Top.Mail.Ru
99

Агульнагарадскі суботнік правядуць 7 сакавіка ў Брэсце

У Брэсце 7 сакавіка правядуць агульнагарадскі суботнік, паведамляе БелТА.


У абласным цэнтры з 5 сакавіка па 24 красавіка працягнецца месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку. А 7 сакавіка брэстаўчан запрашаюць далучыцца да вялікай экалагічнай акцыі. 

«У некаторых рэгіёнах рэспублікі яшчэ ляжыць снег. У Брэсце прыгрэла сонейка, цеплыня — надвор’е дазваляе ўзяцца за працу. Адной з асноўных лакацый для суботніка вызначылі лесапаркавую зону на вуліцы Радужнай — ад вуліцы Гарадской у бок Камянецкага кальца. Прыбяром лішнюю расліннасць, паваленыя і інвазіўныя дрэвы», — расказаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі. 

Удзельнікі суботніка будуць працаваць і на іншых лакацыях, у тым ліку на набярэжнай ракі Мухавец, дзе добраўпарадкоўваюць новы пляж. Работы будуць весціся ў лесапаркавай зоне па вуліцы Маскоўскай на ўездзе ў Брэст, у Брэсцкай крэпасці, на дваровых тэрыторыях. 

У Брэсце генеральную прыборку пасля зімы правядуць паўсюдна. Адна з прыярытэтных задач — аднавіць дарожнае пакрыццё, якое пацярпела з-за перападу тэмператур. З надыходам прыдатных умоў надвор’я спецыялісты зоймуцца суцэльным асфальтаваннем. Акцэнт таксама робіцца на добраўпарадкаванні вуліц і двароў. 

У абласным цэнтры на працягу года плануюць высадзіць каля 16 тыс. дрэў, у тым ліку не менш як 5 тыс. — вясной. Горад упрыгожаць больш за 1 млн кветак. Аднымі з першых на кветніках распусцяцца бутоны цюльпанаў, 200 тыс. цыбулін якіх пасадзілі восенню. «Будзе вялікая кветкавая разнастайнасць. Пасадачны матэрыял для першага этапу ўжо ёсць: працуюць цяпліцы „Камунальніка“. Задача — на агульнагарадскіх тэрыторыях павялічыць колькасць кветак у розных лакацыях. На прыпыначных пунктах на цэнтральных вуліцах установім кадкі з кветкамі», — падсумаваў Сяргей Лабадзінскі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю