Top.Mail.Ru

Аграрыі Віцебскай вобласці намалацілі 1 мільён тон збожжа і семя алейнага рапсу

Сведчанне зладжанай работы працаўнікоў вёскі

На полі РУП «Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі НАН Беларусі» адбылася ўрачыстая цырымонія з нагоды намалоту аграрыямі паўночнага рэгіёна 1 мільёна тон збожжа і масласямян рапсу.

Паводле слоў старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна, з улікам надвор’я і ўсіх абставін, якія складваюцца, гэта рэальны подзвіг. Жніво праходзіла няпроста: звёны камбайнаў суправаджалі цяжкія трактары на выпадак увязання ў насычанай дажджамі глебе. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што сёлета ўсе вельмі стараліся і выкладваліся на 120 %. Ён выказаў вялікую падзяку Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, якія даслалі ў дапамогу мехатрады камбайнаў, якія дапамаглі наблізіць вынік, і назваў 1 мільён тон адной з прамежкавых вех, якая натхняе на далейшыя поспехі.

Перадаючы Аляксандру Субоціну сімвалічны сноп, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Ляўковіч адзначыў: дасягнуты паказчык кажа пра тое, што гэта не максімальная планка, на якую можа выходзіць Віцебшчына. Аднак у існуючых умовах гэта сур’ёзнае дасягненне, пра што ведаюць усе, хто працуе на зямлі. Рэгулярныя дажджы адбіліся на тэмпах уборачнай кампаніі. Як ніколі раней, выкарыстоўвалася міжгаспадарчая і міжраённая перакідка тэхнікі, дапамогу аказалі іншыя вобласці. Калі б не было арганізаванай працы на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях, такога б выніку не дасягнулі. У цэлым жа 1 мільён тон — сведчанне зладжанай работы працаўнікоў вёскі.

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч канстатаваў, што знакавы паказчык з’яўляецца вялікім укладам у харчовую бяспеку краіны, забеспячэнне дадаткамі і камбікормамі жывёлагадоўчай галіны. У асобе камбайнераў Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі НАН Беларусі Віктара Казлова і Сяргея Ігнацьева ён выказаў падзяку ўсім працаўнікам палёў і падкрэсліў, што, бываючы ў рэгіёнах, бачыў, з якімі складанымі ўмовамі надвор’я сутыкаюцца экіпажы і вадзіцелі, але быў зарад на працу і агеньчык у вачах.

Вяскоўцам трэба будзе ўбраць зусім ледзь-ледзь праблемных збожжавых палёў, яравы рапс, які дае добрую ўраджайнасць. Актыўна вядзецца сяўба азімых збожжавых. Наперадзе ўборка кукурузы, частка якой будзе абмалочана на зерне.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота ТК «Віцебская вобласць. Афіцыйна».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю