Насамрэч адлік існавання калектыву можна пачынаць раней, звязаўшы яго наогул з дзейнасцю знакамітага фалькларыста і музыканта Рыгора Шырмы, бо яшчэ да ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі гэты «паляшук», як запісалі яго ў пашпарце тагачасныя польскія ўлады, ужо ствараў калектывы, і яны выступалі з беларускім рэпертуарам. А ў 1939 годзе ён атрымаў ад савецкіх улад мандат на арганізацыю харавога калектыву. Ужо ў 1940-м пайшлі канцэрты Беларускага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Значны сам факт плённага існавання калектыву з тых часоў і да сённяшняга дня. Цяпер гэта ўжо заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ён, як і раней, арыентаваны на беларускую песню і наогул харавую музыку, якую прадстаўляе не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі (гэта пачынаў яшчэ сам Рыгор Раманавіч). Але наступныя пакаленні кіраўнікоў і выканаўцаў падтрымлівалі высокі ўзровень прафесіяналізму.
Каб гэта засведчыць яшчэ раз, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы прадставіла ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі новую праграму «Вібрацыі часу», у якую цяперашні галоўны дырыжор Вольга Янум уключыла творы айчынных кампазітараў — нашых сучаснікаў. У прыватнасці, Вячаслава Кузняцова — яго «Рэчытатыў» і харал на словы Антуана дэ Сент-Экзюперы, эмацыянальны твор філасофскага гучання выбралі для пачатку. А яшчэ творы Алега Хадоскі (напрыклад, яго «Меса» для змешанага хору) і Паэторыі «Таямніцы быцця. Ісціны ад Амара Хаяма» Алены Атрашкевіч — капэла была наогул першым іх выканаўцам. Слухачу прадставілі і новыя творы, між іншым нават маладога кампазітара Кацярыны Сянкевіч (нібыта зварот «Да продкаў»). І сапраўды ж ёсць каго згадаць... Таго ж Алега Янчанку, які шмат зрабіў для развіцця беларускай музыкі — і першы раз у нашай краіне загучаў яго «Псалом-150» для аргана, дзвюх труб, трох трамбонаў, падвойнага хору і салістаў.
Але калі ўспомніць, як шанаваў продкаў Рыгор Шырма... То найперш сувязь з імі забяспечвала, на яго думку, народная песня. І як жа без іх можа адбыцца канцэрт капэлы, якая носіць яго імя? Усё другое аддзяленне артысты прысвяцілі ёй. Завяршыла святочны вечар народная сюіта «Мой родны кут». Сімвалічна, калі згадаць заснавальніка, для якога заўсёды на першым месцы былі беларуская традыцыя, адметнасць, мова і народныя мелодыі, якімі яго калектыў мог кранаць сэрцы.