МНС падводзіць вынікі года.
Пад старшынствам міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма СІНЯЎСКАГА адбылося пасяджэнне калегіі МНС, на якім была дадзена ацэнка дзейнасці ведамства за 2025 год. У цэнтры ўвагі аказаліся пытанні выканання даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, а таксама гатоўнасць да аператыўнага рэагавання на розныя надзвычайныя сітуацыі.
Усяго ў 2025 годзе ў Беларусі адбылося 6330 пажараў, ахвярамі якіх сталі 534 чалавекі, у тым ліку чацвёра дзяцей. Супрацоўнікамі МНС было выратавана з агню 450 чалавек. Дарэчы, як адзначыў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ, дзякуючы сістэмнай рабоце ведамства паказчык дзіцячай смяротнасці ўдалося знізіць у 2,5 раза, а агульная колькасць загінулых на пажарах зменшылася на 2,2 %.
Значныя намаганні былі прыкладзены і для прадухілення трагедый на водных аб’ектах. Комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, як адзначыў міністр, дазволіў удвая скараціць дзіцячую гібель на вадзе, а агульная колькасць патанулых пры купанні ў 2025 годзе стала мінімальнай за апошнія чатыры гады, знізіўшыся амаль на 25 %. Усяго ж было выратавана 208 чалавек, з іх 42 дзіцяці. Асноўнымі прычынамі здарэнняў па-ранейшаму заставаліся падзенне ў ваду, купанне і рыбная лоўля.
Улетку ратавальнікі аператыўна рэагавалі на наступствы стыхіі: праводзілі аднаўленчыя работы па электра- і водазабеспячэнні, адпампоўванне вады і расчыстку завалаў. Найбольшую шкоду непагадзь нанесла Магілёву і аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна — на дапамогу мясцовым жыхарам быў нават накіраваны атрад спецыяльнага прызначэння «ЗУБР».
За мінулы год наглядныя і прафілактычныя мерапрыемствы былі праведзены на ўсіх аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей на ўліку ведамства. У выніку колькасць тых з іх, якія не былі абсталяваны спраўнай пажарнай аўтаматыкай, была скарочана ў чатыры разы: «Разам з тым на пачатак 2026 года 55 інтэрнатаў не забяспечаны спраўнымі сістэмамі пажарнай аўтаматыкі, — падкрэсліў Вадзім Сіняўскі. — Найбольшая колькасць такіх аб’ектаў у Магілёўскай, Гомельскай, Гродзенскай абласцях». Ключавую ролю ў раннім выяўленні ўзгаранняў адыграла сістэма «Маланка», устаноўленая на больш чым 51 тысячы аб’ектаў па ўсёй краіне. У 2025 годзе гэта сістэма дапамагла выявіць і ліквідаваць 568 узгаранняў на пачатковай стадыі.
- Не менш эфектыўна ўдавалася спраўляцца з лакальнымі надзвычайнымі сітуацыямі. Напрыклад, у Гомелі ратавальнікі МНС аператыўна правялі эвакуацыю і пошукава-выратавальныя работы пасля абвальвання пліт перакрыцця ў жылым доме, а на ААТ «Беларуськалій» у Любанскім раёне ліквідавалі наступствы разрыву рэзервуара з салянай кіслатой, выканаўшы складаныя работы па яе нейтралізацыі і перапампоўванні.
У кастрычніку 2025 года на палігоне МНС пад Барысавам прайшло комплекснае вучэнне з удзелам 12 рэспубліканскіх службаў, якое пацвердзіла гатоўнасць сіл да дзеянняў у асаблівы перыяд. У 2026 годзе намечана перапрацоўка планаў абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, а таксама падрыхтоўка праекта закона аб стварэнні адзінай дзяржаўнай сістэмы грамадзянскай абароны.
Падводзячы вынікі работы ведамства, Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ адзначыў, што ў цэлым з усімі задачамі міністэрства па надзвычайных сітуацыях справілася: «Год быў насычаны сур’ёзнымі выпрабаваннямі, але чарговы раз супрацоўнікі МНС прадэманстравалі прафесіяналізм, уменні і адданасць сваёй прафесіі, свайму народу».
Галоўнай задачай ведамства застаецца зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый і людзей, якія гінуць ад іх. Акрамя таго, паводле слоў Аляксандра Вальфовіча, нельга дапусціць зніжэння ўзроўню гатоўнасці сіл і сродкаў да аператыўнага рэагавання на магчымыя надзвычайныя сітуацыі.
Аміна НАЗАРАВА, фота прэс-службы МНС.