі, бо яны размешчаны на найлепшых землях у краіне»
Перад тым як Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў выступіў з дакладам аб перспектывах развіцця холдынгаў «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг», Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, наколькі яны патрэбныя ў такім выглядзе, у якім існуюць цяпер. Па словах беларускага лідара, гэта павінны быць перадавыя гаспадаркі.
"Я іншы раз гаварыў, што ў Мінску ніякай кіруючай структуры гэтым вялікім холдынгам Кіраўніцтва справамі (Прэзідэнта. —"Зв«.), быць не павінна, — нагадаў беларускі лідар сваё ранейшае патрабаванне. — Ну, навошта Кіраўніцтву справамі (Прэзідэнта. — «Зв».) яшчэ пэўная структура кіравання асобным сельгаспрадпрыемствам? На месцы няхай займаюцца. А як вышэйшая службовая асоба Кіраўнік спраў (Прэзідэнта. — «Зв».) павінен гэта ўсё кантраляваць і дзейнічаць«.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка ўказаў, што многае Юрыем Назаравым зроблена. У якасці прыкладу ён прывёў камбікормавы завод і райаграсэрвіс у Шклоўскім раёне.
«Задачы на месцы пастаўлены: як, што рабіць і гэтак далей, — удакладніў Прэзідэнт. — Але, бачу, таксама памылкі і скаргі (можа быць, яны неабгрунтаваныя), што вы там рамантуеце толькі прычэпы, груба кажучы, і сеялкі нейкія невялікія, а магутныя трактары не бярэце, не рамантуеце. Мне гэта паказуха не патрэбная. Там павінен адбывацца рамонт таго, што не могуць зрабіць на месцах. Гэта старшыні райвыканкама таксама пытанне, якому была пастаўлена задача гэта кантраляваць».
Юрый Назараў далажыў, што ключавую ролю ў дасягненні станоўчых вынікаў у рабоце холдынгаў «Купалаўскае» і «Аграпрамысловы холдынг» сыграла фінансавая дапамога Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.
«Але, на жаль, нягледзячы на ўсе станоўчыя вынікі, калі мы прааналізавалі аналіз эфектыўнасці дзейнасці структур холдынгаў, мы ўбачылі, што кіруючыя кампаніі так і не змаглі забяспечыць у поўнай меры фарміраванне адзінай вытворчай, фінансавай, інвестыцыйнай палітыкі, у тым ліку цэнтралізаванага ўдзелу ў закупцы сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых, продажу гатовай прадукцыі, арганізацыі маркетынгавай, лагістычнай і іншай дзейнасці, — адзначыў Юрый Назараў. — Часта, на жаль, функцыю кіруючай кампаніі дубліруюць адпаведныя функцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы райвыканкамаў».
Па словах Кіраўніка спраў Прэзідэнта, з мэтай выбудоўвання аптымальнай эфектыўнай сістэмы кіравання прадпрыемствамі прапаноўваецца бязвыплатна перадаць іх з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць.
Што маецца на ўвазе, Аляксандр Лукашэнка патлумачыў. Ён расказаў, што ў Шклоўскім раёне вырашана было замест старога малаказавода, які знаходзіўся амаль у цэнтры горада, пабудаваць новы. «Нягледзячы на праблемы з фінансаваннем і іншае, мы гэта рызыкнулі зрабіць, — удакладніў ён. — Сёлета будзе самы сучасны ў краіне невялікі малакаперапрацоўчы завод — 300 тон у суткі. Ёсць такое малако ў Шклове, наваколлі? Ёсць. Сыравінную зону, мы ствараем. І перш за ўсё, за кошт „Купалаўскага“ і „Александрыйскага“ — гэта палова раёна. І гэта самыя лепшыя землі і самыя лепшыя гаспадаркі, наколькі я памятаю».
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яму ўдалося пераканаць Юрыя Назарава перадаць холдынг «Купалаўскае» ў камунальную ўласнасць Шклоўскага раёна. «Ну, якая розніца, для мяне ўся краіна, усе прадпрыемствы аднолькавыя, — патлумачыў сваю пазіцыю беларускі лідар. — Тваё, не тваё — на месцы больш бачна. Бачыце, нарэшце, пераканаў. Гаспадаркі будуць кіравацца старшынёй райвыканкама, як гэта належыць». «Александрыйскае», сказаў кіраўнік дзяржавы, застаецца пакуль у Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Але ўсё гэта — сыравінная зона для Шклоўскага малаказавода«.
Пры гэтым, як удакладніў Прэзідэнт, малаказавод пакуль не трэба нікуды перадаваць, на гэтым этапе ён будзе знаходзіцца ў структуры Кіраўніцтва справамі. «Прымем рашэнне потым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Што тут яшчэ? Сельгаспрадпрыемствы будуць працаваць, малако, мяса будуць вырабляць, як гэта было заўсёды, усё гэта адладжана... Увесь Шклоўскі раён фактычна ў цябе ўваходзіць у сыравінную зону. Пеерапрацоўка — прыбытковая справа. Не трэба займацца зямлёй, жывёламі і гэтак далей. На месцах будуць займацца«.
Па словах кіраўніка дзяржавы, гаспадаркі, якія могуць працаваць самастойна, няхай так і працуюць, не будучы ў холдынгу. «Ад іх што трэба? Малако — у Шклоў, на новы малаказавод, мяса — у Магілёў, на мясакамбінат, лён — на мадэрнізаваны льнозавод у Шклове, — канкрэтызаваў беларускі лідар — Што за праблемы? І не трэба нам ніякія зверху надбудовы, якія сябе не апраўдалі».
У бліжэйшы час, па словах Аляксандра Лукашэнкі, ён паглядзіць, як працуюць сельгаспрадпрыемствы, аб якіх ідзе размова. «Нельга страціць гэтыя сельгасарганізацыі, бо яны размешчаны на самыхзідэ лепшых землях у краіне, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Горацкі, Шклоўскі, Бялыніцкі, Круглянскі, Магілёўскі раёны — гэта лепшыя землі на ўсходзе. Яны наўрад ці саступаюць і Гродзенскай вобласці».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА