Аграном Валерыя САВІЦКАЯ прыехала ў аграгарадок Дзераўная, што на Стаўбцоўшчыне, па размеркаванні пасля заканчэння Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Хоць абавязковы тэрмін адпрацоўкі ў дзяўчыны ўжо скончыўся — больш за два гады, — яна з вёскі не з’ехала. Цяпер Валерыя — загадчыца зерняскладу ў ААТ «Дзераўное», і, як сама прызнаецца, ёй тут падабаецца.
Прафесію абрала дзякуючы маці
На пытанне, хто падштурхнуў да выбару прафесіі, Валерыя адказвае, што мама. Марыя Аляксандраўна працуе ў Нясвіжы на заводзе дзіцячага харчавання, але дачцэ параіла менавіта аграрную спецыяльнасць. Валерыя вырашыла паспрабаваць — і не пашкадавала.
Ад роднага Нясвіжа да Дзераўнога каля 70 кіламетраў. Не вельмі блізка, але і не так далёка. Спачатку маладая аграном ездзіла на аўтобусе і электрычцы, потым Марыя Аляксандраўна набыла аўто і цяпер часам забірае дачку на выхадныя. Сама Валерыя ўжо адвучылася на кіроўцу, цяпер вырашае пытанне з набыццём транспарту, бо без машыны цяжка.
Сельскагаспадарчая работа — нялёгкая. Сезон пачынаецца вясной і заканчваецца толькі з устойлівымі халадамі. Адзіны спакойны час — зіма. Але Валерыю гэта не палохае. Ёй падабаецца на прыродзе — свежае паветра, бяскрайнія прасторы, урадлівыя палеткі. І яшчэ — адчуванне, што прыносіш карысць, працуеш для сваёй краіны.
Валерыя Савіцкая ўзгадвае, як патрапіла ў гаспадарку: «Калі вучылася, у каледж прыязджалі кіраўнікі з сельгаспрадпрыемстваў і прасілі: „Нам патрэбны добры аграном“. І, памятаю, як выкладчыкі сказалі: „Забірайце нашу Валерыю“. Так я трапіла ў Дзераўное», — усміхаецца спецыяліст.
Увосень — работ восем
У калектыве Валерыя адчувае сябе камфортна. Кажа, што кіраўніцтва падтрымлівае, знайшла сяброў. Для дзяўчыны важна, каб адносіны былі роўныя: да яе ставяцца нармальна, ніхто не робіць паблажак, таму што яна дзяўчына. «І гэта правільна. Праўда, быць адзінай дзяўчынай сярод мужчын мае і свае плюсы — гэта натхняе трымаць сябе ў форме, хочацца быць прыгожай, дагледжанай», — расказвае яна.
Дзяўчына здымае аднапакаёвую кватэру ў Дзераўной, гаспадарка дапамагае з аплатай.
Валерыя працуе на зерняскладзе, адказвае за прыём, захаванне і адгрузку збожжа. Некалькі гадоў на гэтай пасадзе далі ёй вопыт, і цяпер няма нічога складанага: яна ведае ўсе культуры, парадак, як арганізаваць працэс. Тым больш што ёсць памочнікі — улетку гэта школьнікі, а цяпер, у час восеньскіх работ, — два рабочыя і яе рукі.
Суразмоўніца падзялілася, што летам, падчас жніва, праца была амаль кругласутачнай: прымалі збожжа, сушылі, сачылі за тэхнікай. Валерыя з гонарам расказвае пра новую зернесушылку, якая прымала 75–80 тон сырога зерня і выдавала 65–70 тон сухога. Улетку дзяўчына са сваёй дружнай камандай усё своечасова высушвалі, нічога ў іх не ляжала.
Але восень — не менш важная пара. Зараз у гаспадарцы
ідуць апошнія пасяўныя работы. Сеюць азімыя — з усім справіліся, засталося толькі азімае жыта. Адначасова ўбіраюць і малоцяць кукурузу на зерне, і яе таксама сушаць на тым самым вялікім зернесушыльным комплексе, на якім летам прымалі збожжа. «Кукурузу на новым комплексе сушаць упершыню, — тлумачыць мая гераіня. — Гэта таксама гарачая пара, без выхадных. Адпачываць я буду зімой, у водпуск пайду толькі ў студзені», — кажа яна.
У падначаленні агранома — двое чалавек, адзін ў іх — механік, які працуе на сушылцы, займаецца ачысткай зерня, а таксама пратручваннем. «Спраўляемся, — кажа сціпла Валерыя. — Сама таксама не сяджу без справы: магу і падмесці, і шуфлем папрацаваць — раблю ўсё».
«У марах — набыць сабе дом у вёсцы»
Дадому працаўніца прыходзіць зацемна. «Вядома, стамляюся, і хочацца выхадных. Па-сапраўднаму адпачну ў студзені. А пакуль цягне паехаць на радзіму — у Нясвіж, да мамы і сястры. Даўно там не была, апошні раз летам», — усміхаецца Валерыя.
Валерыя падзялілася, што пакуль не замужам, але ёсць малады чалавек. Максім па прафесіі экскаватаршчык, жыве ў Валожынскім раёне, прыязджае да любай на матацыкле кожныя выхадныя за 40 кіламетраў.
У графіку Валерыі няма вольнай хвіліны. «Планую рамонт у кватэры, таму на захапленні часу не хапае. Але ёсць адна рэч, якой не грэбую, — манікюр, — гаворыць дзяўчына. —
Для мяне важна быць дагледжанай: нават калі працую са збожжам і ў пыле, трэба выглядаць добра».
На пытанне пра планы Валерыя адказвае без ваганняў: застаецца ў вёсцы. «Мне тут добра. І работа ёсць, і людзі цудоўныя. У марах — набыць сабе дом у вёсцы з альтанкай і лазняй — не кватэру, а менавіта дом. Хачу разводзіць кветкі».
Валерыя Савіцкая ўжо не прыезджая ў Дзераўной, а свая. Дзяўчына магла б вярнуцца ў горад, але выбірае застацца на зямлі, бо тут яе справа, аднавяскоўцы і яе маладое жыццё.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ