Падчас агульнанацыянальнай хвіліны маўчання, якая пройдзе ў 12.00 9 мая, ва ўсіх храмах краіны будзе дадзены памінальны звон, паведаміў карэспандэнту БелТА упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.
«9 мая, калі ў 12.00 у памяць аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны будзе аб’яўлена агульнанацыянальная хвіліна маўчання, журботным рэхам будуць раздавацца ўдары метранома, адначасова ў храмах Беларусі будзе здзейснены памінальны звон, — расказаў Аляксандр Румак. — Гэта як напамін нам пра шматлікія ахвяры, якія наш народ аддаў за свабоду і незалежнасць, за тое, каб цяперашнія і будучыя пакаленні жылі ў мірнай краіне»
У гэты ж час на транспарце прагучаць сігнальныя гудкі і ў некаторых месцах прыпыніцца рух.