Top.Mail.Ru
208

Акцэнт на практычны вынік. Што відаць за «далёкай дугой»?

Беларусь — краіна з экспартна-арыентаванай эканомікай. Каля шасцідзесяці працэнтаў валавога ўнутранага прадукту пастаўляецца за мяжу. Гэтая лічба не сакрэт. Яе ведаюць і нашы заходнія нядобразычліўцы. Менавіта таму большасць з уведзеных у апошнія гады санкцый былі накіраваны на экспартаарыентаваныя прадпрыемствы «рэальнага сектара эканомікі». У 2022 годзе прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў выданні Al Arabіya ў частцы наступстваў для беларускай эканомікі так званых новых санкцый ацаніў патэнцыяльную шкоду экспарту ў памеры да 30 %. «З-за санкцый аказаўся заблакіраваны практычна ўвесь экспарт Беларусі ў краіны Еўрапейскага саюза, Украіны і Паўночнай Амерыкі — гэта, умоўна кажучы, сума, якая ў год складае каля 16–18 млрд долараў», — адзначыў прэм’ер.


Але песімістычным чаканням нашых нядобразычліўцаў не наканавана было спраўдзіцца. І заслуга ў гэтым, без усялякага перабольшання, усяго беларускага грамадства — ад кіраўніка дзяржавы, урада, вертыкалі ўлады да рабочага каля станка і камбайнера за рулём камбайна. Толькі за першыя два экспартныя таварныя патокі на суму звыш дзесяці мільярдаў долараў былі пераарыентаваны з ЕС і Украіны на рынкі Расіі, Кітая і дружалюбныя краіны Глабальнага Поўдня.

Аднак супакойвацца рана. Нездарма Аляксандр Лукашэнка заўсёды арыентуе кіраўнікоў і простых грамадзян на хуткі няпросты перыяд. І значную ролю тут адыгрывае эфектыўная прамысловая палітыка і экспартная стратэгія.

Менавіта таму кіраўнік дзяржавы паставіў перад беларускім урадам задачу па актывізацыі гандлёва-эканамічных і інвестыцыйных праектаў з «краінамі далёкай дугі».

На жаль, неспрыяльная знешняя кан’юнктура не дазволіла захаваць пазітыўную тэндэнцыю мінулага года, і ў 2025 годзе мэтавы паказчык па росце экспарту хоць і дасягнуў свайго максімальнага значэння ў доларавым вылічэнні, але быў ніжэйшы за тэмпы росту імпарту, што сфарміравала адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі з дэфіцытам у памеры мінус каля 1,3 млрд долараў. Праўда, дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што гэта адзіны макраэканамічны паказчык, па якім эканоміка не дасягнула планкі даведзенага задання ў мінулым годзе.

Таму лагічна, што Раман Галоўчанка ў складзе прадстаўнічай урадавай дэлегацыі адразу пасля падвядзення вынікаў за 2024 год наведаў з урадавым візітам Уганду і Катар, якія тэрытарыяльна знаходзяцца адпаведна ў перспектыўных рэгіёнах — кантынентальнай Афрыцы і Блізкім Усходзе.

Абедзве гэтыя краіны імкнуцца да дыверсіфікацыі сваіх эканомік і, як вынік, знешнеэканамічных сувязяў, разглядаючы Беларусь не толькі як палітычна дружалюбную, але і як краіну, якая мае ўласныя кампетэнцыі, з якой можна і трэба выбудоўваць раўнапраўныя, узаемавыгадныя эканамічныя адносіны. Адпаведна, у цэнтры пераўтварэнняў Катара стаіць яго стратэгія развіцця «Нацыянальнае бачанне Катара да 2030 года», а Уганды — «Праграма «Бачанне-2040».

Што датычыцца афрыканскага кантынента і Уганды ў прыватнасці, то Беларусь ужо даказала, што мае не толькі магчымасць прапаноўваць свае тавары на афрыканскі кантынент, але і адаптавала сваю маркетынгавую стратэгію пад сучасныя рэаліі і патрэбы сваіх патэнцыяльных краін-партнёраў. Нашы патэнцыяльныя партнёры хочуць, каб мы не проста ім прадалі прадукцыю, яны хочуць, каб гэта быў кантракт поўнага цыкла ў фармаце «BOО-кантракта» (англ. Buіld-Own-Operate), у рамках якога генпадрадчык не толькі ўзводзіць прамысловы аб’ект, але і забяспечвае яго камерцыйную эксплуатацыю на працягу ўсяго тэрміну службы. Як вынік традыцыйная экспартная мадэль вядзення бізнесу паступова саступае месца інвестыцыйнай мадэлі, якая актыўна заахвочваецца мясцовымі ўрадамі праз даванне максімальных ільгот і прэферэнцый замежным інвестарам.

У рамках візіту прэм’ер-міністра ў Катар бакі падкрэслілі гатоўнасць да актывізацыі кантактаў па ўсім спектры двухбаковага парадку дня, уключаючы прыцягненне інвестыцый у перспектыўныя тэхналогіі, уключаючы ІТ-сферу, пастаўку малочнай і іншай харчовай прадукцыі, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва, вывучэнне перспектыў сумеснай работы ў трэціх краінах.

Інвестыцыйнае беларуска-катарскае супрацоўніцтва займае асаблівае месца.

У адпаведнасці з нацыянальнай стратэгіяй развіцця «Нацыянальнае бачанне Катара да 2030 года», якая накіравана на скарачэнне залежнасці ад вуглевадародаў, галоўнай мэтай структурных рэформ, якія право-дзяцца, з’яўляецца развіццё не толькі рэгіянальных, але і глабальнага Цэнтра тэхналогій, прадпрымальніцтва і венчурнага капіталу. Катар паабяцаў праінвеставаць да 3,5 млрд долараў у развіццё перадавых тэхналогій у найбліжэйшыя некалькі гадоў. Суверэнны фонд Катара (QІA) запусціў ініцыятыву на 1 млрд долараў для падтрымкі стартапаў у сферы фінтэх, электроннай камерцыі і аховы здароўя. Падобна ўсім структурам фондаў, QІA інвестуе апасродкавана праз іншыя фонды венчурнага капіталу. Стратэгічныя прыярытэты краіны таксама адлюстроўваюцца ў стварэнні Qatar FіnTech Hub, акселератара і рэгулятарнай «пясочніцы» цэнтральнага банка Катара. Вялікія надзеі ўскладаюцца на тэхнапарк Qatar Scіence & Technology Park (QSTP), у якім ужо працуе больш за 50 стартапаў і міжнародных карпарацый. У 2023 годзе QSTP запусціў Tech Venture Fund аб’ёмам 100 млн долараў, арыентаваны перш за ўсё на пасяўныя раўнды.

У Беларусі практычна па ўсіх гэтых кірунках ёсць кампетэнцыі. Летась дэлегацыя кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх Тэхналогій ужо наведала Катар і, мяркуючы па водгуках у мясцовай прэсе, пакінула аб сабе пазітыўнае ўражанне. Справа за малым — рэалізаваць існуючы патэнцыял і дасягнутыя дамоўленасці ў выглядзе кантрактаў.

Падводзячы вынік, можна адзначыць, што работа ў цэлым на афрыканскім кантыненце — гэта, як ужо адзначалася вышэй, працэс «у доўгую», які патрабуе не толькі жадання і матывацыі, але і палітычнай падтрымкі і канкрэтных дзеянняў як з боку непасрэдна бізнесу, так і пасольстваў з іх наступным і няўхільным выкананнем і кантролем.

Георгій Грыц, кандыдат эканамічных навук

У тэму

Па вытворчасці малака на душу насельніцтва Беларусь апярэджвае такія еўрапейскія краіны, як Нідэрланды, Германія, Францыя, Вялікабрытанія. 

Сітуацыя, якая склалася, дазваляе не толькі падтрымліваць харчовую бяспеку краіны, але і штогод нарошчваць экспартны патэнцыял. «Мы ўжо не першы год працуем з дадзеным рэгіёнам, пастаўляем сухія малочныя прадукты. Нам цікава пашыраць асартымент. Мы можам даць усю лінейку „малочкі“. Акрамя таго, завяршылі акрэдытацыю на сертыфікат „Халяль“ і гатовы пастаўляць мясную прадукцыю. Пастаўкі ў Катар прадуктаў харчавання ў апошнія гады актыўна нарошчваюцца. Калі па выніках 2023-га гэта было каля 600 тыс. долараў, то ўжо па выніках 2024-га мы перавысілі 1 млн долараў. Ужо ёсць канкрэтныя дамоўленасці на пашырэнне паставак і асартыменту на 2025 год. Таму тут работа вядзецца, і, безумоўна, аб’ёмы экспарту будуць павялічвацца. Мы ставім задачу павялічваць пастаўкі ў разы. Што датычыцца харчавання, Беларусь разлічвае ў разы павялічыць яго пастаўкі ў Катар», — адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Вадзім Шагойка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю