Яна пройдзе ў шасці гарадах, якія сёлета ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны». Сёння акцыя працягнецца ў Рэчыцы, 31 мая — у Слоніме, 1 чэрвеня — у Кобрыне, 6-га — у Слаўгарадзе. Завершыцца маштабны патрыятычны праект Міністэрства абароны 7 чэрвеня ў Смалявічах.
На пляцоўках гарадоў будуць выстаўлены танкі Т-34-85, якія сёлета ўдзельнічалі ў парадзе войск Мінскага гарнізона 9 Мая. Запланаваны выступленні ваенных аркестраў і кінолагаў са службовымі сабакамі, адбудзецца выстава стралковай зброі. Асабовы склад сіл спецыяльных аперацый прадставіць паказальныя выступленні з элементамі рукапашнага бою. Прадстаўнікі ваенных навучальных устаноў правядуць прафарыентацыйную работу.
— Акцыя «Марш Перамогі» праводзіцца з мэтай увекавечання гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, а таксама дзеля патрыятычнага выхавання насельніцтва, пачынаючы з самых юных беларусаў, — адзначае начальнік 2-га аддзела ўпраўлення інфармацыі Міністэрства абароны палкоўнік Аляксандр КІСЕЛЬ.
Сянно стала першым у маршруце «Марша Перамогі», дзе днямі сустракалі легендарныя танкі Т-34. Ваеннаслужачыя падрыхтавалі для жыхароў горада выставу ўзбраення і ваеннай тэхнікі, экіпіроўкі. Прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Беларусі і ваенных факультэтаў грамадзянскіх ВНУ расказалі гасцям мерапрыемства аб спецыяльнасцях і ўмовах паступлення ва ўстановы адукацыі краіны. Жыхары і госці горада не ўпусцілі моманту зрабіць фотаздымкі на фоне танкаў Т-34. Усе ахвотныя пачаставаліся смачнай салдацкай кашай і гарачай гарбатай.
Па словах намесніка начальніка Заслонаўскага гарнізона па ідэалагічнай рабоце палкоўніка Вячаслава АКАВІЦКАГА, акцыя стала маштабнай падзеяй. «Натуральна, яна прыцягнула ўвагу вялікай колькасці насельніцтва, у тым ліку дзяцей, — удакладняе ён. — Жыхарам была дадзена магчымасць не толькі ўбачыць танкі з экранаў тэлевізара або непасрэдна падчас парада, а і дакрануцца да легендарнай тэхнікі. Важнае мерапрыемства нагадвае аб мужнасці і самаахвярнасці нашых ветэранаў, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне. Гэта яшчэ і адказ на шматлікія спробы сказіць гісторыю. Сянно — той горад, дзе на першапачатковым этапе вайны разгортваліся жорсткія баі. Акрамя танкаў Перамогі, падчас акцыі была прадстаўлена і сучасная тэхніка — гэтым самым мы прадэманстравалі цяперашнія магчымасці нашых Узброеных Сіл».
Фота прэс-службы Мінабароны