Рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная» ў новым фармаце («моладзь — моладзі») прайшла ў Слонімскім дзяржаўным каледжы, перадае БелТА.
На сустрэчы сабралася некалькі дзясяткаў навучэнцаў каледжа. Як адзначылі хлопцы і дзяўчаты, якія ў будучыні будуць зваршчыкамі, тэма дыялогу ім вядомая. «Адзінства — тэма вельмі важная. Наш беларускі народ не павінен быць раз’яднаным, мы павінны быць дружныя, дапамагаць адно аднаму, ніколі паміж намі не павінна быць варожасці», — падзяліўся перад сустрэчай навучэнец каледжа Ілья Пачобут. Яго аднакурснік Аляксей Мінько дапоўніў: «Кожны народ павінен быць адзіным. Бо нават на бытавым узроўні: калі ўсе разам — і праца спорыцца, усё робіцца хутчэй і якасней. Калі мы ўсе разам, то і мір, і сяброўства ёсць. Гэта ж важна. Вельмі цікава, што з намі сёння будуць камунікаваць людзі прыкладна нашага ўзросту. Мы з імі на адной хвалі, думаю, што ад гэтага дыялог будзе яшчэ больш зразумелы, просты і цікавейшы».
- Сустрэча прайшла ў фармаце дыялогу, з цікавымі пытаннямі і развагамі, гістарычнымі фактамі і разважаннямі. Як адзначыў студэнт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Арцемій Мазура, які выступіў мадэратарам сустрэчы, яны хацелі данесці да хлопцаў і дзяўчат саму канцэпцыю адзінства. «У нас ёсць гістарычная адказнасць, мы павінны пераносіць вопыт гэты на сённяшні дзень. Калі мы разам будзем кожны працаваць на сваім месцы, гэта ў будучыні дазволіць Беларусі станавіцца яшчэ больш моцнай, згуртаванай, што будзе, натуральна, уплываць на наш агульны дабрабыт, — сказаў ён. — Мы выкарыстоўвалі вобразныя выразы, сюжэты, сімвалы і праз гэта перадавалі той жах, які перажылі нашы продкі ў часы, калі яны былі раз’яднаныя. Мы выкарыстоўвалі эмацыйны бок, спалучаючы яго з фактамі».
«Мы прыводзілі прыклад таго, што ў час, калі наша краіна была падзелена на дзве часткі, была забарона на выкарыстанне свайго, роднага, а гэта самае страшнае, што можа быць. Этнацыд, на мой погляд, стаіць нароўні з генацыдам. Калі ты не можаш выйсці на вуліцу і проста на роднай мове, мове сваёй маці сказаць простае „дзякуй“. Мы звяртаем увагу хлопцаў і дзяўчат на тое, што была такая жудасная з’ява, праз эмацыйнасць паказваем маладым людзям, што гэта непрымальна, — расказаў Арцемій Мазура. — Натуральна, прыводзім класічныя прыклады ў выглядзе Бярозы-Картузскай, гераізму нашых пісьменнікаў і проста герояў таго перыяду. Мы стараліся паказаць храналогію, прычынна-выніковую сувязь таго, што адбылося, і правесці паралелі. Мы хочам паказаць, што наша адзінства — гэта не толькі пра тыя падзеі, але і пра сённяшнюю стратэгію нашай дзяржавы».
Як адзначыла выкладчык БДЭУ Ірына Малюк, для яе быць у ролі мадэратара — вопыт асаблівы. «Гэта найперш пра тое, каб дапамагчы дзецям адчуць адзінства нашай краіны. Мы гаварылі, што Беларусь — гэта наш дом, гэта наша краіна, наша зямля тая, за якую змагаліся нашы продкі. І ў тым ліку гэта адказнасць і за будучыню. Мы ўсе абсалютна розныя, але мы адзіныя і гэта наша зямля. Спадзяюся, што кожны з маладых хлопцаў і дзяўчат панясе простую думку, якую мы хацелі данесці, што адзінства краіны пачынаецца з народа, а значыць — з кожнага з нас», — сказала яна
Як адзначыў удзельнік сустрэчы, навучэнец Слонімскага каледжа Максім Сас, сустрэча пакінула станоўчыя эмоцыі. «Мне вельмі спадабалася, спікеры гаварылі без штампаў. Гэта выклікала давер. Было вельмі шмат цікавых пытанняў. Спадабаўся прыём з яблыкам, на прыкладзе якога нам растлумачылі і паказалі цэласнасць, адзінства народа», — сказаў ён.
Вераніка Калюта пасля дыялогу адзначыла, што сустрэча была карыснай. «Мне вельмі спадабаўся фармат такога мерапрыемства. Тут можна выказаць сваё меркаванне, пагутарыць. І асабіста для сябе я стала лепш разумець каштоўнасці сям’і, народа і яго гісторыю. Адзінства вельмі важны момант для народа, дзякуючы якому ён у тым ліку можа самавыяўляцца», — сказала яна.
Сёння спікеры сустрэнуцца таксама з навучэнцамі Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа. Завершыцца акцыя «Беларусь адзіная» маштабным мерапрыемствам у Мінску 17 верасня.