Top.Mail.Ru

Акадэмія МУС. Як рыхтуюць высокакваліфікаваных спецыялістаў

Акадэмія МУС рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў дзякуючы перадавым адукацыйным методыкам і вопытным выкладчыкам. Як праходзіць навучанне, якія ўмовы створаны для студэнтаў — карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» даведалася, наведаўшы ўстанову адукацыі.


Спалучаючы навуку і практыку

Адной з асаблівасцяў акадэміі з’яўляецца высокі прафесіяналізм прафесарска-выкладчыцкага складу. Больш за 50 % выкладчыкаў маюць вучоныя ступені кандыдатаў і дактароў навук. Акрамя таго, яны актыўна ўдзельнічаюць у распрацоўцы нарматыўных прававых актаў, кодэксаў, ведамасных інструкцый і загадаў. Аднак наяўнасць вучонай ступені — не адзінае патрабаванне да выкладчыкаў. Тут працуюць выключна тыя спецыялісты, якія маюць значны практычны вопыт:

— Менавіта таму ўсе нашы навукоўцы — гэта не тыя, хто проста добра вучыўся. Яны маюць як мінімум тры гады практычнай дзейнасці. Выкладчыку неабходна памятаць, як яго вучылі, чаго яму не хапала, умець рабіць пэўныя высновы і расці над сабой, — адзначыў першы намеснік начальніка Акадэміі МУС Аляксей БАШАН.

У новым навучальным годзе акадэмія прыме больш за 400 курсантаў і навучэнцаў на чатыры факультэты: крымінальнай міліцыі, міліцыі грамадскай бяспекі, следча-экспертны і крымінальна-выканаўчы факультэты. Аляксей Башан расказаў, што курсанты навучаюцца па такіх спецыяльнасцях, як «Правазнаўства», «Эканамічнае права» і «Судовыя крыміналістычныя экспертызы». Аднак унутры гэтых кірункаў прадугледжана прафілізацыя, якая дазваляе рыхтаваць спецыялістаў для канкрэтных падраздзяленняў.

Так, факультэт крымінальнай міліцыі рыхтуе супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, спецыялістаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, наркакантролю, супрацьдзеянні гандлю людзьмі і кіберзлачыннасці. На факультэце грамадскай бяспекі вучацца будучыя ўчастковыя інспектары міліцыі, супрацоўнікі ДАІ, крымінальна-выканаўчай інспекцыі і інспектары па справах непаўналетніх.

Новаўвядзеннем гэтага года стане падрыхтоўка кадраў для падраздзяленняў Дэпартамента аховы. Падаць дакументы можна адразу на некалькі факультэтаў, і нават 
не толькі ў акадэмію.

— Калі абітурыент не набірае прахадны бал для паступлення да нас, у яго застаецца магчымасць удзельнічаць у конкурсе на залічэнне ў Магілёўскі інстытут МУС. Наша галоўная задача — не страціць ніводнага матываванага абітурыента, які імкнецца звязаць сваё жыццё са службай у органах унутраных спраў, — растлумачыў Аляксей Башан.
Паступленне ў такія навучальныя ўстановы — гэта не проста атрыманне адукацыі, а свядомы выбар жыццёвага шляху. Тым, хто з ім канчаткова вызначыўся, неабходна да 15 красавіка звярнуцца ў органы ўнутраных спраў па месцы жыхарства і прайсці сур’ёзны адбор на гатоўнасць да службы.

Выхаванне каманднага духу

Патрабаванняў да курсантаў шмат. Сярод іх — неабходнасць развіваць камунікатыўныя навыкі, вучыцца кіраваць эмоцыямі і эфектыўна ўзаемадзейнічаць з рознымі людзьмі. Такі падыход да навучання і выхавання дазваляе выпускаць не толькі высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і маральна ўстойлівых, падрыхтаваных да службы афіцэраў, гатовых да выканання прафесійных абавязкаў у складаных умовах.

— Для іх вельмі важна ўмець падзяляць асабістае і службовае, а таксама працаваць ва ўмовах павышаных псіхаэмацыянальных нагрузак. Менавіта таму выхаванне з’яўляецца неад’емнай часткай падрыхтоўкі курсантаў, а адным з найважнейшых уменняў — работа ў камандзе.

Фарміраванню калектыўнага духу садзейнічае і тое, што з першага па другі курс курсанты пражываюць у інтэрнаце. Хлопцы жывуць у блоках па 
6–8 чалавек. Усе забяспечаны трохразовым збалансаваным харчаваннем. Толькі з трэцяга курса пры добрай дысцыпліне і высокіх балах можна жыць па-за акадэміяй. Да гэтага часу курсанты паспяваюць стаць добрымі таварышамі, становяцца адзіным калектывам, што дапаможа ім не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці — сябры заўсёды прыйдуць на дапамогу.

Тандэм тэхналогій і дысцыпліны

Імклівае развіццё тэхналогій і змяненне разам з імі схем злачынстваў дыктуюць новыя патрабаванні да падрыхтоўкі спецыялістаў. Важна, каб будучыя супрацоўнікі былі гатовымі да любых выклікаў, а значыць, ім патрэбна максімальна сучаснае і эфектыўнае навучанне. Для гэтага тут распрацавана 118 электронных вучэбна-метадычных комплексаў, у ліку якіх — розныя вучэбныя праграмы, тэарэтычныя і практычныя дапаможнікі.

— У плане тэхналогій мы не стаім убаку, — адзначыў Аляксей Башан. — Паказваем фільмы, выкарыстоўваем электронныя метадычныя комплексы, сімулятары. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб наш афіцэр быў гатовы працаваць з першага дня. У нас няма часу на разварушванне: кожны супрацоўнік адразу пасля выпуску павінен умець эфектыўна прымяняць свае веды.

Акадэмія актыўна супрацоўнічае з іншымі ВНУ, у тым ліку з замежнымі. Ужо заключана 73 дагаворы з навучальнымі ўстановамі з 20 краін. А ў 2023 годзе было падпісана пагадненне аб сеткавым узаемадзеянні з Беларускім дзяржаўным універсітэтам інфарматыкі і радыёэлектронікі. Вывучаць інфармацыйную бяспеку курсантам стала прасцей і цікавей.

Яшчэ адзін прыклад укаранення найноўшых тэхналогій у вучэбны працэс — навучанне курсантаў кіраванню дронамі. Такія навыкі становяцца ўсё больш запатрабаванымі ў аператыўнай рабоце. Аднак, паводле слоў Аляксея Башана, сучасныя тэхналогіі не замяняюць традыцыйныя метады:

— Мы вучым курсантаў працаваць з дакументамі, развіваем у іх уседлівасць, якая часта адсутнічае ў сучаснай моладзі. Акрамя таго, работа супрацоўніка органаў унутраных спраў уключае зносіны з людзьмі, а значыць, важна ўмець весці дыялог, вырашаць розныя праблемы.

Мала проста вывучыць тэорыю, важна ўмець прымяняць яе на практыцы. Навучанне ў акадэміі выходзіць далёка за межы лекцыйных заняткаў. Практычныя трэніроўкі праходзяць не толькі ў аўдыторыях, але і на спецыялізаваных палігонах кафедры крыміналістыкі, дзе курсанты могуць асабіста паўдзельнічаць у змадэляваных аператыўна-вышуковых сітуацыях, навучыцца правільнаму збору доказаў, праверцы дакументаў і купюр на сапраўднасць, іншым навыкам, неабходным будучым супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Найважнейшай часткай вучобы з’яўляецца падтрыманне добрай фізічнай формы. Навучальная ўстанова абсталявана ўсім неабходным для гэтага. У спартыўных залах, напрыклад, курсантаў навучаюць прыёмам баявых адзінаборстваў. Прычым з трэцяга курса трэніроўкі праходзяць не ў кімано, а ў службовай форме — усё як на сапраўднай службе. Перш чым узяць у рукі зброю, ім неабходна дасканала вывучыць яе ўстройства і прынцыпы работы. І толькі пасля гэтага дазваляецца практыкавацца ў зборцы, асновах стральбы, правільнай стойцы і г. д.

Фізічная падрыхтоўка — не адзінае патрабаванне да курсантаў. Будучы афіцэр павінен валодаць высокай стрэсаўстойлівасцю, для праверкі якой на этапе паступлення абітурыенты праходзяць медыцынскую камісію і шырокае псіхалагічнае тэсціраванне. Таксама курсанты з першых дзён службы атрымліваюць падтрымку спецыялістаў, асабліва ў першыя гады, калі адбываецца адаптацыя і пераход з грамадзянскага жыцця на службу.

Адбор у акадэмію строгі: улічваюцца рост, вага, фізічная падрыхтоўка, псіхалагічная ўстойлівасць. Але галоўнае — унутраная матывацыя, імкненне служыць грамадству і абараняць закон.

— Я б сказаў, што да нас паступаюць хлопцы з абвостраным пачуццём справядлівасці, — адзначыў Аляксей Башан. — У моладзі ёсць запыт на справядлівасць. І тыя, хто адчувае гэта запатрабаванне ярчэй за іншых, — гэта нашы кандыдаты. А навучыць іх, як абараняць людзей, як дзейнічаць у складаных сітуацыях і быць прыкладам для грамадства — задача нашай акадэміі.

Фота аўтара і з сайта Акадэміі МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю