Ад сельскагаспадарчай школы да сучаснай установы адукацыі — такі шлях станаўлення прайшоў Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна «Знак Пашаны» аграрна-тэхнічны каледж імя У. Е. Лабанка, які адзначыць свой 150-гадовы юбілей.
За час свайго існавання ён выпусціў больш за 25 тысяч спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Тут прайшлі падрыхтоўку і павысілі сваю кваліфікацыю звыш 5 тысяч кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў сярэдняга звяна аграпрамысловага комплексу. І калі ў цяперашніх школьнікаў паўстае пытанне выбару спецыяльнасці, з якой яны ўступяць у самастойнае жыццё, каледж з радасцю дае магчымасць атрымання тых прафесій, якія будуць заўсёды запатрабаваныя на рынку працы. Напярэдадні юбілею карэспандэнты «Звязды» накіраваліся туды і даведаліся, чым сёння жыве ўстанова адукацыі.
Вялікая плошча і мноства магчымасцяў
Дырэктар каледжа Сяргей САСКАВЕЦ расказаў, што на 1 верасня 2025 года ў ім налічвалася 862 навучэнцы, з іх на дзённай форме атрымання адукацыі — 734, на завочнай — 128:

— Наша дзейнасць накіравана на стварэнне ўмоў для фарміравання рознабакова развітой, маральна сталай, творчай асобы навучэнца. У нас праводзіцца сістэмная работа па павышэнні якасці адукацыі ў адпаведнасці з патрэбамі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, запытамі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Тут працуюць 56 выкладчыкаў, 13 майстроў вытворчага навучання.
Паводле слоў Сяргея Станіслававіча, летась прыём у каледж ажыццяўляўся па трох спецыяльнасцях і трох кваліфікацыях на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў дзённай форме атрымання адукацыі: тут рыхтуюць тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-механікаў і тэхнікаў-электрыкаў. Прыём у завочнай форме атрымання адукацыі ажыццяўляўся па дзвюх спецыяльнасцях і дзвюх кваліфікацыях, таксама на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай аду-кацыі.

— Штогод у нас павялічваюцца паказчыкі прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — дадаў дырэктар. — Прадпрыемствамі-заказчыкамі кадраў Мінскай вобласці практыкуюцца выплаты такім навучэнцам стыпендый або ажыццяўленне іншых форм даплат. Да таго ж ва ўсіх навучэнцаў ёсць магчымасць дадаткова асвоіць рабочую прафесію.
Узаемадзеянне каледжа з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў забяспечана на высокім узроўні, адзначыў дырэктар:
— Заключана 11 дагавораў і прынята больш за 180 заявак на падрыхтоўку кадраў для розных галін эканомікі. Самым буйным заказчыкам з’яўляецца Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя.
На 170 гектарах зямлі, якія займае тэрыторыя каледжа, размяшчаюцца тры навучальныя корпусы, тры інтэрнаты, спартыўная база, майстэрня, музей, сталовая, пладовы сад і іншыя не менш значныя аб’екты.
— Досыць вялікая тэрыторыя, — заўважае падчас экскурсіі па ёй дырэктар. — За апошнія гады было выдзелена каля 5 мільёнаў рублёў на ўмацаванне нашай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Што зроблена? Глядзіце самі...
На карысць роднай краіне
Адным з нядаўніх набыткаў стаў праграмна-апаратны комплекс, або па-іншаму трэнажор — збожжаўборачны камбайн Гомсельмаш GS2124 з VR-модулем. На камп’ютары, што падключаны да трэнажора, выстройваюцца неабходныя ўмовы работы. Гэта можа быць як трэніроўка па запуску рухавіка, так і ўборка пэўнай культуры, якую нам прадэманстраваў навучэнец 2-га курса Сяргей ГУШЧЫН. Юнак родам з Мар’інай Горкі, вучыцца ў каледжы на тэхніка-электрыка — тут жа ў свой час працаваў дзядуля Сяргея, вучыліся мама з татам.

— Вядома, іх парады паўплывалі на выбар месца навучання, але я і сам разумею, што прафесія запатрабаваная на рынку працы, — прызнаўся малады чалавек. — У будучыні планую атрымаць вышэйшую адукацыю ў БДАТУ і працягнуць развівацца ў прафесіі.
Вучоба, па словах хлопца, праходзіць цікава: хапае і тэарэтычных ведаў, і практычных заняткаў.
Першакурсніца Дар’я ЗЕЗЕКА таксама ведае толк у выбары прафесіі — дзяўчына вучыцца на тэхніка-тэхнолага:
— Выбрала гэту спецыяльнасць, таму што параіў сябар нашай сям’і. Мама калісьці працавала ў сельскай гаспадарцы, тата — электрык. Выбар прафесіі бацькі ўспрынялі станоўча. Я з вёскі Слабада Уздзенскага раёна, не мясцовая. Работу сваю ў далейшым бачу, вядома, па атрыманай спецыяльнасці. Я яшчэ толькі знаёмлюся са сваёй будучай прафесіяй і спадзяюся, што ў далейшым яна будзе прыносіць мне не толькі грошы, але і пачуццё, што я працую на карысць сваёй роднай краіне.

З беражлівасцю да ўласнай гісторыі
Выкладчык, кіраўнік народнага музея гісторыі ўстановы адукацыі Алена СВІРЫДАВА для нас асабіста правяла па ім невялікую экскурсію. Яна паведаміла, што музейны фонд сёння налічвае каля трох тысяч экспанатаў. Аб чым сведчаць гэтыя лічбы? Тут захавана ўся гісторыя ўстановы адукацыі. Ёсць такія каштоўныя рэчы, якія заўсёды выклікаюць асаблівую цікавасць у наведвальнікаў музея. Напрыклад, гэта ўзнагароды і асабістыя рэчы Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Елісеевіча Лабанка — выпускніка, чыё імя носіць каледж.

— Адкрыўся наш музей падчас святкавання 90-годдзя з дня заснавання навучальнай установы, якая прайшла шлях станаўлення і развіцця ад сельскагаспадарчай школы да бягучых дзён. Ужо ў 2018 годзе музей атрымаў званне «народны», — з гонарам падкрэсліла яна. — І гэта не звычайны музей, а цэлы адукацыйны цэнтр фарміравання культурна-гістарычных каштоўнасцяў, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Працягваючы заставацца месцам захавання гісторыі, ён стаў эфектыўнай базай для камунікацыі, культурна-адукацыйным асяроддзем, месцам павышэння культурна-адукацыйнага працэсу не толькі навучэнцаў, але і дарослай аўдыторыі. На мой погляд, гэта дзейсны сродак выхавання навучэнцаў.
Дарэчы, за 150 гадоў існавання назва цяперашняга каледжа мянялася трынаццаць разоў, падзялілася з намі цікавым фактам Алена Валянцінаўна:

— Трынаццаць радкоў на стэндзе адкрываюць прастору для дзейнасці і творчасці цяперашніх навучэнцаў, якія любяць каледж, пасёлак, захапляюцца гісторыяй, імкнуцца яе спазнаць, захаваць і распаўсюдзіць.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД