Top.Mail.Ru

Аграрыі Міншчыны пераадолелі планку ў 500 тысяч тон сабранага збожжа

«Гэты тыдзень будзе вырашальны»


У краіне працягваецца ўборачная кампанія — адна з найбольш важных падзей у сельскай гаспадарцы. Усе сілы аграрыяў зараз мабілізаваны на палі. Усё часцей гучаць імёны лідараў жніва. Нягледзячы нават на няпростыя ўмовы надвор’я, яны імкнуцца забяспечыць нашу краіну хлебам. Падрабязней аб тым, якімі тэмпамі ідзе сёлета ўборачная кампанія карэспандэнт «Звязды» даведаўся на прыкладзе Цэнтральнага рэгіёна краіны: доля Міншчыны, як вядома, у агульным хлебным караваі самая вялікая.

«Сёння, у панядзелак, Мінская вобласць пераадолела планку ў 500 тысяч тон намалочанага збожжа і 100 тысяч тон рапсу, гэта значыць — 602 тысячы тон намалочана сёння на гэтую раніцу, — паведамляе першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў. — Работа працягваецца і прыносіць у цэлым станоўчыя эмоцыі». Ён дадаў, што сёлета ўраджайнасць азімай пшаніцы склала амаль 90 цэнтнераў з гектара, а азімага ячменю — 48 цэнтнераў. Гэта прыкладна на 8 цэнтнераў з гектара больш у параўнанні з мінулым годам.
Screenshot_90.jpg

 «Мы задаволеныя як ідзе жніво. На жаль, нябесная канцылярыя піша свае законы, але ўчарашні дзень вельмі парадаваў. Мы прыбралі амаль 20 тысяч гектараў і вельмі нядрэнна дадалі па рапсе. Сёння мы бачым рост яго ўраджайнасці. Прыбралі 40%, падыходзім ушчыльную да лічбы 30 цэнтнераў збожжа з гектара, як нам ставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Лепшыя палі яшчэ наперадзе. Уборка вядзецца. Дождж сёння толькі ў Клецку, па ўсёй астатняй частцы тэрыторыі ў нас добрае надвор’е», — тлумачыць Васіль Сысоеў. 
Ён падкрэсліў, што камбайнер з ААТ «Кухчыцы» Павел Шуціла першым у краіне пераадолеў мяжу ў 4 тысячы тон намалочанага збожжа, а ўчора ўстанавіў абсалютны рэкорд намалоту за дзень на нашым айчынным камбайне GS2124 — звыш за 500 тон. «Мы ўвайшлі практычна ў самую напружаную пару. Гэты тыдзень для Міншчыны будзе вырашальны, пасля мы будзем выходзіць на завяршэнне ўборкі», — рэзюмаваў першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Васіль Сысоеў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ,
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю