«Прыярытэты ранейшыя: кошт метра — не вышэйшы за сярэднямесячны заробак, тэрміны ўводу — нарматыўныя, без даўгабудаў»
У аўторак Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях будаўніцтва. У цэнтры ўвагі яго ўдзельнікаў — перспектывы жыллёвага будаўніцтва, эфектыўнасць выкарыстання арэнднага жылля, а таксама якія крокі трэба зрабіць для вырашэння надзённых пытанняў.
«Зрабіць трэба так, каб чалавек мог усяліцца ў дом ці кватэру і жыць»
Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тэма размовы — будаўніцтва жылля для людзей. «Сёння ў краіне на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзяцца 542 тысячы сем’яў. І ўсе яны спадзяюцца як мага хутчэй атрымаць ключы ад дома або кватэры», — канстатаваў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што да гэтых 542 тысяч сем’яў адносяцца і тыя, хто ўжо мае жыллё: «Можа, камусьці метра не хапае, яшчэ чагосьці і гэтак далей. Але гэта дзяржава ўстанаўлівае: мае патрэбу — не мае патрэбы».

Задачы на пяцігодку вызначаны — акцэнты ссоўваюцца ў бок арэнднага жылля, працягнуў Прэзідэнт. Па словах кіраўніка дзяржавы, арэнднае жыллё павінна стаць асноўным інструментам вырашэння і жыллёвага пытання, і кадравых задач. «Гэта значыць, арэнднае жыллё даецца прадпрыемствам або, дапусцім, іншым органам улады, калі гэта будзе прадугледжана. Працуеш — жывеш, не працуеш — не жывеш, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Гэта эканамічна апраўдана, зручна людзям, асабліва маладым спецыялістам».
Прынятая дзяржаўная праграма «Будаўніцтва жылля». У 2026-2030 гадах запланавана пабудаваць з дзяржаўнай падтрымкай 6,5 мільёна жылых квадратных метраў. З іх 5 мільёнаў — арэндных. «Прыярытэты ранейшыя: кошт метра — не вышэйшы за сярэднямесячны заробак, тэрміны ўводу — нарматыўныя, без усялякіх даўгабудаў. Якасць (што тут гаварыць) — зрабіць трэба так, каб чалавек мог усяліцца ў дом ці кватэру і жыць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Разам з тым кантралюючыя органы адзначаюць наяўнасць сістэмных недахопаў у планаванні і фінансаванні будаўніцтва, а таксама ў наступным выкарыстанні арэнднага жылля». Кіраўнік дзяржавы спыніўся на самых надзённых праблемах.
«У гэтым, напэўна, і сутнасць арэнднага жылля»
Першае. Новыя кватэры ўзводзяцца не пад рэальныя патрэбы, а дзеля выканання даведзеных заданняў. «Катастрофа! Не так? — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. — Пры гэтым рэгіёны часам скардзяцца, што адсутнічае не толькі неабходнасць будаўніцтва, але і крыніцы фінансавання. Гэта значыць, у Гродзенскай або Магілёўскай вобласці жыллё не трэба, а мы тут ці хтосьці навязваем ім будаўніцтва гэтага жылля».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што людзям абяцалі будаваць кватэры ў прывязцы да працоўных месцаў. «У гэтым, напэўна, і сутнасць арэнднага жылля, — заўважыў беларускі лідар. — Станоўчыя прыклады такога падыходу мы бачым у Петрыкаве („Беларуськалій“), Рудзенску (БНБК), Тураве (Тураўскі малочны камбінат), Віцебску (Віцебская бройлерная фабрыка) і шэрагу іншых населеных пунктаў».
З уступленнем у сілу ўказа № 344 «Аб субсідаванні юрыдычных асоб пры ўзвядзенні або набыцці жылых памяшканняў» (1 студзеня 2025 года) працэс актывізаваўся. «Некаторыя прадпрыемствы пачалі будаваць для сваіх работнікаў асобныя кватэры. Але іх таксама мала (153 кватэры ў 2025 годзе). Што нам трэба зрабіць, вырашыць, каб гэтая практыка стала больш масавай?» — пацікавіўся Прэзідэнт.
Для вырашэння гэтага блока пытанняў кіраўнік дзяржавы прапанаваў зрабіць наступныя крокі. Па-першае, стварыць празрыстую сістэму ўліку грамадзян, якія жадаюць атрымаць арэнднае жыллё, каб будаваць адрасна. «Гэта значыць, ёсць чалавек, які працуе, дапусцім, на МАЗе. Ён на ўліку, гатовы атрымаць арэнднае жыллё і там жыць. Такіх людзей мы павінны бачыць, для нас гэта важна», — падкрэсліў беларускі лідар.
Па-другое, неабходна ўзводзіць жыллё з акцэнтам на малыя населеныя пункты і роўна столькі, колькі неабходна для развіцця эканомікі дадзенага рэгіёна. Па-трэцяе, да закладкі любога шматкватэрнага дома трэба дакладна вызначыцца з крыніцамі фінансавання. «Перш, чым пачынаць нешта рабіць, трэба ж бачыць, адкуль грошы», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, неабходна шырэй далучаць прадпрыемствы рэальнага сектара з выкарыстаннем уласных і прыцягнутых рэсурсаў для вырашэння жыллёвых пытанняў сваіх супрацоўнікаў. «Гэта значыць, не толькі бюджэтныя грошы, але і прадпрыемства павінна ўкладваць свае грошы, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Віцэ-прэм’ер, які курыруе, павінен далажыць, як будуць вырашацца гэтыя праблемы».
«Многія кватэры прастойваюць больш за год!»
Другое. «Як мяне інфармуюць, расце колькасць пустуючых арэндных кватэр. Дзіўна, як? Цяпер у пераліку незапатрабаваных — больш за 17 тысяч жылых памяшканняў. Гэта што, мы пабудавалі жыллё, і яно нікому не трэба?» — задаў пытанне Прэзідэнт.
Як адзначыў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын, гаворка ідзе пра жыллё, якое ўтварылася ў тым ліку на 1 студзеня 2016 года: «Гэта непрыватызаванае жыллё. У нас на 1 студзені 2016 года былі службовае жыллё, ведамаснае жыллё, у калгасах жыллё, непрыватызаванае жыллё грамадзян. З 1 студзеня 2016 года ўсё гэта стала арэндным жыллём. І тое, пра што Вы гаворыце, незапоўненае арэнднае жыллё, — у большасці размяшчаецца ў сельскай мясцовасці. Гэта старыя дамы, пра якія мы будзем гаварыць падчас дакладаў».
«Многія кватэры прастойваюць больш за год! — абурыўся беларускі лідар. — Дзе гаспадарскі падыход? Вось чаму яны больш за год прастойваюць? Грошы трацім на ўтрыманне, у гэты час людзі на чарзе стаяць».
Па словах Прэзідэнта, часта раней пабудаванае жыллё проста не рамантуецца. У выніку на сённяшні дзень 6 тысяч незаселеных памяшканняў мясцовыя ўлады прызналі непрыдатнымі для пражывання і плануюць знесці. «Як гэта, 6 тысяч непрыдатныя. Ніхто там не жыў ці не жыве?» — пацікавіўся беларускі лідар.
Прэм’ер-міністр патлумачыў, што гаворка ідзе пра старыя дамы. «Умоўна кажучы, стары дом, які прасцей знесці, чым рамантаваць для таго, каб камусьці ў ім жыць, — адзначыў Аляксандр Турчын, дадаўшы, што гэтыя дамы былі пабудаваныя не за кошт бюджэтных сродкаў. — Груба кажучы, гэта быў службовы калгасны дом. У 2016 годзе мы яго перавялі ў арэнднае жыллё, але яго стан такі, што яго рамантаваць проста бессэнсоўна. Сёння гэтым дамам па 40-50 гадоў».
«Па-рознаму бывае, — заўважыў беларускі лідар. — Часам гэтыя дамы... Можа і трэба зносіць старызну, гэта зразумела, якая раптам стала арэнднай. Але сёе-тое можна і адрамантаваць, да розуму давесці або прадаць».
Але ж і з новым жыллём былі пытанні, працягнуў Аляксандр Лукашэнка. «Не так даўно, пасля скаргаў, мы прынялі рашэнне аб максімальным скарачэнні тэрмінаў засялення новабудоўляў. Мясцовым органам улады гэты працэс варта ўзяць пад кантроль, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Пабудаваныя кватэры пуставаць не павінны. Крый вас, таварышы, Гасподзь, калі мне яшчэ хтосьці паскардзіцца, што дзесьці пабудавана жыллё і яно не заселена».
«Сістэмная недапрацоўка, якую трэба выправіць»
Трэцяе. «Выклікае здзіўленне цэнаўтварэнне і дысцыпліна разлікаў за арэндныя метры. У некаторых выпадках арэндная плата за жыллё ў абласных цэнтрах проста сімвалічная: 30 рублёў у месяц за двухпакаёвую кватэру. Што, багатыя? — іранічна заўважыў Прэзідэнт. — На гэтым фоне ёсць такі парадокс: пратэрмінаваная запазычанасць за арэнду і камунальныя паслугі агулам у краіне пераваліла за 20 мільёнаў рублёў. Даўжнікі гадамі працягваюць карыстацца арандаванымі квадратнымі метрамі. Капейкі каштуе, і гэта заплаціць не можам».
Вядома, сітуацыі бываюць розныя, заўважыў беларускі лідар. Часам чалавек трапіў у бяду, знаходзіцца ў цяжкім становішчы. «Яму, можа, і трэба дапамагчы. Але гэта ж не гадамі мы будзем дапамагаць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Зафіксаваныя Камітэтам дзяржкантролю факты і сумы сукупных даўгоў паказваюць, што тут нейкая сістэмная недапрацоўка, якую трэба выправіць».
«Такіх сітуацый быць не павінна»
Чацвёртае. Акрамя арэнднага, у краіне працягваецца будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай, камерцыйнага і індывідуальнага жылля, звярнуў увагу Прэзідэнт.
«Усе рашэнні, пра якія прасіў урад, аблвыканкамы, па гэтых пытаннях прынятыя. Як мне дакладваюць, тэмпы ўводу жылля ў першым паўгоддзі гэтага года знізіліся. Чым гэта можам растлумачыць? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — У сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках часам з’яўляюцца скаргі грамадзян на некампетэнтнасць мясцовых уладаў, бюракратычнае зацягванне банкаў пры выдачы жыллёвых крэдытаў і да таго падобнае. Такіх сітуацый быць не павінна. І тут урад павінен на ўсю катушку ўключыцца і рукі-ногі, прабачце за грубасць, паадрываць за падобныя рэчы. Не гледзячы на тое, банкі гэта ці нейкія бюракраты. Пытанні вельмі адчувальныя. Кожнае з іх хацелася б сёння абмеркаваць прадметна і прыняць рашэнні, каб мы больш на гэтую тэму не размаўлялі».
Кіраўнік дзяржавы адразу папярэдзіў дакладчыкаў: дакладваць коратка і па сутнасці.
«Не адмаўляемся ад механізму дзяржпадтрымкі»
Намеснік Прэм’р-міністра Аляксандр Церахаў далажыў на нарадзе аб перспектывах будаўніцтва жылля, у тым ліку арэнднага, як прыярытэтнага кірунку жыллёвай палітыкі ў краіне. «У апошнія гады асноўным кірункам вырашэння жыллёвага пытання грамадзян становіцца забеспячэнне іх арэндным жыллём», — паведаміў Аляксандр Церахаў.
Ён адзначыў, што менавіта гэтаму кірунку урадам па даручэнні Прэзідэнта ўдзяляецца асаблівая ўвага як найбольш перспектыўнаму. Гэта дазваляе на дзяржаўным узроўні сістэмна вырашаць не толькі кватэрнае пытанне грамадзян, што не маюць магчымасці набыцця ўласнага жылля, але і забяспечыць раўнамернасць развіцця рэгіёнаў шляхам будавання жылля там, дзе ёсць у ім запатрабаванасць.
Закранаючы пытанне аб’ёму будаўніцтва арэнднага жылля ў краіне, Аляксандр Церахаў расказаў, што ўжо сёлета ўвод такога жылля вырасце прыкладна ў паўтара раза і зраўняецца з аб’ёмамі будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай. «Калі гаварыць аб усім аб’ёме будаўніцтва жылля, то на 2026 год запланавана ўвесці 4 мільёна квадратных метраў па дзяржаўнай праграме, з яго не менш за 1,6 мільёна квадратных метраў — індывідуальнага. Як і прадугледжана, — не менш за 40 %. 650 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля, у тым ліку 135 тысяч квадратных метраў — для ваеннаслужачых, 645 тысяч квадратных метраў жылля з дзяржпадтрымкай».

Па словах намесніка Прэм’ер-міністра, на будаўніцтва арэнднага жылля прадугледжаны фінансавыя рэсурсы ў памеры 1,3 млрд рублёў, у тым ліку 1,1 млрд рублёў — рэспубліканскага бюджэту і арэндная плата, якая паступае за кошт пражывання ў гэтым жыллі. На сённяшні дзень гэтыя рэсурсы асвоены больш як на 70 %.
Разам з тым, адзначыў Аляксандр Церахаў, урадам арганізавана работа рэгіёнаў па фарміраванні абгрунтаваных планаў па будаўніцтве арэнднага жылля на 2027 год. Улічваецца не столькі колькасць жадаючых атрымаць арэнднае жыллё, як запатрабаванасць у кваліфікаваных кадрах, у тым ліку па рэалізуемых інвестыцыйных праектах, неабходнасць стварэння годных умоў пражывання для замацавання маладых спецыялістаў, якія прыбываюць на першае месца работы па размеркаванні, а таксама запатрабаванасць у такім жыллі ваеннаслужачых.
Як адзначыў Аляксандр Церахаў, па выніках дадзенай работы ў кожнай вобласці і ў горадзе Мінску сфарміраваныя пералікі канкрэтных жылых дамоў, у якіх будуць будавацца арэндныя жылыя памяшканні для розных катэгорый грамадзян.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што акцэнты скіраваны на малыя населеныя пункты з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек, доля будаўніцтва там павялічана амаль да паловы ад агульнага аб’ёму, а таксама на забеспячэнне такім жыллём маладых спецыялістаў і работнікаў сацыяльнай сферы. Забудова будзе ажыццяўляцца там, дзе ўжо ёсць сацыяльная інфрастуктура.
«У выніку ў 2027 годзе, у адпаведнасці са сфарміраванымі пералікамі, плануецца да будаўніцтва больш за 900 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. Улічваючы ўстойлівы запыт, наступнае павелічэнне прагназуемых аб’ёмаў уводу — да 1,2 мільёна квадратных метраў арэнднагажылля ў 2030 годзе».

Аляксандр Церахаў удакладніў, што ўсяго за пяцігодку запланавана ўвесці не менш за 5 млн м2 такога жылля. Ён звярнуў увагу на тое, што склаўся павышаны запыт на жыллё ва ўсіх рэгіёнах, таму тэндэнцыі нарошчвання аб’ёмаў арэнднага жылля будуць захаваны. «Пры гэтым цалкам не адмаўляемся ад механізму дзяржпадтрымкі, захоўвання сваіх абавязацельстваў перад шматдзетнымі сем’ямі і іншымі першачарговымі катэгорыямі грамадзян», — рэзюмаваў намеснік Прэм’ер-міністра.
Данііл Хмяльніцкі, Надзея ЗУЕВА
Фота БелТА
Даслоўна
«Развіццё арэнднага жылля — гэта трэнд, які сёння падтрымліваецца насельніцтвам»
У размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Аляксандр Церахаў расказаў, што жыллё застаецца ў прыярытэце развіцця краіны і асноўны акцэнт — на будаўніцтве арэнднага жыллёвага фонду.
«У 2026 годзе запланавалі і будуем у 1,5 раза больш арэнднага жыллёвага фонду чым летась. І гэты трэнд будзе павялічаны. За пяцігодку павінны пабудаваць больш за 5 мільёнаў квадратных метраў жылля», — адзначыў ён.
Віцэ-прэм’ер падзяліўся, што падчас нарады кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, на якасці такога жылля, а таксама запатрабаванасць, асабліва ў маладых спецыялістаў. «З гэта года прынятае рашэнне аб аснашчэнні арэнднага жылля мінімальным неабходным наборам тэхнікі і мэблі, напрыклад, убудаванай шафай», — падзяліўся Аляксандр Церахаў.
Па словах віцэ-прэм’ера, яшчэ адна з немалаважных тэм, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, — аплата арэнднага жылля.
«З павышэннем якасці будаўніцтва такога жылля, яго добраўпарадкаванасці аплата не можа заставацца на тым самым узроўні», — патлумачыў намеснік Прэм’ер-міністра.
Ён расказаў, што былі прапанаваны механізмы, распрацаваныя яшчэ ў 2014 годзе і якія працуюць з 2016 года, але патрабуюць тонкай даналадкі, зыходзячы з мясцовых умоў развіцця таго ці іншага рэгіёна.

Паводле слоў Аляксандра Церахава, развіццё арэнднага жылля — гэта той трэнд, які сёння падтрымліваецца насельніцтвам. «Мы бачым яго запатрабаванасць: у асобных рэгіёнах да 30 заяў на атрыманне канкрэтнага новага арэнднага жылля», — сказаў ён.
Журналісты спыталі ў віцэ-прэм’ера, якая формула існуе для налічэння арэнднай платы за такое жыллё. Аказваецца, формула простая, кожны можа знайсці яе ў інтэрнэце. Плата фарміруецца ў залежнасці ад прывязкі да базавай велічыні. «І лічыцца такім чынам, што 0,2 базавай велічыні, сёння гэта 9 рублёў за метр квадратны, памнажаецца на плошчу кватэры, — тлумачыць Аляксандр Церахаў. — Трэба ўлічваць і сістэму каэфіцыентаў — у залежнасці ад таго, дзе гэтая кватэра размяшчаецца. Кватэра, якая знаходзіцца ў сельскай мясцовасці мае каэфіцыент 0,1, у Мінску каэфіцыент вар’іруецца ад 0,5 да 1,5, у залежнасці ад раёна», — патлумачыў ён.
Як адзначыў Аляксандр Церахаў, памер аплаты за пабудаванае арэнднае жылля з мінімальным наборам тэхнікі і мэблі будзе павялічаны з 0,2 да 0,3 базавай велічыні. Ён таксама нагадаў, што ў краіне дзейнічае сістэма паніжаючых каэфіцыентаў для маладых спецыялістаў, дзяржслужачых і шэрагу запатрабаваных катэгорый работнікаў, вызначаныя выканкамамі, — каэфіцыент для іх, незалежна ад месцазнаходжання жылля, складае 0,1.
На нарадзе таксама абмяркоўвалася магчымасць выкупу арэнднага жылля, пабудаванага прадпрыемствамі для сваіх работнікаў. «Мы разглядалі гэтае пытанне якраз зыходзячы з неабходнасці замацавання кадраў на канкрэтных прадпрыемствах. Менавіта тое жыллё, якое будзе будавацца на прадпрыемствах», — адзначыў віцэ-прэм’ер.
Напрыклад, у адпаведнасці з наяўнымі планамі, сёлета прадпрыемствы пабудуюць для сваіх работнікаў каля 600 кватэр.
«Кіраўніком дзяржавы даручана, каб мы стварылі магчымасць ажыццяўляць выкуп гэтага арэнднага жылля пасля дасягнення вызначанага стажу працы. Дапусцім, 15, 20, 25 гадоў», — заявіў Аляксандр Церахаў.
«Прынята рашэнне дашліфаваць тыя механізмы, якія існавалі»
На нарадзе ў Прэзідэнта міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла далажыў аб мерах па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання арэнднага жылля. У размове з журналістамі ён адзначыў, што ў краіне з 2016 года засталося непрыватызаванае жыллё, якое перайшло ў разрад арэнднага. «Гэта стары жыллёвы фонд. Пабудавалі за гэты перыяд прыкладна 24,5 тысячы арэндных жыллёвых памяшканняў, а ўсяго іх — 165 тысяч. З гэтых арэндных жылых памяшканняў частка памяшканняў засталася безгаспадарчай. Сёння разглядалася пытанне аб уцягванні ў гаспадарчы абарот тых жыллёвых памяшканняў, старых, у сельскіх населеных пунктах, якія незапатрабаваныя насельніцтвам», — сказаў ён.
Па словах міністра, такіх жыллёвых памяшканняў, якія пустуюць больш за паўгода, больш за 15 тысяч. Ён таксама патлумачыў, што аблвыканкамамі распрацаваны планы мерапрыемстваў па прыцягненні ў гаспадарчы абарот пустуючых незаселеных жыллёвых памяшканняў. «Плануецца больш за 1,3 тысячы памяшканняў прыцягнуць у абарот. Больш за 2,5 тысячы жыллёвых памяшканняў неабходна адрамантаваць, каля 6 тысяч жылых памяшканняў неабходна знесці з-за незапатрабаванасці і зношанасці».
Падчас нарады таксама абмяркоўваліся пытанні жылых памяшканняў, якія неабходна рамантаваць і якія падлягаюць зносу. «Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову даць права мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, па рашэнні аблвыканкамаў, прадаваць іх за адну базавую, таксама існуюць механізмы па прыцягванні ў абарот на аўкцыён з паніжэннем цаны», — адзначыў Генадзь Трубіла.

Таксама прадугледжана магчымасць чалавека, які сам зрабіў рамонт у такім жыллі, засяляючыся ў яго, вызваляць ад арэнднай платы на тую суму, за якую зрабіў рамонт, патлумачыў міністр.
Як паведаміў Генадзь Трубіла, на нарадзе ў Прэзідэнта было прынята рашэнне дашліфаваць тыя механізмы, якія існавалі. А менавіта ўдасканаленне базы адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, дзе суб’ектамі гаспадарання і выканкамамі ўносяцца даныя аб незаселеных жылых памяшканнях.
«Мы абмеркавалі ўсе падыходы і бачым выразную карціну, як прыцягнуць у гаспадарчы абарот арэндныя жылыя памяшканні», — канстатаваў міністр ЖКГ.
Надзея ЗУЕВА