Top.Mail.Ru

Як нясуць службу жанчыны-ваенаслужачыя авіяцыйнай базы

Пра шлях у прафесію, любоў да Радзімы і ўменне сумяшчаць сям’ю і службу расказваюць жанчыны-ваеннаслужачыя з 50-й змешанай авіяцыйнай базы, што ў Мачулішчах Мінскага раёна


Спецыяліст паста СПС малодшы сяржант Аляксандра ЛЕЎШЫНА з 50-й змешанай авіяцыйнай базы служыць на карысць Радзімы з 19 гадоў. Яе тата таксама ваеннаслужачы, ён ужо на пенсіі. З дзяцінства прызвычаілася пераязджаць з аднаго населенага пункта ў іншы. Нарадзілася Аляксандра ў Бярозе Брэсцкай вобласці, а большую частку свайго жыцця правяла ў Мачулішчах пад Мінскам, дзе непасрэдна і размяшчаецца авіяцыйная база.

— Тата служыў усё жыццё, а мы за ім, — успамінае яна. — Скончыла школу ў 17 і вырашыла паступаць на завочнае аддзяленне ў тагачасны Мінскі інстытут кіравання. А «завочка» ж, значыць, трэба ісці кудысьці працаваць. Тата дапамог уладкавацца ў сталовую ў нашай авіяцыйнай базе афіцыянткай. Праз некаторы час зразумела, што прыйшоў час рухацца наперад. Вучоба ў выбраным універсітэце мне не падабалася, а вось служба ва Узброеных Сілах — чаму б і не?! Вырашыла пайсці служыць па кантракце. Бацькі паставіліся да выбару прафесіі дачкі станоўча — я ж у гэтым асяроддзі вырасла, таму цалкам гэта было чакана.

Шчасце ўтрая

На службе воляй лёсу Аляксандра сустрэла свайго будучага спадарожніка жыцця Кірыла, таксама ваеннаслужачага:

— У 19 пазнаёміліся, а ў 20 ажаніліся. Ужо 14 гадоў разам. Цяпер муж вучыцца ў Ваенна-паветранай акадэміі ў Варонежы, павышае кваліфікацыю. Два гады жыў у Расіі, летам вяртаецца ўжо дадому. Зацягнулася камандзіроўка ў яго. А мы вельмі чакаем!

«Мы» — гэта чатыры дзяўчынкі: мама Аляксандра, 12-гадовая Варвара і малодшанькія блізняткі — 10-гадовыя Агата і Арына.

— Так, дзесяць гадоў таму мы сталі шматдзетнымі, — расказвае Аляксандра. — Жывём у Мачулішчах, дзеці тут вучацца, а мы — служым. Пабудавалі кватэру — на яе ўзялі льготны крэдыт па ўказе Прэзідэнта. Вядома, падтрымка з боку дзяржавы адчуваецца: гэта і «сямейны капітал», і дапамога за нараджэнне кожнага дзіцяці, мае школьніцы бясплатна харчуюцца, ёсць пэўныя льготы на аплату падручнікаў.

Дарэчы, на дапамогу заўсёды гатовыя прыйсці і бацькі Аляксандры — усе жывуць у адным пад’ездзе.

— Мы пад наглядам у старэйшага пакалення! — усміхаецца яна.


На ўласным прыкладзе

Служба цікавая і разнастайная, адзначае ваенаслужачая:

— Тут вельмі важна быць стрэсаўстойлівай і ўмець спраўляцца з вялікай колькасцю задач. А галоўнае — трэба любіць сваю Радзіму і быць гатовым яе абараняць. Але для жанчын гэта не праблема! З раніцы да вечара — на службе, а потым прыходзіш дадому — там дзяўчаты чакаюць, ежу трэба гатаваць, прыбірацца, рыхтавацца да наступнага дня.

Вядома, дачушкі сумуюць па бацьках, але ўжо прывыклі быць самастойнымі.

— Мы пасля службы звычайныя бацькі, — прызнаецца Аляксандра. — З дзецьмі стараюся шмат размаўляць, тлумачыць многія рэчы з пазіцыі дарослага чалавека. Старэйшая дачка часам пасля школы да мяне звяртаецца з пытаннямі на гістарычную тэматыку. Усё адкрыта і сумленна абмяркоўваем, дзялюся з ёй тым, што сама ведаю. Летась вазілі дзяўчынак у Музей Вялікай Айчыннай вайны, бывалі ў Нясвіжскім замку — хочацца паказаць дзецям нашу краіну. А паходы ў тэатры і кіно — наогул звыклая рэч. Пра выбар прафесіі яны яшчэ не задумваюцца, аднак калі хтосьці з дзяўчынак падрасце і скажа: «Мама, хачу служыць ва Узброеных Сілах», — падтрымаю выбар і нагадаю, што важна рабіць гэты крок свядома і адказна.

На яе погляд, патрыятызм — паняцце, якое па сваёй сутнасці значна глыбейшае, чым проста любоў да таго месца, дзе жывеш:

— Гэта яшчэ і даніна памяці людзям, папярэднім пакаленням, нашым продкам, дзякуючы якім мы зараз шчасліва жывём і выхоўваем дзяцей на сваёй зямлі.

Дзяўчына з характарам

Дзяжурны па сувязі і РТА старшы прапаршчык Наталія МАНЦЭВІЧ — прадстаўніца сямейнай дынастыі ваеннаслужачых. Яе сваякі з пакалення ў пакаленне выбіралі прафесію абаронцы Айчыны: прадзядулі і прабабулі, дзядулі і бабулі, бацька, ды й наша суразмоўца не стала выключэннем. Але выбар на карысць службы ва Узброеных Сілах Наталля зрабіла не адразу — у 29 гадоў свядома пачала працаваць па кантракце, першапачаткова тэлефаністкай:

— У прафесію я прыйшла цікавым чынам. Скончыла ваенна-патрыятычны клас у Мачулішчах, пасля паступіла ў Міжнародны інстытут кіравання і прадпрымальніцтва. Некаторы час адпрацавала па спецыяльнасці, але зразумела, што гэта не зусім маё. У выніку, калі нарадзіла дзіця, стала задумвацца, што хацела б паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Пайшла, атрымалася.

Праз два гады службы яна перавялася ў 50-ю змешаную авіяцыйную базу, дзе служыць і цяпер.

— Прыйшла сюды на пасаду тэлефаніста. А ў 2021 годзе перавялася на дзяжурную па сувязі, ужо ў наступным годзе вучылася ў Акадэміі авіяцыі на прапаршчыка.

Быць ваеннаслужачым — адказна і вельмі сур’ёзна, лічыць Наталія:

— Ва Узброеных Сілах вельмі важны прафесіяналізм. Спецыяліст цэніцца толькі той, хто добра выконвае пастаўленыя задачы. І, вядома, многае залежыць ад калектыву. На жанчынах у нас многае трымаецца! Мы гатовы прайсці «агонь, ваду і медныя трубы». Вы бачыце самалёты ў небе? Дык вось, гэта мы дапамагаем ім лётаць. Справа складаная — не проста чалавек сеў за штурвал і паляцеў. Цэлая сістэма, вялікі адладжаны механізм, кожная дэталь якога важная ў комплексе.

Са сваімі мужчынамі — дзядулем, татам і мужам (а ён у Наталіі таксама ваеннаслужачы) — яна пры неабходнасці можа параіцца наконт працы:

— У дэталі не ўдаюся, але яны мяне сапраўды разумеюць з паўслова. Хаця ў мяне такі характар: паслухаць паслухаю, але зраблю так, як вырашыла сама.


«Выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт»

Жыццё ў «рэжыме шматзадачнасці» — так апісвае свае будні ваеннаслужачая. І калі на рабоце яна абавязана праяўляць стойкасць, вытрымку і стрэсаўстойлівасць, дома Наталія — любімая жонка і маці 10-гадовага сына Данілы.

— Пазнаёміліся з мужам яшчэ да службы ва Узброеных Сілах. Мы адзін аднаго вельмі добра адчуваем, таму што род дзейнасці аднолькавы. Напэўна, у іншым выпадку было б істотна цяжэй. Сынок таксама праяўляе цікавасць да службы, але наконт выбару прафесіі на яго ніхто не цісне. Безумоўна, буду ўлічваць усе яго пажаданні як асобы. Але, як сказаў Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка: «Выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт». Усе пачынанні сына я падтрымліваю. Цяпер, напрыклад, ён натхнёны ідэяй вучыцца ў кадэцкім класе. Сынок у нас такі: «Зразумеў — прыняў — выконваю», — з доляй гумару адзначае суразмоўца.

Вядома, дзіцяці, бацькі якога выбралі служыць на карысць Айчыны, прыйшлося крыху раней стаць адказным.

— Ён у нас самастойны хлопчык. Калі мы на дзяжурствах, сын дома. Можа і паесці сам, і ўрокі зрабіць. Спраўляецца! — з гонарам кажа Наталія.

Што датычыцца патрыятызму, у гэтай сям’і любоўю да Радзімы працятыя ўсе.

— Я не дапушчу таго, каб дзіця з-за сацыяльных сетак або іншых відаў уздзеяння страціла разуменне значэння слоў «добра» і «дрэнна». Гэта задача бацькоў — своечасова зберагчы і растлумачыць, — упэўнена Наталія.

Жанчыне-ваеннаслужачай уласцівыя розныя амплуа, лічыць яна:

— Трэба, напэўна, у некаторай ступені быць псіхолагам. На службе пераважна мужчынскі калектыў — тут нельга быць празмерна мяккай. Важна ўмець сабрацца, узяць сябе ў рукі. А дома ёсць дома!

Яна ВАЛАСАЧ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

Мінскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю