Top.Mail.Ru

Аграрыі паўночнага рэгіёна святкуюць «Дажынкі» ў Мёрах

Перш, чым распачаць вялікае заслужанае гулянне ў гонар людзей працы, дэлегацыі рэгіёнаў пакланіліся памяці салдат Перамогі, усклалі кветкі да памятнага знака ў гонар вызваліцеляў Мёраў.

Знакавая падзея ў чарадзе дажыначных мерапрыемстваў — адкрыццё спецыялізаванай залы бокса мясцовай ДЮСШ. Гэта сапраўды патрэбны аб’ект для райцэнтра, дзе актыўна і паспяхова развіваецца бокс. Тут створана сучасная база з рынгам і трыбунамі, трэнажорамі і душавымі, якая абяцае стаць кузняй будучых чэмпіёнаў. 

Слоган тэматычных падворкаў раёнаў «Спадчынай жывём — душой багацеем» адлюстроўвае, што традыцыі мінулага арганічна ўплецены ў дзень сённяшні. Набярэжная возера Мёрскага — выдатная маляўнічая лакацыя для прэзентацыі раёнаў. Аздабленне падворкаў у народным стылі, з выкарыстаннем фларыстычных кампазіцый, беларускіх лялек, арнаментаў, гаспадары ў адмысловых уборах, найгрышы на народных інструментах, сяброўскі жарт — і вось госці настроіліся на прыўзняты лад. 

А далей — «мужчынскія» лакацыі, выстава сельгастэхнікі «ТэхнаАграФэст» і рэтра-аўтамабіляў. 

Надзвычай папулярная выстава «Золата роднай зямлі», дзе прадстаўлены снапы і караваі ўсіх раёнаў, а таксама праходзіць конкурс лялек ручной работы. Сюды абавязкова прыходзяць прадстаўнікі розных раёнаў, рэўнасна аглядаюць шэдэўральныя вырабы, і кожная група прытрымліваецца адной і той жа высновы: «Нашы - самыя лепшыя!». На памяць застаюцца фота каля экспанатаў з родных мясцін. 

Неад’емныя пункты праграмы — гастранамічны кірмаш «Смакі восені», гандлёвыя рады і святочны кірмаш прадукцыі прадпрыемстваў вобласці. 


Шматлюдна, пераважна ад сем’яў з дзецьмі, на іміджавых пляцоўках розных арганізацый, якія прэзентуюць сваю дзейнасць. Сярод іх — пляцоўка акадэміі ветэрынарнай медыцыны «Айбаліт-Тур», МНС, МУС, БРСМ, сацыяльных цэнтраў, банкаў, Белпошты і Белтэлекама.

Надвор’е спрыяе святу, галоўныя героі якога — нашы карміцелі.

— Віцебская вобласць завяршае цыкл «Дажынак», традыцыйнага фестывалю-кірмашу, які нарадзіўся па ініцыятыве Прэзідэнта 30 гадоў таму. Сёння сапраўднае свята на віцебскай зямлі, у Мёрах, — адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка. — Мы сёння ўбачылі, з якой цікаўнасцю праходзяць па прыгожых лакацыях людзі. Змянілася аблічча раённага цэнтра, і ў гэтым таксама ёсць сэнс «Дажынак». Але самае галоўнае — магчымасць падвесці папярэднія вынікі ўборкі ўраджаю, сказаць «дзякуй» людзям, якія жывуць на гэтай зямлі, якія ўносяць свой уклад у харчовую бяспеку краіны. Віцебская вобласць сёлета захавала пэўную дынаміку, дасягнуты мільён тон збожжа з улікам рапсу і часткова кукурузы. Некалькі вышэйшая ўраджайнасць бульбы, кукурузы, атрыманы небывалы для вобласці ўраджай  алейнага насення рапсу. За гэтым стаіць праца людзей. Многа было зроблена ў плане падтрымкі аграрыяў з боку дзяржавы: толькі на закупку тэхнікі накіравана звыш 115 мільёнаў рублёў. Болей за тысячу адзінак тэхнікі набыта, у тым ліку каля 400 трактараў, палова з якіх — энерганасычаныя. Гэта важка, я не прыпомню такога ўкладу. Але галоўнае — як працавалі людзі. У ліку перадавікоў Аршанскі, Віцебскі, Докшыцкі раёны... Вялікі дзякуй усім працаўнікам! 

Наперадзе — азартныя абласная спартакіяда па сілавых відах спорту, спаборніцтвы па колцы дроў, відовішчнае флайборд-шоу на вадзе, вялікі канцэрт «Будзе хлеб — будзе і песня», галоўныя хэдлайнеры якога Аляксандр Буйноў і група «Дразды». Яркую кропку ўвечары паставіць святочны феерверк. 

Кульмінацыя «Дажынак» чакаецца на цэнтральнай сцэне, дзе пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне найлепшых вынікаў у галіне раслінаводства. 


— Настрой выдатны, усюды віруе сапраўднае свята, спрадвечнае свята працы і ўраджаю, — падзяліўся ўражаннямі лепшы камбайнер вобласці Максім Сярноў з ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна. — Сваім сёлетнім намалотам звыш 4 тысяч тон збожжа я задаволены. За вынік 3 тысячы тон, якога я дасягнуў першым на Віцебшчыне, мне падарылі матацыкл «Мінск», сёння чакае больш важкі прыз — аўтамабіль «Джылі». Думаю, яго асноўным вадзіцелем будзе жонка Алеся. Гэта справядліва, бо яна з дзецьмі Паўлам і Яўгеніяй — мой надзейны тыл. Усё, што я раблю, найперш раблю для іх. Наогул, убіраць хлеб, карміць свой народ — высакародна і адказна. Гэта дзясятыя «Дажынкі», дзе мяне ўшаноўваюць як лідара жніва, тры апошнія гады з’яўляюся пераможцам, а ў сельскай гаспадарцы працую 11 гадоў. Пашчасціла рупіцца ў адной з лепшых гаспадарак вобласці, бо добра ўбіраць, калі ёсць важкі колас, надзейная тэхніка, зладжана працуюць усе службы і людзі. Пайшоў па слядах бацькі Станіслава Анатольевіча Сярнова. Ён і цяпер працуе на «Амкадоры» ў нашым калектыве, сушыць сабранае мной збожжа. Спадзяюся, што дынастыю працягне і мой сын — зямлі патрэбныя тыя, хто любіць яе і будзе клапаціцца пра яе. 


Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю