Школьнае харчаванне — адна з мер сацыяльнай абароны навучэнцаў. Аб гэтым у прэс-цэнтры БелТА паведаміла начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Акадэміі адукацыі Люцыя Міхальчук.
У гэтым годзе школьнае харчаванне будзе прапанавана ўсім навучэнцам. Прадстаўнік Акадэміі адукацыі адзначыла, што гэта з’яўляецца адной з мер сацыяльнай абароны навучэнцаў. «У новым навучальным годзе харчаванне будзе прапанавана ўсім навучэнцам — гэта 1,025 млн чалавек у амаль 2,6 тыс. школ, якія знаходзяцца ў сістэме Міністэрства адукацыі. Цяпер намаганні ўсіх дзяржорганаў, у тым ліку Мінадукацыі, Міністэрства аховы здароўя, МАРГ і іншых, накіраваны на забеспячэнне якаснага, бяспечнага і збалансаванага харчавання навучэнцаў», — расказала Люцыя Міхальчук.
Паводле яе слоў, абавязковасць прыёму ежы ў школах нарматыўнымі прававымі актамі не ўстаноўлена. «У выпадку адмовы ад ежы ніякай дадатковай заявы ад бацькоў не патрабуецца. Дастаткова вуснага паведамлення альбо класнага кіраўніка, альбо адміністрацыі ўстановы адукацыі. Аднак спадзяёмся, што кожны з бацькоў разумее, што яго дзіця павінна быць здаровае і ў школе знаходзіцца працяглы час, таму гарачая ежа яму неабходна. Тым больш харчаванне ў школах з’яўляецца збалансаваным, рацыянальным і бяспечным як па хімічным складзе прадуктаў, якія выкарыстоўваюцца пры гатаванні страў, так і па спосабах гатавання», — падкрэсліла начальнік аддзела.
Напрыклад, пры гатаванні ежы прымяняюцца запяканне, тушэнне, варка на пары і проста адварванне. Прадукты і ўся сыравіна, якая выкарыстоўваецца для гатавання страў, адпавядаюць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, які вызначае канкрэтныя патрабаванні да прадукцыі для дзяцей. У іх харчаванні не выкарыстоўваюцца харчовыя прадукты, якія не адпавядаюць прынцыпам дзіцячай дыетэтыкі.