Top.Mail.Ru
57

Акцыя «Лес! Дабро! Парадак!» стартавала ў Беларусі

У Беларусі 16 сакавіка стартавала рэспубліканская акцыя «Лес! Дабро! Парадак!». Першымі ў яе ўключыліся і падалі прыклад іншым работнікі апарату Міністэрства лясной гаспадаркі і арганізацый, якія ўваходзяць у яго сістэму, паведамляе БелТА.


Акцыя прадоўжыцца па 18 красавіка. Старт ёй далі на тэрыторыі комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС) у Івацэвіцкім доследным лясгасе. Там разам з работнікамі апарату Мінлясгаса працавалі прадстаўнікі рэспубліканскіх арганізацый — «Белдзяржпаляванне», «Беллесахова», рэдакцыя «Беларуская лясная газета». 

«Даём старт акцыі ў Брэсцкай вобласці, таму што ў Івацэвіцкім доследным лясгасе набліжаецца да завяршэння другая чарга пашырэння комплексу па вырошчванні пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. Гэта нам дазволіць вырошчваць дадаткова каля 2,5 млн сеянцаў з ЗКС. Наша акцыя прымеркавана да пяцігодкі якасці, якую аб’явіў кіраўнік дзяржавы. Пасадачны матэрыял з закрытай каранёвай сістэмай значна лепшы па сваёй якасці. Гэта ўплывае на прыжывальнасць», — растлумачыў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Андрэй Карась.

У Беларусі ў мінулым годзе атрымалі рэкордны аб’ём пасадачнага матэрыялу з ЗКС. Спецыялісты вырасцілі каля 38 млн сеянцаў. «Да 2030 года мы плануем каля 30 працэнтаў усіх лясных культур ствараць пасадачным матэрыялам з закрытай каранёвай сістэмай. Па мінулым годзе ў рэспубліцы стварылі каля 26 працэнтаў. Нарошчваем аб’ёмы, ствараем такія аб’екты», — адзначыў першы намеснік міністра.

Пераважна з ЗКС вырошчваюць сеянцы хвоі, елкі, пачалі ўводзіць лістоўніцу для замены ельнікаў, якія ўсыхаюць. «Пачалі вырошчваць даволі вялікі аб’ём цвердалістых парод (дуб). Спрабуем ствараць лесанасенныя плантацыі, каб збіраць насенне, гэта бук. З вязам пачынаем працаваць. Гэта ўсё пойдзе на замену яловых насаджэнняў», — расказаў Андрэй Карась.

У час акцыі «Лес! Дабро! Парадак!» беларусы могуць дапамагчы лясгасам у навядзенні парадку і добраўпарадкаванні ў лясным фондзе, у тым ліку месцах адпачынку, памятных знакаў, уздоўж дарог. Для гэтага ахвотным трэба звярнуцца ў лясніцтва або лясгас па інвентар і пасадачны матэрыял.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю