Рэспубліканская інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя МНС «Бяспечныя канікулы» стартуе ў Беларусі 15 мая, паведамілі БелТА ў МНС.
Галоўная мэта — нагадаць дарослым і дзецям пра каштоўнасць жыцця і неабходнасць выканання элементарных правілаў бяспекі, папярэдзіць пажары, трагедыі на вадзе і іншыя няшчасныя выпадкі.
З 15 мая па 31 жніўня ратавальнікі, актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, прадстаўнікі АСВОДа, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства аб’яднаюць намаганні, каб нагадаць: лета — час свабоды і прыгод, але менавіта ў гэты перыяд рэзка павялічваецца колькасць надзвычайных сітуацый.
Падчас акцыі будуць наведаны школы, дзіцячыя сады, прышкольныя і аздараўленчыя лагеры, а таксама праведзены маштабныя мерапрыемствы на адкрытых пляцоўках у парках забаў і адпачынку, у палацах культуры, кінатэатрах, гандлёва-забаўляльных цэнтрах і іншых папулярных сямейных лакацыях.