Як адзначыла ў размове з журналістамі спікер, Аляксандр Лукашэнка заўсёды трапятліва адносіцца да пытанняў рэгіянальнага развіцця нашай краіны. «Гэта задача была пастаўлена і яшчэ раз сфармулявана і Усебеларускім народным сходам, і цяпер, калі мы працуем над Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026 — 2030 гады, — удакладніла Наталля Качанава. — Мы дакладна разумеем, што раўнамернае развіццё рэгіёнаў, рэгіянальная палітыка — гэта перш за ўсё».
У гэтай рабоце, па словах спікера, асаблівая ўвага ўдзяляецца кадравай палітыцы. «Законы аднолькавыя, умовы эканамічныя аднолькавыя — сітуацыя складваецца па-рознаму, — канстатавала яна. — Прэзідэнт падрабязна распытаў аб тым, як сёння працуюць кадры на месцах, якія сенатары бачаць пытанні ў кадравай палітыцы, наколькі эфектыўна вырашаюцца звароты, якія паступаюць да членаў Савета Рэспублікі. Гэта характарызуе эфектыўную работу кадраў на месцах».
Наталля Качанава падрабязна далажыла Прэзідэнту аб тым, як вырашаюцца гэтыя пытанні. «Як ажыццяўляецца падбор кадраў, як замацоўваюцца маладыя спецыялісты, якія прыязджаюць працаваць у рэгіёны, як сёння працуюць тыя кіраўнікі, якія займаюць адказныя пасады: такія, як старшыня гарвыканкама, старшыня раённага выканкама, нашы калегі-дэпутаты», — канкрэтызавала спікер.
Члены Савета Рэспублікі працягваюць ажыццяўляць маніторынг функцыянавання гандлёвых аб’ектаў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Аб гэтым таксама ішла размова падчас дакладу Прэзідэнту. «Маніторынгам ахоплена каля 700 гандлёвых аб’ектаў, 116 з іх — у сельскай мясцовасці, — праінфармавала Наталля Качанава. — Перш за ўсё мы робім акцэнт на наяўнасці гандлёвых аб’ектаў. Калі такіх няма, то гэта павінны быць аўтакрамы і людзі павінны мець магчымасць набыць якасны тавар у любым рэгіёне нашай краіны».
Другое, не менш важнае пытанне, на якое падчас маніторынгу звяртаюць увагу сенатары, — цэнаўтварэнне. «Задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, — справядлівая цана: людзі павінны набываць тавар не па завышаных цэнах, — удакладніла спікер. — І асартыментны пералік, што немалаважна. Вядома, мы звяртаем увагу на наяўнасць беларускіх тавараў у нашых крамах. Недапушчальна, калі, маючы столькі прадпрыемстваў, якія выпускаюць свае добрыя, якасныя прадукты харчавання, тавары народнага спажывання, часам мы не бачым іх у нашых крамах. Таму адбыўся падрабязны даклад па пытаннях гандлёвага забеспячэння ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны».
Вераніка КАНЮТА